Дарога не даруе абыякавасці: карэспандэнт «Раённага весніка» паўдзельнічаў у рэйдзе ДАІ

Актуальное Безопасность Общество

Восень і зіма – найбольш складаны перыяд для руху пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў гужавога транспарту. Статыстыка сведчыць, што менавіта ў гэты час доля дарожна-транспартных здарэнняў з іх удзелам дасягае 60-70 працэнтаў ад агульнай колькасці аўтааварый. Яно і не дзіва: кароткі светлавы дзень, туманы, дождж і мокры снег пагаршаюць бачнасць на дарогах. Да ўсяго дадаецца бестурботнасць і неабачлівасць пешых удзельнікаў дарожнага руху. Веласіпедысты таксама не вызначаюцца дысцыплінаванасцю.

Разам з інспектарамі дарожна-патрульнай службы капітанамі міліцыі Ігарам Чарновым і Сяргеем Бурым выпраўляемся ў шлях на змярканні. Пакуль выязджаем з Чэрвеня праз Натальеўск, цямнее на вачах. Супрацоўнікі ДАІ распавядаюць, што з пачатку года на дарогах раёна адбылося восем дарожна-транспартных здарэнняў з  удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў. Пяць чалавек загінулі і тры атрымалі траўмы. Сярод асноўных прычын, якія прывялі да трагедый – адсутнасць на вопратцы пешаходаў пры руху ў цёмны час сутак святловяртальных элементаў.

– У цемры вадзіцель бачыць толькі тую частку дарогі, якая асветлена фарамі аўтамабіля, – тлумачыць Ігар Чарноў. – Пры гэтым ўспрыманне вокам светлавых кантрастаў становіцца горшым, чым пры дзённым святле. Таму цяжэй заўважыць пешаходаў, веласіпедыстаў і гужавы транспарт. А ў туман, дождж, снег невыразная фігура чалавека цалкам зліваецца з цемрай, і з месца вадзіцеля становіцца практычна нябачнай…

– А вось і першыя парушальнікі, – перарывае калегу Сяргей Буры.

Спыняемся ля мужчыны і жанчыны, якія стаяць проста пад мостам праз магілёўскую шашу ля Натальеўска. Высвятляецца, што яны вырашылі дабрацца аўтаспынам да Валевачоў. Пра ўласную бяспеку, натуральна, не паклапаціліся – флікерамі сябе не пазначылі. Пасля прафілактычнай гутаркі і вуснага папярэджання супрацоўнікі ДАІ прымацоўваюць да вопраткі і заплечнікаў пешаходаў святловяртальныя элементы з пажаданням паспяхова, а, галоўнае, бяспечна дабрацца на пункта прызначэння.

Мужчына і жанчына ў святле фар міліцэйскай машыны зіхацяць, бы навагоднія ёлкі. А мы кіруемся ў Смілавічы, запавольваючы рух пры пад’ездзе да пешаходных пераходаў праз ажыўленую “магілёўку” і абмяркоўваючы не заўсёды дысцыплінаваныя паводзіны пешаходаў.

 –Перш, чым пачаць пераходзіць праезную частку нават па пешаходнаму пераходу, пешаход абавязаны пераканацца, што выхад на дарогу для яго бяспечны, – кажа Сяргей Буры. – Але нярэдка гэтая катэгорыя ўдзельнікаў дарожнага руху стварае аварыйныя сітуацыі, падвяргаючы небяспецы вадзіцеляў і пасажыраў. Часам пешаходы проста ідуць па кароткаму шляху да бліжэйшага прыпынку, лавіруючы паміж аўтамабілямі, якія рухаюцца на хуткасці. Пры гэтым пешаходны пераход можа знаходзіцца побач. Таму вадзіцелям трэба быць вельмі ўважлівымі пры праездзе па слаба асветленых або неасветленых участках дарог паблізу населеных пунктаў. Менавіта там найбольш высокая верагоднасць з’яўлення пешаходаў на праезнай частцы…

Перш, чым завітаць у гарадскі пасёлак, аб’язджаем некалькі навакольных вёсак – Заполле, Карзуны, Кулікі. Нешматлікія пешаходы, што трапляюцца па шляху, пабліскваюць флікерамі на рукавах куртак і сумках. І гэта не можа не радаваць.

– Найчасцей не пазначаюць сябе святловяртальнымі элементамі ў цемры нецвярозыя пешаходы, – заўважае Ігар Чарноў. – Напрыклад, з чатырнаццаці пешаходаў, на якіх мы аформілі пратаколы за гэты тыдзень, дванаццаць былі п’яныя…

Пацвярджэнне словам інспектара знайшлося неўзабаве, падчас аб’езду Смілавічаў. У цэнтры гарадскога пасёлка нашу ўвагу прыцягнуў мужчына без флікера, якога злёгку пакачвала. Тэст на алкаголь пацвердзіў здагадкі. На пешахода склалі адміністрацыйны пратакол і “навесілі” флікеры.

Падчас рэйду мы не сустрэлі парушальнікаў-веласіпедыстаў. Але, калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю патэлефанавалі з Дзяржаўтаінспекцыі і распавялі, што літаральна наступным вечарам супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы спачатку абклеілі святловяртальнымі стужкамі веласіпед мужчыны, які ехаў непазначаным па вуліцы Перамогі ў Чэрвені.

А праз гадзіну ім давялося выязджаць па выкліку ў Лядзенскі сельсавет. Тут, на дарозе “Чэрвень-Якшыцы” ля вёскі Прамень, аўтамашына зачапіла веласіпедыста, які ў нецвярозым стане ехаў пасярэдзіне шашы насустрач. Толькі дзякуючы своечасовай рэакцыі вадзіцеля і шчасліваму выпадку, удалося пазбегнуць трагічных наступстваў. З мужчынам усё у парадку. Што сталася з веласіпедам – бачна на здымку.

А ўвогуле гэтая гісторыя – хутчэй выключэнне з правілаў. У большасці выпадкаў дарога не даруе абыякавасці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *