Футбол: «Колас» саступіў у гасцях барысаўскай «Гайне»

Актуальное Спорт

15 лістапада футбалісты чэрвеньскага “Коласа” правялі  першы паўфінальны матч чэмпіянату Мінскай вобласці. У Барысаве наша каманда сустрэлася з мясцовай “Гайнай”.

У адрозненне ад пераможнага хатняга чвэрцьфінальнага матча з капыльскім “Будаўніком”, састаў “Коласа” практычна не памяняўся, акрамя пазіцыі галкіпера: замест Аляксандра Курыловіча месца ў варотах заняў Арцём Аўраменка.

З першых хвілін сустрэчы гульнявую ініцыятыву захапілі барысаўчане. Галкіперу Арцёму Аўраменку неаднойчы даводзілася ліквідаваць небяспечныя моманты ля сваіх варот. Але на 21-й хвіліне матча “Гайне” ўдалося адкрыць лік. Да перапынку характар гульні не змяніўся: гаспадары поля атакавалі, чэрвеньцы абараняліся. І ўжо на дададзенай да часу першага тайма хвіліне “Колас” яшчэ раз прапусціў – 0:2.

У пачатку другога тайма нашы футбалісты здолелі скараціць разрыў у ліку: з перадачы Максіма Гумінскага, які ў першым тайме замяніў Яўгена Цэдрыка, забіў Аляксандр Мрынскі. Пасля гэтага яшчэ на працягу пятнаццаці хвілін “Колас” амаль што не выпускаў ігракоў “Гайны” з іх паловы поля. Пазней гульня выраўнялася. Пад заслону сустрэчы чэрвеньцы мелі шанц дамагчыся нічыёй, але пасля ўдару Антона Кійко барысаўчан выратаваў галкіпер.

Паражэнне з лікам 1:2 пакінула нашай камандзе неблагія шанцы на выхад у фінал чэмпіянату па суме дзвюх сустрэч. Для гэтага “Коласу” дастаткова выйграць у “Гайны” на сваім полі з лікам 1:0. Калі ж барысаўчане заб’юць адзін мяч, а чэрвеньцы два, то будзе прызначаны дадатковы час, а пры неабходнасці – пенальці. У астатніх выпадках нашай камандзе, каб прадоўжыць барацьбу за чэмпіёнства, трэба будзе перамагаць сапернікаў з розніцай не менш, як у два мячы.

Паўторны паўфінальны матч з “Гайнай” “Колас” правядзе ў нядзелю, 22 лістапада, у Чэрвені. Гульня пачнецца ў 14 гадзін.

І, увага! У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй балельшчыкі змогуць прайсці на стадыён толькі праз цэнтральны ўваход. Таксама будзе арганізавана рассадка на трыбунах на бяспечнай адлегласці, пры сабе неабходна мець ахоўныя маскі.

«ГАЙНА» (Барысаў) — «КОЛАС» (Чэрвень) — 2:1.
15 лістапада. Барысаў. Гарадскі стадыён. Воблачна. 5 градусаў.
«Колас»: Аўраменка, Весялоў, Цэдрык (Гумінскі, 23), Данілік, Болбас, Клімовіч (Кійко, 65), Ганчарык, Качаргін, Казлоўскі, Півульскі (Чысты, 46), Мрынскі.
Гол у «Коласа»: Мрынскі (47)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *