Футбол: чэрвеньскі «Колас» перамог вілейскую «Вілію»

Актуальное Спорт

У нядзелю футбалісты чэрвеньскага “Коласа” правялі на сваім полі матч 13 тура чэмпіянату Мінскай вобласці з вілейскай “Віліяй”.

У першым тайме гульня праходзіла на сустрэчных курсах. Чэрвеньцы, удала абараняючыся, здолелі двойчы забіць. На 14-й хвіліне Дзмітрый Чысты перахапіў мяч непадалёк ад штрафной пляцоўкі “Віліі” і знянацку заспеў галкіпера гасцей, прыцэльна прабіўшы з-пад абаронцаў. А яшчэ праз пятнаццаць хвілін з перадачы Аляксандра Мрынскага вызначыўся Аляксандр Данілік.

Пасля перапынку мяч часцей гасцяваў на палове поля “Коласа”. Футбалісты “Віліі” здолелі скараціць разрыў у ліку ў сярэдзіне другога тайма і да фінальнага свістка мелі яшчэ некалькі рэальных шанцаў на ўзяцце варот чэрвеньцаў. Але наш галкіпер Арцём Аўраменка згуляў надзейна.

Такім чынам, перамога з лікам 2:1 далася “Коласу” нялёгка, а гульня нашай каманды пакінула шмат пытанняў. Відавочна, што адсутнасць у другім матчы запар цэнтральных паўабаронцаў Аляксандра Качаргіна і Аляксея Ганчарыка адбіваецца на баяздольнасці чэрвеньцаў не найлепшым чынам. Хочацца верыць, што гэтыя праблемы – часовыя, бо наперадзе яшчэ шмат важных матчаў.

“Колас” правёў сустрэчу з “Віліяй” у наступным саставе: Арцём  Аўраменка, Юрый Весялоў, Яўген Цэдрык, Ягор Філічонак, Максім Гумінскі, Аляксандр Данілік, Анатоль Шафераў, Андрэй Півульскі, Павел Клімовіч, Дзмітрый Чысты, Аляксандр Мрынскі. На замену выходзілі Ігар Шмідаў, Арцём Кацько, Аляксей Грабянок і Ілья Купровіч.

Астатнія матчы 13 тура прынеслі наступныя вынікі. У групе “А” мар’інагорская “Вікторыя” на сваім полі згуляла ўнічыю – 1:1 – з камандай “Фалько” (Дзяржынскі раён).  Маладзечанская “ДЮСШ-4” у гасцях перамагла “РКЗ” (Радашковічы) – 3:2, а “Крупкі-ДРБУ-164” таксама на выездзе ўзялі верх над бярэзінскім ФАЦ “Лазурны” з такім жа лікам.

У групе “Б” “Старыя Дарогі” дома перамаглі “Любань” – 2:1, “Клецк” у гасцях выйграў у дзяржынскай “Лівадыі” – 3:1, стаўбцоўскі “Нёман” на сваім полі адолеў салігорскі “Партызан” з Салігорска – 1:0, а “Узда” здабыла гасцявую перамогу над “Нясвіжам” – 2:1.

Пасля 13 тураў “Колас” з 22 ачкамі займае другое месца ў групе “А”. У лідара – барысаўскай “Гайны” – на 3 ачкі больш, але чэрвеньцы маюць гульню ў запасе.  У нядзелю, 27 верасня, наша каманда згуляе на выездзе з маладзечанскай “ДЮСШ-4”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *