Футбол: “Колас” перамог на сваім полі ФАЦ “Лазурны” з Беразіно

Актуальное Спорт

29 жніўня футбалісты чэрвеньскага “Коласа” правялі хатні матч 10 тура чэмпіянату Мінскай вобласці. Іх сапернікам была каманда ФАЦ “Лазурны” з Беразіно.

Першы тайм сустрэчы прайшоў з пераканаўчай гульнявай перавагай нашых футбалістаў, якую яны ўвасобілі ў тры забітыя мячы. Ужо на 17-й хвіліне вароты бярэзінцаў “распячатаў” Аляксандр Мрынскі пасля дакладнага навесу ў штрафную Паўла Клімовіча. Ён жа падвоіў лік на 28-й хвіліне. А яшчэ праз дзесяць хвілін вызначыўся Андрэй Півульскі – 3:0. Пры другім і трэцім узяцці варот галявыя перадачы  аддаў Ігар Шмідаў. Акрамя таго, нашы футбалісты да перапынку не выкарысталі шмат галявых момантаў.

У пачатку другога тайма бярэзінцы выраўнялі гульню, але на 64-й хвіліне прапусцілі контратаку “Коласа”, і Павел Клімовіч зрабіў лік 4:0.

Пасля гэтага трэнерскі штаб чэрвеньцаў правёў масавыя замены, даючы магчымасць паказаць сябе ігракам рэзерву. На жаль, гэта не ўзмацніла гульню нашай каманды. Бярэзінцы не прамінулі скарыстацца такой акалічнасцю і ў апошнія дзесяць хвілін двойчы паразілі вароты Аляксандра Курыловіча.

“Колас” правёў матч у наступным саставе: Аляксандр Курыловіч, Яўген Цэдрык, Юрый Весялоў, Мікалай Курбанаў, Аляксандр Данілік, Яраслаў Шкурко, Антон Масько, Андрэй Півульскі, Павел Клімовіч, Ігар Шмідаў, Аляксандр Мрынскі. На замену выходзілі Дзмітрый Чысты, Антон Кійко, Аляксей Грабянок, Захар Каражан, Ягор Філічонак і Сяргей Сасункевіч.

Пасля першага круга “Колас” з 19 ачкамі разам з барысаўскай “Гайнай” узначальвае турнірную табліцу групы “А”.

У гэтыя выхадныя чэрвеньцы вольныя ад гульняў з-за няцотнай колькасці каманд у групе, а ў нядзелю, 13 верасня, згуляюць у Барысаве з “Гайнай”.  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *