Паездка ў Сулу. Разам з прафсаюзамі знаёмімся з Міншчынай

Актуальное Год малой радзімы

У суботу, 29 жніўня, адбылася экскурсія, арганізаваная раённым аб’яднаннем прафсаюзаў для членаў пярвічных арганізацый.

Пра паездку было абвешчана яшчэ ў чэрвені. Пярвічкам рэкамендавалася заахвоціць лепшых работнікаў, перадавікоў вытворчасці, актыўных удзельнікаў грамадскага жыцця прадпрыемстваў і арганізацый. Маршрут экскурсіі быў абраны з мэтай пазнаёміць жыхароў раёна з адметнымі мясцінамі роднай Міншчыны. З дапамогай турысцка-экскурсійнага прадпрыемства «Беларустурыст» арганізавана падарожжа на камфартабельным аўтобусе ў вёску Рубяжэвічы і парк-музей «Сула» Стаўбцоўскага раёна.

У Рубяжэвічах прыцягвае ўвагу турыстаў Касцёл Святога Язэпа. Пабудаваны ў стылі неаготыкі ў 1906-1910 гг. Храм пабудаваны з цэменту і абкладзены каменнымі плітамі. Яго вышыня 45 метраў, падмурак — 6 метраў у глыбіню і 4 у шырыню. На вежах размешчаны два званы 1925-1939 гг.

Незвычайная гісторыя папярэднічае пабудове храма. Мясцовы жыхар Антоній Тур быў чалавекам вельмі набожным і проста гарэў ідэяй пабудаваць у Рубяжэвічах каталіцкі храм. Тры разы ён хадзіў у Пецярбург з прашэннем на дазвол пабудаваць касцёл. На што нязменна атрымліваў адмову. У 1866 годзе Антоній прывёз на пяшчаны ўзгорак, дзе планаваў пабудаваць храм, велізарны камень. На камені ён напісаў: «Тут будзе пабудаваны каталіцкі касцёл». За гэтую ініцыятыву Антоній Тур быў абвінавачаны старастай і праваслаўным бацюшкам і сасланы з сям’ёй у Сібір на 12 гадоў. Прабыў ён там 7 гадоў, потым быў адпушчаны па амністыі. У 1905 годзе Антоній Тур вярнуўся ў Рубяжэвічы і прынёс-такі ад цара дазвол на будаўніцтва рымска-каталіцкага касцёла ў Рубяжэвічах. Адзінай умовай пабудовы было тое, што пабудаваць храм трэба было за чатыры гады. У 1906 году пачаліся будаўнічыя работы. На будоўлі кожны дзень працавала каля 100 чалавек, 50 каменяцёсаў, 6 конных кранаў, бочкі з малочным растворам і інш. Сродкі на будаўніцтва збіраліся з усіх навакольных вёсак. Вядома, што на будаўніцтва гэтага храма паступалі ахвяраванні нават з Амерыкі. Прароцкі «камень Тура» і сёння ляжыць каля сцяны касцёла з 1866 года.

Каменная агароджа зроблена ў 1924 годзе. Унутры храма размешчаны арган (15 галасоў, 820 трубак), прывезены з Вільні ў 1928 годзе. У касцёле знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай, падораная храму маці Янкі Купалы. Усе продкі Янкі Купалы па матчынай лініі пахаваныя на могілках у Рубяжэвічах. А яшчэ ў гэтай вёсцы мы бачылі будынак пошты, якому 122 гады. Першапачаткова і зараз там працуе аддзяленне сувязі!

У 6 кіламетрах ад Рубяжэвіч знаходзіцца парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула» — сядзібны комплекс на беразе аднайменнай ракі. Парк створаны на базе напаўразбуранага маёнтка беларускай шляхты. У XVIII стагоддзі тэрыторыя населенага пункта Сулы перайшла ў валоданне арыстакратаў Ленскіх. Уласнікамі зямель у Суле гэты шляхецкі род быў да пачатку XX стагоддзя. У XIX стагоддзі Ленскія былі аднымі з найбуйнейшых землеўладальнікаў ў Мінскай губерніі. Цяперашні абрыс сядзіба набыла менавіта ў гэты перыяд. Сядзіба ў Суле складалася з палаца, парку са штучным возерам, млына, аранжарэі. Таксама на тэрыторыі маёнтка быў агарод, будынак для захоўвання прадуктаў, стайня і кузня, бровар і вяндлярня, гаспадарчыя пабудовы і дом для слуг. Арыстакраты Ленскія вядомыя сваёй любоўю да мастацтва, навукі, гісторыі. Напрыканцы 1939 года дом у сядзібе быў узарваны, а ўся маёмасць канфіскавана. Апошнія прадстаўнікі шляхецкага роду падвергліся рэпрэсіям.

Сустракалі нашу экскурсію каля брамы паркушляхцічы ў традыцыйных для той пары вопратках, суправаджала групу да мастка дзяўчына-наезніца –тагачасны знак павагі да гасцей.

У 2006 годзе пачалася рэканструкцыя сядзібы Ленскіх. Быў адноўлены дом, дзе жылі слугі, кузня з канюшняй і будынак, у якім правяла свае апошнія гады жыцця Эльжбета Ленская.

 На тэрыторыі былой сядзібы сабраны вырабы і аб’екты з розных эпох гісторыі Беларусі. Парк гісторыі атрымаў сваю назву ад аднайменнай ракі Сула, якая працякае на тэрыторыі комплексу. З санскрыту Сула перакладаецца як «якая нясе жыццё». У парку прадстаўлена разнастайная колькасць экспанатаў. Пачынаючы ад кромлеха «Брама усіх зорак» і заканчваючы адноўленнымі будынкамі сядзібы Ленскіх.

Кромлех ўяўляе сабой каменныя збудаванні, устаноўленыя вертыкальна, і якія ўтвараюць акружнасць. Гэты аб’ект носіць рытуальны характар. Такія збудаванні з’яўляюцца часткай мегалітычнай культуры. Тут кожны з нас знайшоў свой знак задыяку і загадаў жаданне.

Далей па маршруце экскурсіі прадстаўлена інсталяцыя паселішча старажытных людзей на беразе ракі. Недалёка арганізавана пляцоўка славянскіх культур, дзе размешчаны «Пантэон Багоў», вогнішча і камень «Дзед». Тут удзельнікі экскурсіі здзейснілі рытуальны танец пад гукі вялізнага барабана. Было весела.

Потым мы прыйшлі на прыстань варагаў. Тэрыторыя агароджана частаколам, а ў цэнтры знаходзіцца дом старэйшыны. На беразе прышвартаваныя лодкі. Жадаючыя турысты змаглі папрактыкавацца ў кіданні сякеры вікінгаў у шчыт. Потым мы пракаціліся на аўтэнтычным судне і высадзіліся ў гатычным квартале.

Гэта невялікая тэрыторыя, дзе прадстаўлены асноўныя адметнасці таго часу: адноўленая Сульская вежа XIV-XV стагоддзяў, кузня, майстэрня па камені і ганчарнай справе. Самаму маладому і моцнаму мужчыну з нашай экскурсіі дазволілі паўдзельнічаць у вырабе наканечніка стралы і расколцы каменя для ўзвядзення сцен замка. У наш гонар салютавала сапраўдная карабельная гармата.

Недалёка ад Сульскай вартавой вежы размешчаны будынак калегіума, дзе мы пазнаёміліся з экспазіцыяй гісторыі развіцця адукацыі на землях Беларусі.

У зале шляхецкай славы ўдзельнікі экскурсіі ўбачылі «Галерэю гербаў», дзе сабраны самыя вядомыя эмблемы беларускай шляхты. Можна было пашукаць прозвішчы сваякоў. У бровары нам паказалі магутны самагонны апарат пачатку мінулага стагоддзя, выкананы з медзі, распавялі пра ўнікальную тэхналогію вытворчасці гарэлкі «Старка», далі паспрабаваць.

У «Суле», каля захаваўшагася сечанага дома, адноўлена беларускае мястэчка. Мы наведалі травяную аптэку, «яўрэйскую хатку”, пякарню з дэгустацыяй хлеба, сыраварню. У гэты час мы як раз апынуліся каля кафэ, дзе смачна паабедалі стравамі з беларускай кухні. Потым быў свабодны да ад’езду час. Можна было зноў прайсці па пунктах маршруту, адпачыць ля возера ці набыць сувенір.

Едучы дадому ў аўтобусе мы думалі аб тым, колькі ж цікавага і невядомага знаходзіцца побач з намі. Як кепска мы ведаем сваю радзіму, яе славутасці і адметнасці. Калі заязджалі на аўтобусную стаянку, былі здзіўлены як шмат там бало аўтамабіляў і аўтобусаў з нумарамі розных регіёнаў, колькі шмат было наведвальнікаў у Суле. І так, казаў экскурсавод, кожны дзень.

Галіна ГАМЕЗА. Здымкі аўтара і з адкрытых інтэрнэт-вытокаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *