Амаль па 100 цэнтнераў зерня кукурузы з гектара намалочваюць у філіяле “Агра-Бокс” СП “Унібокс”

Аграрный сектор Актуальное

Паводле звестак упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама на 4 лістапада, гэты від работ выкананы на 1290 гектарах, што складае 56 працэнтаў ад плана. Валавы збор зерня складае 10 тысяч 249 тон пры сярэдняй ураджайнасці 79 цэнтнераў з гектара.

У філіяле “Агра-Бокс” сумеснага прадпрыемства “Унібокс” у сярэднім з гектара намалочваюць па 98 цэнтнераў зерня кукурузы – больш за ўсіх у раёне.

– Сёлета мы вырошчвалі некалькі гібрыдных гатункаў кукурузы на 535 гектарах. Найбольш парадавалі нямецкія “Амарок”, “Рыкардзіньо”, “Корынт”, украінскі “Шаян”, – распавядае аграном-насеннявод гаспадаркі Наталля Сахончык. – Нарыхтавалі 10 тысяч тон кукурузнага сіласу з 320 гектараў, цалкам забяспечыўшы патрэбы ў ім філіяла “Агра-Бокс Заатэх”, і  215 – пакінулі на зерне.

Камбайнер Сяргей Шчурок і вадзіцель на адвозцы зерня кукурузы Станіслаў Папельскі

На добрую ўраджайнасць кукурузы паўплывала строгае выкананне тэхналогіі яе вырошчвання. У прыватнасці, унеслі на палеткі арганіку з разліку 100 тон на гектар, а таксама поўны комплекс мінеральных угнаенняў. Да ўсходаў правялі апрацоўку пасеваў глебавым гербіцыдам супраць пустазелля…

Аператар зернесушыльнага комплексу Анатоль Кабанчук

Большая частка намалочанага ўжо зерня кукурузы пайшла ў гаспадарцы на прыгатаванне “фірменнай стравы” для дойнага статка жывёлагадоўчага філіяла – кукурузнай пасты. Дарэчы, тэхналогію яе вытворчасці тут калісьці асвоілі першымі ў Беларусі.

Здробненае зерне трамбуюць і накрываюць некалькімі слаямі плёнкі. Плюс у тым, што не трэба несці выдаткі на яго высушванне. А паста, якую дадаюць у кармасумесь, выдатна засвойваецца жывёлай.

Аграном-насеннявод Наталля Сахончык

– Сёлета нарыхтавалі такім чынам 1300 тон пасты, – кажа Наталля Сахончык. – Гэта – чатыры траншэі. Больш проста няма куды класці, ды і назапашанай колькасці хопіць жывёле гады на два. Таму астатняе зерне кукурузы высушваем. Працуюць дзве сушылкі, прадукцыйнасцю па 20 тон у суткі. На жаль, гэта замаруджвае тэмпы ўборкі, бо зерне мае павышаную вільготнасць. Сушылкі пры сённяшняй ураджайнасці проста не справяцца з тымі аб’ёмамі, якія могуць намалаціць за дзень камбайны. Але ўбіраць засталося не так і ўжо шмат – каля 50 гектараў.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *