Трагедыя ў Ведрыцы: на пажары загінуў мясцовы жыхар

Актуальное Происшествия

Вечарам 7 верасня ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб узгаранні жылога дома ў вёсцы Ведрыца. Па прыбыцці на месца здарэння першага разліку ратавальнікаў будынак гарэў адкрытым полымем, абрынуўся дах. Падчас тушэння пажару ўнутры быў знойдзены мёртвым мужчына, 1950 года нараджэння, брат гаспадыні дома.

Як паведаміла “Раённаму весніку” інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Чэрвеньскага РАНС Алена Немагай, акалічнасці трагедыі высвятляюцца. Мяркуецца, што прычынай узгарання стала парушэнне правілаў эксплуатацыі электрычных сетак або электрычнага абсталявання.

Каб падобнага не здарылася, ратавальнікі заклікаюць выконваць правілы і патрабаванні пажарнай бяспекі. У прыватнасці, неабходна пастаянна сачыць за спраўнасцю электраправодкі, цэласнасцю разетак, вілак і электрашнуроў. Падаўжальнікі, якія прызначаны для кароткачасовага падключэння бытавой тэхнікі, пасля карыстання варта вымаць з разеткі. Нельга пракладваць кабель падаўжальніка пад дыванамі і праз парогі дзвярэй. Трэба карыстацца толькі сертыфікаванай электрафурнітурай.

Сыходзячы з будынка, нельга пакідаць без нагляду ўключаныя ў электрасетку тэлевізары, радыёпрыёмнікі, бытавыя электранагравальныя прыборы. Асабліва гэта тычыцца электраабагравальнікаў. Бо пры надыходзе халадоў менавіта яны становяцца крыніцамі пажараў не толькі ў жылых дамах, але і ў бытоўках, гаражах, вытворчых, адміністрацыйных і іншых памяшканнях.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *