Футбол: дзявочая каманда Чэрвеньскай СДЮШАР мае рэальныя шанцы на выхад у фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў

Актуальное Спорт

Каманда Чэрвеньскай СДЮШАР, за якую гуляюць вучаніцы Запольскай школы, паспяхова выступае ў рэспубліканскіх спаборніцтвах “Футбольная ліга дзяўчат” сезона 2019-2020 сярод спартсменак 2006-2008 гадоў нараджэння. Выхаванкі трэнера Максіма Шалабнёва перад заключным турам групавога турніру займаюць першае месца ў дывізіёне “Рагнедка”.

У перадапошнім туры, які прайшоў мінулымі выхаднымі ў Чэрвені, яны з аднолькавым лікам 1:0 адолелі равесніц з Мар’інай Горкі і Жодзіна. У сустрэчы з жодзінскімі дзяўчатамі вызначылася капітан нашай каманды Дар’я Ермаковіч, а перамога над футбалісткамі Мар’інай Горкі была дасягнута, дзякуючы аўтаголу саперніц.

Зараз у каманды Чэрвеньскай СДЮШАР 16 ачкоў. Столькі ж – у футбалістак Маладзечна, але нашы дзяўчаты апярэджваюць іх за кошт перамогі ў асабістай сустрэчы. У каманды Жодзіна – 15 ачкоў, у каманды Мар’інай Горкі – 5.

Такім чынам, лёс адзінай пуцёўкі ў фінал спаборніцтваў, куды выйдуць пераможцы групавых турніраў у дзевяці дывізіёнах, вырашыцца ў апошнім туры. Паводле раскладу, нашы дзяўчаты згуляюць заключныя матчы з камандамі Мар’інай Горкі і Маладзечна. Дата і месца правядзення апошняга тура стануць вядомымі пазней.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *