Футбол: чэрвеньскі «Колас» стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Мінскай вобласці

Актуальное Спорт

У суботу футбалісты чэрвеньскага “Коласа” правялі на стадыёне “Азёрны” ў Смалявічах фінальны матч чэмпіянату Мінскай вобласці. Іх сапернікам была каманда “Клецк”.

Ад пачатку гульні чэрвеньцы валодалі ініцыятывай, аднак бліжэй да сярэдзіны першага тайма прапусцілі дзве выніковыя контратакі сапернікаў. На 18-й хвіліне галкіпер “Коласа” Арцём Аўраменка, ратуючы свае вароты,  парушыў правілы ў штрафной пляцоўцы, і “Клецк” рэалізаваў пенальці. А літаральна праз некалькі хвілін апаненты чэрвеньцаў вызначыліся ў другі раз.

У пачатку другога тайма наша каманда прыціснула кляччан да варот і на 50-й хвіліне Аляксандар МрЫнскі скараціў разрыў у ліку – 1:2. Здавалася, што “Коласу” ўдасца змяніць ход сустрэчы на сваю карысць. Аднак ужо праз чатыры хвіліны адна з нешматлікіх контратак “Клецка” скончылася другім пенальці ў нашы вароты, які, як і першы, быў рэалізаваны.

У далейшым чэрвеньцам нічога не заставалася, як ісці вялікімі сіламі наперад, аслабіўшы абарону. Забіць, на жаль, не ўдалося. А незадоўга да фінальнага свістка чацвёрты мяч уляцеў у нашы вароты…

Такім чынам, “Клецк” перамог “Колас” з лікам 4:1 і стаў чэмпіёнам вобласці. У нашых футбалістаў – сярэбраныя медалі, што таксама можна лічыць адметным дасягненнем.

Акрамя таго, гуляючы трэнер чэрвеньцаў Аляксандр Мрынскі атрымаў прыз лепшага бамбардзіра чэмпіянату. На яго рахунку – 27 забітых мячоў. Прыз лепшага іграка каманды ад Федэрацыі футбола Мінскай вобласці ўручылі Дзмітрыю Чыстаму.

«КОЛАС» (Чэрвень) — «КЛЕЦК» — 1:4.
28 лістапада. Смалявічы. Стадыён «Азёрны». Воблачна. 0 градусаў.
«Колас»: Аўраменка (Курыловіч, 88), Болбас, Качаргін (Шафераў, 88), Вярэніч, Данілік (Гумінскі, 64), Клімовіч (Півульскі, 46), Ганчарык (Весялоў, 46), Шкурко, Чысты (Шмідаў, 88), Казлоўскі, Мрынскі.
Гол у «Коласа»: Мрынскі (50).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *