Чэмпіянат вобласці па футболу: чэрвеньскі «Колас» згуляе ў чвэрцьфінале з капыльскім «Будаўніком»

Актуальное Спорт

У нядзелю футбалісты чэрвеньскага “Коласа” правялі заключны матч групавога турніру чэмпіянату Мінскай вобласці. Наша каманда сустрэлася ў Мар’інай Горцы з мясцовай “Вікторыяй”.

Для чэрвеньцаў гэты матч не меў турнірнага значэння, паколькі напярэдадні каманда “Фалько” з Дзяржынскага раёна набрала тры ачкі ў матчы з маладзечанскай “ДЮСШ-4” і заняла другое месца ў групе. “Колас” пры любым зыходзе матча заставаўся на трэцяй пазіцыі.

А вось “Вікторыя” працягвала барацьбу за чацвёртае месца ў групе. Менавіта таму мар’інагорцы прыклалі максімум намаганняў, каб здабыць у гэтай сустрэчы хаця б адно ачко. У выніку “Коласу” не ўдалося забіць. Бадай, адзіным сапраўды небяспечным момантам ля варот гаспадароў поля быў эпізод у другім тайме, калі пасля ўдару Дзмітрыя Чыстага мяч патрапіў у перакладзіну. Але і вароты нашага галкіпера Арцёма Аўраменкі былі захаваныя ў недатыкальнасці. Нічыя – 0:0.

Такім чынам, “Колас” разам з барысаўскай “Гайнай”, “Фалько” з Дзяржынскага раёна і мар’інагорскай “Вікторыяй” прадоўжыць барацьбу за чэмпіёнства. З групы “Б” у фінальную частку спаборніцтваў выйшлі “Клецк”, капыльскі “Будаўнік”, салігорскі “Партызан” і “Старыя Дарогі”.

Ужо ў гэтую суботу наша каманда выправіцца ў Капыль на першы чвэрцьфінальны матч з “Будаўніком”. Сустрэча ў адказ адбудзецца 8 лістапада ў Чэрвені.

Таксама ў 1/4 фіналу “Клецк” згуляе з “Вікторыяй”, “Фалько” – з “Партызанам”, “Гайна – са “Старымі Дарогамі”. Пераможца пары “Будаўнік” – “Колас” у паўфінале трапіць на пераможцу пары “Гайна” – “Старыя Дарогі”. Паўфінальныя матчы адбудуцца 14-15 і 21-22 лістапада, гульня за трэцяе месца і фінал – 28 лістапада.

Капыльскі “Будаўнік” – нязручны сапернік для “Коласа”. Летась каманды сустракаліся чатыры разы: двойчы ў чэмпіянаце і двойчы ў Кубку вобласці. Тры матчы чэрвеньцы прайгралі: 0:5 і 0:4 – у Кубку, а таксама 2:3 на сваім полі ў чэмпіянаце. Затое гасцявы паядынак першага круга чэмпіянату “Колас” правёў выдатна: удалая гульня ў абароне і адзіны гол, забіты Аляксандрам Мрынскім напрыканцы сустрэчы, прынёс нашым вікторыю.

Словам, нашы землякі даказалі, што перамагаць “Будаўнік” можна. Дай Бог, каб і ў гэтую суботу ў Капылі усё ў іх атрымалася!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *