Футбол: чэрвеньскі «Колас» выйшаў у фінал чэмпіянату Мінскай вобласці

Актуальное Спорт

У нядзелю футбалісты “Коласа” правялі ў Чэрвені другі паўфінальны матч чэмпіянату Мінскай вобласці з барысаўскай “Гайнай”. Першая сустрэча паміж камандамі, якая праходзіла ў Барысаве, скончылася перамогай гаспадароў поля 2:1. Аднак “Колас” падаў пратэст на яе вынік у Федэрацыю футбола Мінскай вобласці, бо ў барысаўчан на поле выйшаў футбаліст, які, паводле рэгламенту спаборніцтваў, не павінен быў гуляць.  Кантрольна-дысцыплінарны камітэт федэрацыі пратэст задаволіў і залічыў “ГАйне” тэхнічнае паражэнне з лікам 0:3.

Напярэдадні другога матча нядобразычліўцы наракалі на тое, што чэрвеньцы атрымалі перамогу на паперы, а не на полі. Але “Колас” бліскуча правёў хатнюю гульню і даказаў, хто мацнейшы, ушчэнт разграміўшы “Гайну”.

Нашы футбалісты з першых хвілін пайшлі на вароты барысаўчан і неаднойчы маглі вызначыцца. Затым госці здолелі на непрацяглы час перахапіць ініцыятыву. Бадай, самым драматычным у матчы стаў эпізод, калі галкіпер “Коласа” Арцём Аўраменка падчас атакі “Гайны” здолеў адбіць адразу тры ўдары. Яго надзейная гульня на апошнім рубяжы дадала настрою нашай камандзе, і неўзабаве чэрвеньцы адкрылі лік: на 21-й хвіліне Аляксандра Мрынскага не па правілах атакавалі ў штрафной пляцоўцы і ён рэалізаваў прызначаны ў вароты каманды з Барысава пенальці. А яшчэ праз дзве хвіліны лепшы бамбардзір “Коласа” і ўсяго чэмпіянату вобласці паўдзельнічаў у атацы, якая прывяла да яшчэ аднаго гола. Галкіпер “Гайны” адбіў удар Аляксандра Мрынскага, але пасля адскоку мяча Дзмітрый Чысты скіраваў яго ў сетку – 2:0.

Пасля перапынку чэрвеньцы ўчынілі барысаўчанам сапраўдны разгром. Спачатку навясную перадачу Дзмітрыя Чыстага са штрафнога замкнуў Павел Клімовіч, затым вызначыліся Аляксандр Мрынскі і Ілья Казлоўскі.

Такім чынам, “Колас” перамог “Гайну” 5:0, а па суме дзвюх сустрэч – 8:0 і выйшаў у фінал чэмпіянату.  

У другім паўфінале “Клецк” па суме дзвюх сустрэч адолеў каманду “Партызан” з Салігорска (3:0 – перамога дома і 0:2 – паражэнне ў гасцях).

Фінальны матч, у якім “Колас” згуляе з Клецкам,  пройдзе ў суботу, 28 лістапада, на стадыёне “Азёрны” ў Смалявічах і пачнецца ў 14 гадзін.

«КОЛАС» (Чэрвень) — «ГАЙНА» (Барысаў) — 5:0.
22 лістапада. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. Воблачна. 3 градусы.
«Колас»: Аўраменка, Гумінскі, Вярэніч, Болбас, Клімовіч (Грабянок, 62), Ганчарык, Качаргін (Півульскі, 57), Казлоўскі, Шкурко, Чысты (Шафераў, 70), Мрынскі.
Галы ў «Коласа»: Мрынскі (21 — з пенальці, 61), Чысты (23), Клімовіч (57), Казлоўскі (71).

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *