Футбол: чэрвеньскі «Колас» перамог у гасцях каманду Крупак

Актуальное Спорт

11 кастрычніка футбалісты чэрвеньскага “Коласа” правялі на выездзе матч 16 тура чэмпіянату Мінскай вобласці з камандай “Крупкі-ДРБУ-164”.

У пачатку сустрэчы сапернікі абмяняліся вострымі момантамі ля варот. У абодвух выпадках толькі надзейная гульня галкіпераў не дазволіла мячу пабываць у сетцы. А неўзабаве “Колас” адкрыў лік: на 11-й хвіліне дасягнуў мэты ўдар дэбютанта нашай каманды Ільі Казлоўскага з-за межаў штрафной пляцоўкі. Пасля прапушчанага мяча гаспадары поля актывізаваліся і незадоўга да перапынку здолелі адыграцца.


Большая частка другой паловы сустрэчы прайшла з перавагай чэрвеньцаў. Яна ўвасобілася ў два забітыя мячы, аўтарам якіх стаў Аляксандрам Мрынскі. Спачатку ён замкнуў дакладную перадачу Паўла Клімовіча з правага флангу атакі, а затым “зарабіў” і сам рэалізаваў адзінаццацімятровы.


Канцоўка сустрэчы атрымалася, як кажуць, валідольнай. На 83-й хвіліне “Колас” застаўся ўдзесяцёх: другую ў гульні жоўтую картку атрымаў Андрэй Півульскі. І ўжо праз тры хвіліны гаспадары поля, скарыстаўшы колькасную перавагу, скарацілі разрыў у ліку – 3:2. На шчасце, нашы футбалісты вытрымалі фінальны навал на свае вароты і атрымалі цяжкую, але заслужаную перамогу.

У нядзелю, 18 кастрычніка, нашы футбалісты згуляюць у Чэрвені з камандай “РКЗ” (Радашковічы). Пачатак матча – у 14 гадзін.

Больш фота ТУТ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *