“У Крычаўскае княства”: краязнаўчая вандроўка з Чэрвеньскім клубам “Бонда”

Год малой радзімы Культура Общество

На гэты раз старшыня Чэрвеньскага аматарскага краязнаўчага клуба “Бонда” Станіслава Баркоўская прапанавала вандроўку ў самыя ўсходнія раёны Магілёўшчыны – Крычаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі і Слаўгарадскі.

Пакуль ехалі да Магілёва, з цікавасцю са слоў нашага пастаяннага экскурсавода Івана Сацукевіча мы даведаліся, чаму дарога Мінск-Магілёў з Чэрвеня ў бок Беразіно такая прамая, як страла. Будавалася яна перад вайной, у 1935 годзе. Ваенныя спадзяваліся, што такая дарога дапаможа адбіць усе атакі ворага з заходняга боку. І сёння гэтая частка дарогі з’яўляецца адной з лепшых у Беларусі.
Далей мы даведаліся пра гісторыю Крычава, куды адразу накіраваліся. У 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, па якім Крычаў увайшоў у склад Расійскай імперыі. Яго першы ўладальнік Ежы Мнішак не захацеў прысягнуць на вернасць Кацярыне ІІ і гэтая маёмасць у 1775 годзе была канфіскавана на карысць дзяржавы. Праз год імператрыца падаравала гэтыя ўладанні свайму фаварыту Рыгору Пацёмкіну.

Будаўніцтва палаца вялося ў Крычаве з 1778 па 1787 гады. Праект яго выканаў аўтар Таўрычаскага палаца ў Пецярбургу Іван Стараў. Палац двухпавярховы. Унутраная планіроўка анфіладная, налічваецца больш за 60 прасторных пакояў. Яны былі багата аздоблены ляпнінай, будынак меў унікальныя парадныя лесвіцы і сістэму камінаў, аздобленых кафляй.

Напрыканцы ХVІІІ стагоддзя Пацёмкін або прадаў, або прайграў у карты свае крычаўскія ўладанні шляхцічу Яну Галынскаму. Падчас гарадскога пажару ў 1840 годзе палац моцна пацярпеў і быў адноўлены з некаторымі змяненнямі. Крыху пазней Стэфан Галынскі перарабіў яго пад сучасную архітэктуру. У 1917 годзе ўсе каштоўнасці былі экспрапрыіраваны. У будынку адкрылі школу, у 50-я гады мінулага стагоддзя тут месцілася школа-інтэрнат. З цягам часу будынак прыйшоў у заняпад і быў закінуты.

У 1980-х гадах пачаліся работы па рэстаўрацыі палаца. Але з-за недахопу сродкаў палац быў закансерваваны ажно на 20 гадоў. У 2003 годзе будынак быў уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Рэстаўрацыю завяршылі ў 2008 годзе. Зараз тут знаходзяцца краязнаўчы музей і ЗАГС.

Як паведаміла экскурсавод музея, мэбля з часоў Пацёмкіна не захавалася. Збіралі яе па крупіцах у антыквараў, некаторыя грамадзяне ахвяравалі свае рэчы. Такім чынам, удалося набыць мэблю ХІХ стагоддзя. Аформлены залы: буфетная, сталовая, будуар, зала для баляў, кабінет прыказчыка і іншыя.

Мы даведаліся, што падчас знаходжання Пацёмкіна ў Крычаве была пабудавана верф. Адбылося гэта ў 1785 годзе. Судны будаваліся ў Крычаве і да Пацёмкіна, але іх стварэнне пры ім атрымала новае развіццё. Патрэбна была первозка сыравіны і гатовай прадукцыі ў нізоўі Дняпра для патрэб Чарнаморскага флоту і замежнага гандлю.

У краязнаўчым музеі шмат экспазіцый. Яны тычацца развіцця мястэчка, ёсць макет старога замчышша, іншыя экспанаты, якія маюць розныя даты знаходжання і тычацца гістарычных падзей.

Палюбаваўшыся на прыгожую Свята-Пакроўскую царкву, мы накіраваліся ў Клімавічы.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара. Працяг будзе



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *