Футбол: у першым матчы 1/4 фіналу чэмпіянату Мінскай вобласці «Колас» згуляў унічыю з капыльскім «Будаўніком»

Актуальное Спорт

Яшчэ за дзень да гэтай сустрэчы састаў нашай каманды ацэньваўся, як аптымальны, але потым высветлілася, што шэраг ключавых ігракоў (найперш цэнтральны паўабаронца Аляксандр Качаргін і цэнтральны абаронца Яўген Цэдрык) не змогуць выправіцца на выезд. Таксама праблемай для трэнерскага штабу чэрвеньцаў стала фактычная адсутнасць ігракоў для замены.

Тым не менш, “Колас” выйшаў на матч у баявым настроі, з рашучым жаданнем дамагчыся станоўчага выніку. Першыя хвіліны гульні паказалі, што “Будаўнік” – не такі ўжо і грозны сапернік, як здавалася. І нават прапушчаны з-за памылкі ў абароне мяч, які гаспадары поля забілі на 20-й хвіліне з пенальці, псіхалагічна не зламаў нашых футбалістаў. Аднавіць раўнавагу ў ліку ім удалося літаральна праз чатыры хвіліны. Гуляючага трэнера “Коласа” Аляксандра Мрынскага не па правілах спынілі ў штрафной пляцоўцы, і ён дакладна выканаў адзінаццацімятровы. А яшчэ праз чатыры хвіліны галкіперу “Будаўніка” давялося вымаць мяч з сеткі пасля трапнага дальняга ўдару капітана нашай каманды Дзмітрыя Чыстага.

Праўда, пераможныя для чэрвеньцаў лічбы на табло пратрымаліся зусім нядоўга. Ужо наступная атака гаспадароў поля, зноў жа пасля памылкі нашых абаронцаў, скончылася ўзяццем варот Арцёма Аўраменкі. І, усё ж, на перапынак каманды пайшлі з лікам 3:2 на карысць “Коласа”: гол-прыгажун дальнім ударам у “дзявятку” забіў Дзмітрый Чысты.

Пасля перапынку гульня працягвалася на сустрэчных курсах. У чэрвеньцаў было некалькі шанцаў забіць, але падвяла рэалізацыя. А вось “Будаўнік” у адной з атак здолеў адыграцца. Сустрэча скончылася ўнічыю – 3:3.

Чэрвеньцы правялі матч з “Будаўніком” у наступным саставе: Арцём Аўраменка, Юрый Весялоў, Ягор Філічонак, Аляксандр Данілік, Аляксандр Вярэніч, Павел Клімовіч, Аляксей Ганчарык, Ілья Казлоўскі, Яраслаў Шкурко, Дзмітрый Чысты і Аляксандр Мрынскі. На замену выйшаў Ігар Шмідаў.

Паўторны матч з “Будаўніком” пройдзе 8 лістапада ў Чэрвені і пачнецца ў 14 гадзін. Задача “Коласа” – не прайграць. Пры нічыйным выніку – 0:0, 1:1 або 2:2 – у фінал за кошт большай колькасці мячоў, забітых у гасцях, пройдзе наша каманда. Натуральна, што тое ж адбудзецца, калі чэрвеньцы перамогуць з любым лікам.
Адным словам, прыходзьце на стадыён 8 лістапада падтрымаць “Колас”. Будзе горача і цікава!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *