Футбол: «Колас» выйшаў у паўфінал чэмпіянату вобласці

Актуальное Спорт

У чвэрцьфінале наша каманда двойчы згуляла з капыльскім «Будаўніком». Першая сустрэча каманд прайшла ў Капылі і скончылася ўнічыю – 3:3. Такі вынік даваў нашым футбалістам неблагія шанцы на перамогу па суме дзвюх гульняў.

Пачатак матчу ў адказ, які адбыўся 8 лістапада ў Чэрвені, склаўся для “Коласа” найлепшым чынам. Ужо на першай яго хвіліне паўабаронца чэрвеньцаў Андрэй Півульскі перайграў аднаго з абаронцаў гасцей і перакінуў мяч праз галкіпера ў вароты – 1:0.

Цяпер “Будаўніку”, каб прайсці ў паўфінал, трэба было забіваць два мячы. Але нашы футбалісты, акрыленыя поспехам, працягвалі ціск на вароты саперніка, не даючы яму асаблівых магчымасцяў контратакаваць. Калі б “Колас” рэалізаваў хаця б пару галявых момантаў, якія раз-пораз узнікалі ля варот капылян у першай палове тайма, пытанне аб тым, хто працягне барацьбу за медалі чэмпіянату, было б вырашана яшчэ да перапынку. Але здарылася інакш.

На 30-й хвіліне матча, падчас адной з нешматлікіх атак “Будаўніка”, суддзя палічыў, што чэрвеньцы парушылі правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы і прызначыў пенальці, які госці рэалізавалі. Так лік стаў 1:1. І нават гол Аляксандра Мрынскага, які ён забіў незадоўга да перапынку, зноў вывеўшы “Колас” наперад, не абяцаў нашым спакойнага жыцця, бо была яшчэ другая палова гульні.

Хваляванні аказаліся небеспадстаўнымі. Неўзабаве пасля пачатку другога тайму госці зноў параўналі лік. І цяпер ужо ў “Будаўніка” з’явіліся рэальныя шанцы выбіць “Колас” з барацьбы за чэмпіёнства. Капылянам заставалася забіць яшчэ адзін мяч і не прапусціць. Чэрвеньцаў жа задавальняла і нічыя 2:2, паколькі яны забілі тры мячы на чужым полі.

 

Дзякуй Богу, наша каманда не схібіла ў абароне. А другі ў сустрэчы гол Аляксандра Мрынскага, які ён забіў ужо ў дададзеную да асноўнага часу хвіліну, зрабіўшы лік 3:2 (6:5 па суме двух матчаў) на карысць “Коласа”, паказаў, хто на полі гаспадар, і хто на дадзены момант мацнейшы.

У паўфінале» Колас” згуляе з барысаўскай “Гайнай”. Першы матч наша каманда правядзе 15 лістапада ў Барысаве, паўторны – 22 лістапада ў Чэрвені.

«КОЛАС» (Чэрвень) — «БУДАЎНІК» (Капыль) — 3:2.
8 лістапада. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. Воблачна. 8 градусаў. 50 гледачоў.
«Колас»: Курыловіч, Весялоў, Цэдрык, Данілік, Болбас, Клімовіч (Кійко, 83), Ганчарык, Качаргін, Казлоўскі (Гумінскі, 68), Півульскі (Чысты, 75), Мрынскі.
Галы ў «Коласа»: Півульскі (1), Мрынскі (42, 90+1).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *