Яшчэ адзін заблукаў: у лесе ля вёскі Падар паспяхова скончыліся пошукі грыбніка-пенсіянера

Актуальное Происшествия

8 верасня на Чэрвеньшчыне шукалі пенсіянера-грыбніка, які з раніцы пайшоў ў лес ля вёскі Падар і заблудзіўся. Сувязі з ім не было, бо мужчына не ўзяў з сабой мабільны тэлефон.

Як паведамляе інтэрнэт-сайт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у пошуках былі задзейнічаныя 25 чалавек: ратавальнікі рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС са службовым сабакам, міліцыя і валанцёры пошукава-ратавальнага атрада «Анёл».

За час выратавальнай аперацыі было пройдзена на спецтэхніцы каля 25 кіламетраў лясных сцежак, дарог і самога лесу, каля 150 гектараў абследавалі пешшу.

Бліжэй да апоўначы, падчас аб’езду тэрыторыі на квадрацыкле, знясіленага пенсіянера знайшлі пры лясной дарозе, неадкладна аказалі яму першую дапамогу і даставілі ў штаб.

Як раней паведамляў  «Раённы веснік», падобнае здарэнне адбылося на Чэрвеньшчыне днём раней: шасцідзесяцігадовага грыбніка з вёскі Майзарова, які заблукаў у лесе, адшукалі супрацоўнікі міліцыі. 

Ратавальнікі нагадваюць: перш чым адправіцца ў лес, вывучыце правілы бяспекі! Вазьміце з сабой хаця б невялікі запас ежы, ваду, нож, запалкі. Не забудзьцеся зараджаны мабільны тэлефон і неабходныя лекі. Адзенне і абутак для паходу ў лес павінны быць шчыльнымі. Абавязкова трэба мець у адзенні яркі элемент (хустку, шапку). Гэта дапаможа не застацца незаўважаным пры пошуку. Таксама трэба сказаць родным, дзе вы збіраецеся заходзіць у лес і калі маеце намер вярнуцца.

Відэа МНС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *