У Чэрвеньскім раёне пасеялі 40 працэнтаў азімых зерневых культур

Аграрный сектор Актуальное

Як паведамілі “Раённаму весніку” ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама, на раніцу ўчарашняга дня гаспадаркі Чэрвеньшчыны пасеялі 6 тысяч 414 гектараў азімых зерневых культур, што складае 40 працэнтаў ад неабходнага.

Па тэмпах сяўбы наперадзе – адкрытае акцыянернае таварыства “10 з’езд Саветаў” і эксперыментальная база “Натальеўск”, дзе азімымі зерневымі культурамі ўжо засеялі, адпаведна,  49 і 47 працэнтаў адведзеных пад іх палеткаў.

У камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Валевачы” восеньскія палявыя работы вядуць у комплексе. Падчас нашага наведвання гаспадаркі на палетку ля вёскі Глінішча адначасова працавалі пяць трактароў: два – на сяўбе, па аднаму – на ворыве, падрыхтоўцы глебы і падвозцы насення.

Механізатары КСУП «Валевачы» Уладзімір Пачасуй, Уладзімір Колтун, Уладзімір Пуплікаў і Сяргей Гірынскі працуюць на ворыве, падрыхтоўцы глебы, падвозцы насення і сяўбе

– Пры максімальнай канцэнтрацыі тэхнікі на адным полі прасцей кантраляваць вытворчы працэс і пры неабходнасці ўносіць у яго карэктывы, – кажа галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Сяргей Бартніцкі. – Зразумела, палетак павінен быць вялікім. Тут, ля Глінішчаў, амаль трыста гектараў – ёсць дзе разгарнуцца.

Усяго гэтай восенню ў гаспадарцы неабходна пасеяць 1700 гектараў зерневых. Аб’ёмы немалыя, таму, як распавёў Сяргей Бартніцкі, каб завяршыць работы ў спрыяльныя агратэхнічныя тэрміны, давядзецца задзейнічаць яшчэ адну сеялку. Акрамя таго, днямі ў сельгаспрадпрыемстве пачалі ўбіраць кукурузу на сілас. Так што наперадзе ў земляробаў яшчэ шмат працы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *