У філіяле СГК «Велікаполле» паспяхова прымяняюць тэхналогію плюшчэння зерня кукурузы

Аграрный сектор Актуальное

Гаспадаркі раёна ў няпростых умовах надвор’я працягваюць уборку кукурузы.  Паводле звестак упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама на раніцу 19 кастрычніка, гэты від работ выкананы на 5 тысячах 23 гектарах, што складае 56 працэнтаў ад плана. Назапашана больш за 113 тысяч тон кукурузнага сіласу (87,3 працэнта ад неабходнага).

Пяць сельгаспрадпрыемстваў ужо ўбіраюць кукурузу і на зерне. Сярод першых – філіял СГК “Велікаполле” УП “Мінсктранс”.

– Нарыхтоўку сіласу мы пачалі ў сярэдзіне верасня, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Яўген Каско. – Да дажджоў паспелі ўбраць лагчыны. З адвозкай зялёнай масы дапамог “Мінсктранс”: прадпрыемства адкамандзіравала да нас тры трактары з механізатарамі і яшчэ двух механізатараў на нашы трактары. Заклалі тры траншэі, па дзве тысячы тон кожная.

Галоўны аграном філіяла СГК “Велікаполле” Яўген Каско (справа) з камбайнерам Васілём Сініцкім (у цэнтры) і памочнікам камбайнера Максімам Максімавым

На зерне пакінулі 245 гектараў кукурузы – крыху больш за палову ад таго, што вырасцілі. Тэмпы ўборкі пакуль не такія, як хацелася б, бо пачаткі дасягнулі васковай спеласці, а сцябліны яшчэ зялёныя. Таму пакуль што задзейнічаем адзін з двух камбайнаў “КЗС-1218”. На ім працуе Васіль Сініцкі з памочнікам Максімам Максімавым. Праз кожныя паўгадзіны ім даводзіцца спыняцца і прачышчаць малацільны апарат, але механізатары не наракаюць на цяжкасці…

Першыя намалочаныя ў гаспадарцы 50 тон зерня кукурузы высушылі, а з панядзелка запусцілі плюшчылку.

Механізатар Сяргей Некрашэвіч напаўняе рукавы плюшчаным зернем кукурузы

– Трэці год закладваем плюшчанае зерне ў поліэтыленавыя рукавы і вельмі задаволеныя тым, што асвоілі гэтую тэхналогію, – кажа Яўген Каско. – Мала таго, што такі корм выдатна захоўваецца працяглы час і ахвотна паядаецца жывёлай, дык яшчэ і эканамічны эфект пры яго нарыхтоўцы відавочны. Напрыклад, сёлета на высушванне пяцідзесяці тон зерня кукурузы пайшло каля 4 тон дызельнага паліва, а для плюшчэння такога ж аб’ёму дастаткова 30 літраў…

Сёння ў гаспадарцы намалочваюць у сярэднім па 50 цэнтнераў зерня кукурузы з гектара, але больш ураджайныя палеткі яшчэ даспяваюць. Так што не менш за 1000 тон яго будзе закладзена ў поліэтыленавыя рукавы метадам плюшчэння. Гэта дасць магчымасць забяспечваць дойны статак высокаэнергетычным кормам на працягу года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *