Гаспадаркі Чэрвеньшчыны ўбралі 74 працэнты палеткаў кукурузы на зерне

Аграрный сектор Актуальное

Паводле звестак упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама на 10 лістапада, гэты від работ выкананы на 1694 гектарах, што складае 74 працэнты ад плана. Валавы збор зерня складае 14 тысяч 150  тон пры сярэдняй ураджайнасці 84 цэнтнеры з гектара.

Сярод першых у раёне завяршылі ўборку кукурузы на зерне ў  сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Аграбуд” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскжалезабетон” .

Прыярытэтным гатункам зерневага накірунку ў гаспадарцы абралі гібрыд нямецкай селекцыі “Ранальдзіньё”. Пры вырошчванні ў мінулыя гады на частцы плошчаў гібрыд зарэкамендаваў сябе станоўча, таму сёлета сеялі кукурузу па зерневай тэхналогіі толькі ім.

Галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік, камбайнер Васіль Зуськоў і вадзіцель на адвозцы зерня Юрый Жарабцоў

– Кукуруза беларускай селекцыі мае нізкую вільгацеаддачу, – тлумачыць галоўны аграном сельгасфіліяла Леанард Мельнік. – Яна вельмі позна становіцца прыдатнай для ўборкі на зерне. Таму і спыніліся на нямецкім насенні, хаця яно і даражэйшае…

Два гады таму гаспадарка, нароўні з традыцыйнай дапрацоўкай зерня кукурузы, асвоіла тэхналогію яго закладкі ў герметычныя поліэтыленавыя рукавы метадам плюшчэння з дабаўленнем кансерванту. Аперацыю выконвае плюшчылка вытворчасці Шчучынскага рамонтнага завода, якая агрэгатуецца з трактарам.

Плюшчанае зерне кукурузы ў рукавах

– Гэта дае магчымасць істотна знізіць выдаткі на сушэнне зерня, паколькі ў рукавы яно закладваецца з вільготнасцю сорак працэнтаў, што амаль адпавядае натуральнай, – кажа Леанард Мельнік. – Сёлета мы заплюшчылі ў рукавы 550 тон кукурузы. Для патрэб жывёлагадоўлі гэтага дастаткова. Астатняе зерне высушылі, з тым разлікам, каб потым большую яго частку прадаць. Такая магчымасць ёсць, бо сёлета намалацілі 6 тысяч 500 тон збожжа – на 2 тысячы 500 тон больш, чым летась. Так што фуражу маем дастаткова.

Трывалая кармавая база, якую ствараюць у гаспадарцы ў тым ліку і за кошт паспяховага вырошчвання кукурузы, станоўча адбіваецца на прадукцыйнасці дойнага статка. Сёння сельгасфіліял уваходзіць у чацвёрку лепшых у раёне па гэтаму паказчыку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *