Жнівеньскі форум настаўнікаў у Чэрвені: “Якасная адукацыя сёння – паспяховае заўтра”  

Актуальное Образование Общество

Аб павышэнні якасці навучання і выхавання і аб тым, як менавіта плануецца ажыццяўляць гэты працэс ва ўстановах адукацыі раёна ў новым навучальным годзе, ішла размова на традыцыйным педагагічным форуме.

       У ім бралі ўдзел настаўнікі, выхавальнікі, тэхнічны персанал навучальных устаноў,  ветэраны педагагічнай працы, маладыя спецыялісты, лідэры прафсаюзных арганізацый. Госці форума — Ала Шахоцька, намеснік старшыні райвыканкама; Людміла Сакава, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Наталля Сцяжко, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, Андрей Уласевіч, начальнік ДРСУ-121, Жанна Чарнавец, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Чэрвеньскага лясгаса і Галіна Новік, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “Валевачы”.

     Адкрываючы канферэнцыю, начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Змачынская звярнулася да прысутных са словамі:

— Паважаныя госці і ўдзельнікі нашай канферэнцыі! Дарагія калегі!

Адукацыя заўсёды адлюстроўвае сутнасць эпохі. Сістэма адукацыі ХХІ стагоддзя павінна адпавядаць узроўню грамадска-палітычных і эканамічных працэсаў, якія адбываюцца ў сучасным свеце, змяняцца і ўдасканальвацца ў інтарэсах чалавека, грамадства, дзяржавы.  Нам выпала жыць і працаваць у складаную, супярэчлівую, імклівую эпоху.  Але незалежна ад характару эпохі, педагог павінен заставацца носьбітам маральных і духоўных каштоўнасцей, а сістэма адукацыі прызвана развіць жаданне і здольнасці навучэнцаў набываць новыя веды, падрыхтаваць чалавека да жыцця і актыўнай працоўнай дзейнасці, выхаваць, як адзначаў К.Д.Ушынскі, чалавека, здольнага спалучаць свае інтарэсы з інтарэсамі свайго народа і ўсяго чалавецтва.

         Далей Ірына Мікалаеўна засведчыла, што галоўная задача ў новым навучальным годзе – зрабіць усё, каб школьнае жыццё для нашых дзяцей было яркім і цікавым, каб яны вучыліся і выхоўваліся ў камфортных, бяспечных умовах і атрымалі якасную адукацыю.

         Яна акрэсліла асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, якія будуць абумоўлены: ажыццяўленнем працэсу інтэграцыі адукацыі, навукі і вытворчасці; аднаўленнем зместу адукацыі і гатоўнасцю настаўніка працаваць у новых умовах; павышэннем узроўню метадычнай культуры педагога; забеспячэннем жыццёвай і прафесійнай мабільнасці асобы.

— Безумоўна, у цэнтры ўсіх адукацыйных працэсаў стаіць асоба настаўніка, які ва ўсе часы быў самай важнай крыніцай ведаў, — падкрэсліла дакладчык. — У сістэме адукацыі Чэрвеньскага раёна сёння працуе 1055 чалавек, з іх 631 – педагогі. Гэта людзі – здольныя ажыццяўляць адукацыйны працэс якасна і на дастаткова высокім узроўні, а таксама гатовыя да эксперыментаў і інавацый. Аднак лічу: рэзервы для прафесійнага росту педагогаў ёсць. Неабходна актывізаваць работу на месцах па матывацыі педагогаў, што маюць стаж больш трох гадоў у першай кваліфікацыйнай катэгорыі, на вышэйшую, а таксама разгледзець магчымасць педагогаў прэтэндаваць на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “Настаўнік – метадыст”.

 Як адзначыла Ірына Змачынская, штогод у раён накіроўваюцца маладыя спецыялісты, аднак праблема іх замацавання на працоўных месцах  існуе, галоўная прычына гэтага – адсутнасць жылля. Указаная праблема вырашаецца на ўзроўні старшыні райвыканкама.

         Педагогі раёна не раз даказвалі, што з’яўляюцца таленавітымі і творчымі людзьмі. Традыцыйным святам прафесійнага майстэрства стаў для педагогаў раёна удзел у рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Шэсць педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і адзін педагог установы дашкольнай адукацыі  сталі пераможцамі ІІ этапа ў розных намінацыях.

У абласным этапе рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня Віталій Віктаравіч Палячкоў, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Запольскай сярэдняй школы,  узнагароджаны Дыпломам 1 ступені як аўтар і кіраўнік праекта “Спартыўны навігатар”, Барыс Пятровіч Батурчык, настаўнік інфарматыкі, прызнаны пераможцам абласнога конкурсу “Педагагічная ІТ-мазаіка” (Дыплом 2 ступені). Выніковым быў удзел педагогаў раёна ў дыстанцыйнай алімпіядзе для педагогаў Мінскай вобласці “Прафесійная кампетэнтнасць педагога”: Ларыса Мікалаеўна Няборская – Дыплом 1 ступені (сярэдняя школа №4 г. Чэрвеня); Крысціна Аляксандраўна Бурданіна – Дыплом 3 ступені (гімназія №1  г. Чэрвеня”), Вераніка Генадзьеўна Шчурок – Дыплом 3 ступені (сярэдняя школа №4 г. Чэрвеня”).

Начальнік упраўлення адукацыі заседчыла, што сфера адукацыі і, адпаведна, роля педагога сёння кардынальна змяніліся.  Асоба педагога, яго пазіцыя, светаўспрыманне, грамадзянская пазіцыя  – вось што зараз мае  асаблівую значнасць. Таму неабходна вызначыць перспектыўныя накірункі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу  кожнай установы (да прыкладу, Stem-падыход), праводзіць сістэмную работу па павышэнні ІТ-кампетэнтнасці працаўнікоў сістэмы адукацыі ў супрацоўніцтве з ІТ-кампаніямі, актывізаваць удзел у Міжнародных праграмах і праектах, ажыццяўляць супрацоўніцтва з прадпрыемствамі, бізнес-інкубатарамі. Удзел у конкурсах і праектах – гэта работа каманды! Работа на вынік, на павышэнне іміджу ўстановы адукацыі сродкамі фарміравання прафесійнай матывацыі росту. Гэтае патрабаванне адносіцца як да ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, так і да ўстаноў дадатковай і дашкольнай адукацыі.

         Сістэма дашкольнай адукацыі прадстаўлена ў раёне дванаццаццю ўстановамі, якія наведвалі 1262 выхаванца.

Спецыяльная адукацыя дзецей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з’яўляецца неад’емнай часткай адукацыйнай сістэмы раёна. У залежнасці ад фізічных і псіхічных парушэнняў адукацыйны працэс арганізаваны для 598 дзяцей. Самай шматлікай застаецца група дзяцей з парушэннямі маўлення – 488 чалавек. У сучаснай спецыяльнай адукацыі вялікае значэнне мае не толькі якасць адукацыі, але і праблема фарміравання і развіцця сацыяльна актыўнай асобы, здольнай да самарэалізацыі. Мы павінны падысці сёння да ажыццяўлення спецыяльнай адукацыі такім чынам, каб забяспечыць дзяцей адпаведным узросту выхаваўчым асяроддзем і магчымасцю набываць сацыяльны вопыт (напрыклад, праз удзел у валанцёрскім руху). Такая практыка існуе ў сярэдняй школе №3 г. Чэрвеня ў рамках дзейнасці клуба “Факел”, удзельнікі якога супрацоўнічаюць з ДУ “Чэрвеньскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў”.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі вызначыліся наступныя тэндэнцыі: павелічэнне агульнай  колькасці навучэнцаў; рост сярэдняй напаўняльнасці класаў пры зніжэнні паказчыка ва ўстановах, змешчаных у сельскай мясцовасці; адносна стабільныя паказчыкі паспяховасці па выніках навучальнага года. Вышэй за раённы сярэдні бал у гімназіі №1 г. Чэрвеня” (7,9), сярэдняй школе №1 г.п. Смілавічы” (7,6),  сярэдняй школе №2 г.п. Смілавічы”(7,9); па выніках навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі 11 выпускнікоў атрымалі атэстаты асобага ўзору (7 узнагароджана залатым медалём, 4 – сярэбраным); у 2018/2019 н.г. – 12 выпускнікоў узнагароджаны залатым медалём; 2017/2018 н.г. – 10 выпускнікоў атрымалі залатыя медалі; па выніках правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў 2020 годзе 4 навучэнца атрымалі балы ад 90 да 100.

Арганізацыя сістэмнай работы з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі штогод дае свае вынікі, яны дастойна прадстаўлялі раён у наступных мерапрыемствах: абласны этап фестывалю “Я – даследчык”:  7 удзельнікаў; конкурс работ даследчага характару навучэнцаў Мінскай вобласці: 5 Дыпломаў; удзел у ІІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах: 4 Дыпломы; для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды выйшлі 2 навучэнцы; удзел у рэспубліканскім турніры юных фізікаў – 3 пахвальныя водзывы;          выніковы ўдзел  у грамадска-навуковых Міжнародных чытаннях, прысвечаных памяці Ю.А.Гагарына: Юрчанка Захар, навучэнец 9 класа сярэдняй школы №3, узнагароджаны дыпломам Аргкамітэта, дыпломам Старшыні Аргкамітэта, медалём Ю.А.Гагарына; па выніках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў у гістарычнай памяці народа” Ігнатовіч Яна, навучэнка 11 класа  Лядзенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы ўзнагароджана пахвальным водзывам; Юрчанка Захар (сярэдняя школа №3) і Няборскі Ілля  (сярэдняя школа №4) сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я ведаю!”  

              

Развіццю прафесійных уменняў  і навыкаў навучэнцаў спрыяла арганізацыя работы груп аграрнай накіраванасці (Лядзенскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”, Руднянскі дзіцячы сад – сярэдняя школа); вывучэнне вучэбнага прадмету “Працоўнае навучанне” (79 навучэнцаў 11 класаў і 82 навучэнца 10 класаў з 9 устаноў адукацыі).

На ўзроўні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі былі заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве з выкладчыкамі ўстаноў вышэйшай адукацыі: УА “Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт”, УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М Танка”. Актыўна працуюць у гэтым накірунку гімназія №1  г. Чэрвеня, сярэдняя школа  № 2  г. Чэрвеня. Гэта адпавядае патрабаванням часу.

— Выпускніку школы сёння грамадства прад’яўляе дастаткова сур’ёзныя патрабаванні, — прадоўжыла Ірына Змачынская. — І многае залежыць ад нас, педагогаў. Для таго, каб дапамагчы вучню ў будучым стаць сацыяльна паспяховым, павінен змяніцца не толькі настаўнік, але і сам стыль навучання.

Адной з галоўных задач выхавання было і застаецца фарміраванне грамадзянскіх якасцей навучэнцаў.  Ва ўстановах працягвалася работа па рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна”. У раёне   праведзены маштабныя мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы, 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. За высокі прафесіяналізм Дыпломам адзначаны калектыў СШ №3 г. Чэрвеня за ўдзел у Маскоўскай міжнароднай навуковай канферэнцыі “Я – патрыёт”.

Вырашаліся пытанні, накіраваныя на абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей, прафілактыку сацыяльнага сіроцтва і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Прафілактыка правапарушэнняў, павышэнне прававой граматнасці неадрыўна звязана з рэалізацыяй Декрэта №18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У гэтым накірунку нам удалося дасягнуць пэўных поспехаў: паменшылася колькасць дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы па стану на  25 жніўня – 89 непаўналетніх  і колькасць дзяцей, якім неабходна дзяржаўная абарона – 10; назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях – 49 дзяцей з 33 сем’яў; з 16-цю непаўналетнімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

З мэтай арганізацыі вольнага часу дзяцей на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі працавала 254 аб’яднанні па інтарэсах (3131 навучэнец – 98.5%). Аднак трэба адзначыць памяншэнне ахопу навучэнцаў аб’яднаннямі па інтарэсах спартыўнай накіраванасці – 49 аб’яднанняў для 615 навучэнцаў.

 У раёне працуе  дзве шматпрофільныя ўстановы дадатковай адукацыі і адна – турысцка-краязнаўчага профілю. Дасягненні ёсць  у конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Творчая атмасфера, пастаянны пошук новых формаў работы, вялікая асабістая зацікаўленасць ствараюць непаўторны імідж цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна г.п. Смілавічы”. 

Мы жадаем жыць у міры і згодзе. Мы жадаем працаваць і тварыць дабро. У гэтым наша прызванне як настаўнікаў і грамадзян нашай Беларусі. Зберагаючы мір і супакой, ва ўсіх установах, ва ўсе часы каштоўнымі былі ўзаемапавага, сяброўства, уменне канструктыўна вырашаць праблемныя сітуацыі. Толькі мірны дыялог з’яўляецца падмуркам згоды і стабільнасці ў грамадстве. На працягу ўсёй сваёй гісторыі навучальныя ўстановы служаць гуманным мэтам, у аснове якіх адукацыя і выхаванне для грамадства, нацыі і дзяржавы. Гэты вектар вельмі важна зберагчы ўсім нам – прадстаўнікам педагагічнай супольнасці. Установы адукацыі  — не аб’екты палітычных спрэчак. Нашы вучні павінны прыйсці 1 верасня ў вучэбныя класы і атрымліваць веды, як і ў папярэднія гады, у мірнай і спакойнай краіне, а бацькі не павінны хвалявацца за іх жыццё і здароўе.

 Прыгадваецца  цудоўнае выказванне: “Шчаслівы той чалавек, у якога былі добрыя настаўнікі”. У нашых з вамі руках зрабіць шчаслівымі тысячы дзяцей!

Ала Шахоцька павіншавала педагогаў раёна з пачаткам новага навучальнага года. Звыртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, яна сказала:

— Я заўсёды ганарылася і ганаруся сістэмай адукацыі нашага раёна. Педагог – чалавек асаблівы: ён ведае, як трэба рабіць правільна, ён вучыць гэтаму дзяцей. Педагог чалавек асаблівы яшчэ і таму, што ён творчы і пастаянна знаходзіцца ў пошуку. Напрацягу некалькіх месяцаў мы аналізуем работу кожнага настаўніка, кожнай установы адукацыі і працуем над выпраўленнем памылак. Сёння з гонарам гавару пра тое, што сістэма адукацыі раёна – дастойная.

Перад пачаткам канферэнцыі на выставе мы ўбачылі вынікі работы нашых устаноў адукацыі. Мы ўбачылі дзяцей, якія штосьці робяць сваімі рукамі, з матэрыялу, што ёсць пад рукой. Штосьці канструіруюць і расказваюць пра гэта з такім захапленнем, азартам, з агеньчыкам у вачах. Гэта дзеці – пераможцы алімпіяд і розных конкурсаў. Гэта дзеці, якія імкнуцца да ведаў, да міласэрнаці, і гэта тое, дзеля чаго мы ўсе працуем.  У іх адлюстроўваемся і мы з вамі. Трапіўся мне такі выраз: “Дарослыя шукаюць шчасце, а дзеці знаходзяць яго ва ўсім”.  

Перад намі стаяць вялікія задачы – навучыцца міласэрнасці, канструктыўнаму дыялогу, аргументацыі і разуменню. Веру, што кожны з вас, педагогаў – талантлівы, кожны імкнецца да поспеху, веру, што  сістэма адукацыі Чэрвеньскага раёна – калектыў дастойных, разумных, таленавітых педагогаў.

Ала Шахоцька засведчыла, што сёння дастатковае фінансаванне ўсіх сфер жыцця ў раёне. Патэнцыял педагагічных кадраў вельмі высокі,  педагогі здольны на многае.  Яна перадала словы падзякі педагогам раёна за работу і віншаваннні з новым навучальным годам ад старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Віталя Казлова.

Ала Канстанцінаўна ўручыла Ганаровыя граматы Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу ў справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення Ірыне Пазняк і Аксане Капскай, педагогам дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Х.Суціна г.п. Смілавічы, Падзяку старшыні Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта яна аб’явіла – Алегу Гузу, намесніку дырэктара Турэцкага дзіцячага-сада-базавай школы; Наталлі Дмухоўскай, дырэктару Хутарскага дзіцячага-сада-сярэдняй школы; Таццяне Барбук, загадчыку дзіцячага ясляў-сада №6 г.Чэрвеня і Віялеце Аўсянікавай, загадчыку сектара сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму.

60 педагогаў і тэхнічных рботнікаў сістэмы адукацыі раёна, а таксама кіраўнікі шэфскіх арганізацый устаноў адукацыі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага раёна.

На канферэнцыі прадставілі маладых спецыялістаў-педагогаў. Да іх з прывітальным словам звярнулася Наталля Лагоціна, намеснмк дрэктара па выхаваўчай рабоце Раваніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Яна павіншвала маладых педагогаў з пачаткам новага навучальнага года, і засведчыла, што яны заўсёды знойдуць дапамогу і падтрымку ў педагогаў з вопытам, а ячшэ пажадала здароўя, добрага настрою і жадання працаваць творча, з натхненнем.

Ад імя малыдых спецыялістаў выступіў Філіп Малішэўскі, псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Ён падзякаваў за віншаванні, за ўручаныя памятныя падарункі і запэўніў, што маладыя педагогі будуць з гонарам несці высокае званне настаўніка.

Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю – кіраўніцтва да дзеянная на будучы навучальны год.

         Для педагогаў раёна  выхаванцы дзіцячых садкоў, навучэнцы школ і педагогі зладзілі святочны канцэрт.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *