Алег ЕЛІН: «Лечым хворых на COVID-19 па сусветных стандартах»

Актуальное Здоровье Общество

Праблема COVID-19 не губляе сваёй актуальнасці. Пасля адноснага зацішша ў летні перыяд восенню прыйшла другая хваля эпідэміі. Чым яна адрозніваецца ад першай? Што рабіць, калі з’явіліся сімптомы каранавіруснай інфекцыі? Якім павінен быць паказчык насычэння крыві кіслародам? Пра гэта і многае іншае карэспандэнт «Раённага весніка» пагутарыў з загадчыкам інфекцыйнага аддзялення Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы Алегам ЕЛІНЫМ.

— Алег Яфрэмавіч, сёлета ў ліпені ў інтэрв’ю “Раённаму весніку” Вы паведамлялі, што падчас першай хвалі каранавірусу праз інфекцыйнае аддзяленне нашай бальніцы прайшло 160 пацыентаў, хворых на COVID-19. Як змянілася гэтая лічба за перыяд, што мінуў?

– Агульная колькасць вылечаных з пачатку эпідэміі наблізілася да 300 чалавек.

– Ці сапраўды ўлетку сітуацыя была больш спакойнай?

– Так. Дзесьці з сярэдзіны ліпеня да сярэдзіны верасня ў нас рэгістраваліся адзінкавыя выпадкі шпіталізацыі хворых на COVID-19.

– А чым адрозніваецца другая хваля эпідэміі ад першай?

– У нас з’явіліся пацыенты з выкліканымі COVID-19 інфарктам міякарда, інсультам. Раней такога не назіралася. Што да пнеўманій, то іх колькасць засталася прыкладна ранейшай.

– Як адбываецца лячэнне хворых на каранавірус?

– Нашы пацыенты – пераважна тыя, каму пастаўлены дыягназ “пнеўманія”, ці ёсць падазрэнне на яе. Лёгкія формы мы лечым амбулаторна. Калі пацыент цяжкі і мае патрэбу ў падачы кіслароду, шпіталізуем яго ў стацыянар. Астатніх адпраўляем пераважна ў Мінскі абласны супрацьтуберкулёзны дыспансер.

– Куды яшчэ шпіталізуюць жыхароў нашага раёна?

– Тэарэтычна такі пацыент можа трапіць у любую ўстанову аховы здароўя Мінскай вобласці пры наяўнасці там вольных ложкаў. Але пакуль пацыентаў, якія маюць патрэбу ў кіслародзе, удаецца пакінуць на месцы і аказаць дапамогу тут. Здаралася, што ў супрацьтуберкулёзным дыспансеры не было месцаў, і ў нас не было. Але ў той жа дзень яны знаходзіліся ў іншых гарадах. Гэта можа быць Барысаў, Маладзечна, Мар’іна Горка.  У вобласці ёсць спецыялізаваны цэнтр медыцынскай дапамогі. Пры патрэбе я тэлефаную дзяжурнаму ўрачу і ён кажа, дзе ёсць вольныя месцы. А яны ёсць заўсёды. Калі іх становіцца крытычна мала, то адкрываюцца новыя аддзяленні.

– Чалавек адчуў недамаганне, падскочыла тэмпература, знікла адчуванне паху. Што рабіць?

– Хворы можа сам прыйсці на прыём у паліклініку. Для тых, у каго ёсць тэмпература, выдзелены адмысловы кабінет з асобным уваходам з вуліцы. Таксама можна выклікаць урача на дом. Ён зробіць агляд, калі ёсць падазрэнне на каранавірус – праверыць сатурацыю (насычэнне крыві кіслародам) з дапамогай спецыяльнага прыбора – пульсаксіметра. Гэты прыбор паказвае эфектыўнасць функцыянавання лёгкіх…
Давайце палец. О, у Вас сатурацыя 99. Гэта вельмі добры паказчык, у доктара такой сатурацыі ніколі не было. Журналісты – здаровыя людзі (смяецца).

– А які паказчык дрэнны?

– Менш за 95. Калі сатурацыя вышэй за 95, гэта сведчыць пра тое, што лёгкія спраўляюцца са сваёй функцыяй.
Дык вось, пасля праверкі сатурацыі ўрач прымае рашэнне: або пацыент будзе лячыцца амбулаторна, або яму трэба прызначаць дадатковыя даследаванні. Напрыклад, рэнтгенаграму лёгкіх, калі ёсць падазрэнне на пнеўманію. Калі пацвярджаецца пнеўманія, ці існуюць іншыя ўскладненні, то з маім удзелам прымаецца рашэнне аб шпіталізацыі.

– На якім этапе робіцца тэст на каранавірус?

– На любым. Увогуле, калі чалавек кажа доктару, што ён кантактаваў з хворым на каранавірус, або ёсць пацверджаны дыягназ у сям’і, то тэст робіцца адразу. Найчасцей гэтым займаюцца так званыя кавідныя брыгады. Яны назіраюць пацыентаў з COVID-19, аглядаюць іх на даму. У залежнасці ад эпідэмічнай сітуацыі колькасць медыкаў у такой
брыгадзе можа даходзіць да дваццаці чалавек.

– Шпіталізацыя адбываецца так, як паказваюць па тэлебачанні і ў інтэрнэце? Хворага змяшчаюць у спецыяльны бокс?

– Не. Бокс гэты вельмі дарагі, каштуе некалькі дзясяткаў тысяч долараў. Ды і патрэбы асаблівай у ім няма, паколькі каранавірусная інфекцыя мае ўжо досыць вялікае распаўсюджванне. А вось медыкі і вадзіцель у брыгадзе экіпіраваныя ў спецыяльныя касцюмы.

– Колькі ў сярэднім пацыент з COVID-19 знаходзіцца ў аддзяленні на шпіталізацыі?

– Як правіла, пры пнеўманіі сярэдняй ступені цяжкасці – каля 10 дзён.

– Раней лічылася, што найчасцей хварэюць на каранавірус людзі сталага веку, але, кажуць, апошнім часам ён пачаў добра “чапляцца” і да маладых…

– …Выпадкі бываюць розныя. Часам хварэе і моладзь, нават цяжка. Але ў такіх людзей, як высвятляецца, ёсць спадарожная паталогія. А ў цэлым нашы пацыенты – пажылыя. Цяжка працякае каранавірус у тых з іх, хто мае хранічныя захворванні: цукровы дыябет, гіпертанію, парушэнне сардэчнага рытму, атлусценне.

– Зноў  жа прыгадаю інтэрв’ю нашай газеце, якое Вы давалі ў ліпені. У ім прагучала, што ніводзін работнік інфекцыйнага аддзялення не захварэў на каранавірус…

– … Дзякуй Богу, ніхто не захварэў на працы і па сёння.

– Але ж не сакрэт, што ў нашай раённай бальніцы перахварэла на каранавірус шмат работнікаў. З чым гэта звязана?

– Найперш, з тым, што яны такія ж людзі, як і ўсе: таксама ходзяць у магазіны, банкі, кантактуюць са сваякамі. Як правіла, гэта бытавы шлях заражэння.

– Алег Яфрэмавіч, няўзброеным вокам відно, што пасля першай хвалі COVID-19 многія расслабіліся. Зараз не толькі на вуліцы, але і ў месцах масавага знаходжання мала каго пабачыш у масцы. Ці адчулі Вы на сваёй працы наступствы такога расслаблення?

– Тое, што людзі не носяць маскі, мяне, безумоўна, засмучае. Калі б усе хадзілі ў масках і не збіраліся ў вялікай колькасці разам у зачыненых памяшканнях, то сітуацыя па COVID-19 была б зусім іншай. А так… Канешне, мы ў аддзяленні адчулі наступствы расслаблення: хворых стала больш. Іх колькасць можна параўноўваць з пікам першай хвалі эпідэміі.

– Здаецца, на фоне каранавірусу на другі план адышлі традыцыйныя сезонныя хваробы. Праблема таго ж грыпу сапраўды неактуальная сёння?

– Прагназаваць уздым захворвання на яго можна на другую палову снежня – пачатак студзеня. Пры гэтым нельга выключаць, што грып “аб’яднаецца” з каранавірусам. Такая акалічнасць можа прывесці да больш цяжкага цячэння хваробы. Таму правільна зрабіў той, хто прышчапіўся супраць грыпу.

– Асобнае пытанне – пра апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ). У масавай свядомасці, калі чалавек трапіў на ШВЛ, гэта амаль, як прысуд…

– …Доля праўды тут ёсць. Бо на ШВЛ трапляюць самыя цяжкія пацыенты, якія ўжо не могуць дыхаць самастойна. А сярод такіх хворых працэнт смяротнасці даволі высокі…
Увогуле, пры каранавірусе найперш паражаюцца лёгкія. Нярэдка рэнтген або камп’ютарная тамаграфія паказваюць 60-70 працэнтаў іх пашкоджання. У мяне нават быў пацыент з пашкоджаннем 80 працэнтаў лёгкіх. Натуральна, што невялікая здаровая іх частка не можа самастойна справіцца з дыханнем. Такім пацыентам мы падаем увільготнены кісларод. У нашым аддзяленні да кожнага з дваццаці ложкаў падведзена яго падача. Але не трэба блытаць, гэта не ШВЛ.

– А як потым жывуць людзі з такім вялікім працэнтам паражэння лёгкіх?

– Тканкам лёгкіх уласціва ўзнаўляцца. Іншая справа, што іх узнаўленне – справа часу. У кагосьці гэты працэс праходзіць за месяц, у кагосьці – за паўгода. А камусьці, каб узнавіцца, патрэбен год. Усё залежыць ад ступені паражэння лёгкіх.

– Ці адсочваеце стан такіх пацыентаў пасля выпіскі?

– Так. Яны бяруцца на дыспансерны ўлік і знаходзяцца на ім на працягу года.

– Колькі ложкаў у аддзяленні сёння займаюць пацыенты з каранавірусам?

– Усе дваццаць, з іх 18 хворых атрымліваюць кісларод. Увогуле, такіх хворых мы лечым па сусветных стандартах. Магу прывесці прыклад. У рэанімацыйным аддзяленні ляжыць пацыент з цяжкай формай каранавірусу. Мы прынялі рашэнне ўвесці яму швейцарскі прэпарат коштам 1800 рублёў за адну ампулу. Грошай ніхто не лічыць, калі пытанне ідзе пра жыццё чалавека.

– Ці праўда, што імунітэт, набыты тым, хто перахварэў на каранавірус, можа захоўвацца зусім непрацяглы час? Якая верагоднасць захварэць паўторна?

– Складана сказаць, паколькі прайшло яшчэ зусім мала часу, як людзі пачалі хварэць на COVID-19. Некалькім першым нашых пацыентам, што хварэлі ў красавіку, мы паўтаралі экспрэс-тэст. Антыцелы ў іх захоўваюцца па сёння.  Што тычыцца паўторных выпадкаў, падазрэнні на іх былі і ў нас. Але, як высветлілася пры дэталёвым аналізе, гэта не паўторныя выпадкі. Там ці то першы раз каранавірусу насамрэч не было, ці то экспрэс-тэст аказаўся памылковым. Здараецца і такое.

Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *