(Пачатак 27, 29, 30, 31 ліпеня). Апошнім прыпынкам нашай экскурсіі была вёска Лясная (цяпер аграгарадок). Тут ў 1708 годзе адбылася вялікая бітва рускіх са шведамі падчас Паўночнай вайны.
Гэта вайна доўжылася фактычна з 1700 па 1721 год і вялася Шведскім каралеўствам і кааліцыяй дзяржаў Паўночнай Еўропы за валоданне прыбалтыйскімі землямі і панаванне на балтыйскім моры і ўзбярэжжы. Скончылася яна паражэннем Швецыі.
Па словах экскурсавода, вайна паміж шведамі і рускімі была цяжкай для беларусаў. І з аднаго, і з другога боку войскі прыходзілі на беларускую зямлю здабываць сродкі. Хто не мог адкупіцца, таго палілі. Шведы спалілі Нясвіж, Навагрудак, Гародню, а рускія – Магілёў, Оршу і Віцебск.
У Расійскай імперыі на 200-гадовы юбілей бітвы пад Лясной ў 1908 годзе вырашылі пабудаваць гіганцкую капліцу і паставіць невялікі помнік у гонар першай перамогі над шведамі і помнік на мясцовых могілках, дзе пахаваны загінуўшыя падчас бітвы рускія воіны. Бітва сарвала планы пахода шведскага караля Карла ХІІ на Маскву.
Пётр І назваў гэтую перамогу “Матерью Полтавской победы”, таму што шведская армія засталася без рэзерваў, боепрыпасаў і гэта аслабіла яе сілы, а яшчэ таму, што бітву пры Лясной і Палтаўскую бітву паздзяляе 9 месяцаў.
Свята-Петра-Паўлаўская капліца выглядае вельмі велічна. Яна была закладзена ў 1908 годзе, будаўніцтва завяршылася ў 1912-м. Дзейнічала як царква да 1930 года, затым будынак яе быў перададзены мясцоваму калгасу і выкарыстоўваўся як склад. У 1958 годзе ў капліцы быў створаны музей гісторыі бітвы пры Лясной. У 1990 годзе музей зачынілі, будынак перадалі праваслаўным вернікам.
У 2008 годзе была праведзена рэканструкцыя капліцы і помнікаў. Помнік у гонар перамогі над шведамі ля вёскі Лясная ўзведзены ў выглядзе адлітага з бронзы арла, які звальвае варожы сцяг.
У дзень 300-годдзя бітвы музей адчыніўся зноў непадалёк ад капліцы. У частку яго экспазіцыі ўваходзяць: зброя, манеты, сцягі, фотакопіі дакументаў і міні-панарама бітвы.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара.