“У Крычаўскае княства”: краязнаўчая вандроўка з Чэрвеньскім клубам “Бонда” (працяг)

Год малой радзімы Культура Общество

(Пачатак 27, 29 і 30 ліпеня). Па дарозе на «Голубую криницу» мы праехалі па новаму мосце праз раку Сож, які нядаўна быў адчынены ва ўрачыстай абстаноўцы. Зараз шлях на крыніцу зручны і прыемны.

Яшчэ ў аўтобусе ад экскурсавода мы даведаліся, што крыніцу яшчэ называюць “Синий колодец”. Гэта адна з самых вялікіх крыніц Беларусі, якая з’яўляецца ўзорам празрыстасці і чысціні беларускіх падземных вод. Крыніца – помнік прыроды рэспубліканскага значэння, які абараняецца дзяржавай.

Нас сустрэла прыгожая брама. Каля яе — стэнды з інфармацыяй аб крыніцы, яе гісторыі. На падыходзе да брамы размясціліся гандлёвыя рады, дзе можна набыць вырабы народнага промысла, мёд, магніцікі, прысмакі для дзяцей.

Мы ўбачылі прыгожыя домікі для адпачынку, раздзявальні, ёсць вялікая паркоўка. Бліжэй да самой крыніцы пабудавана невялічкая царква. Сюды прыязджае шмат людзей, асабліва ў рэлігіёзныя святы. 14 жніўня тут штогод ладзяцца богаслужэнні ў гонар Іісуса Хрыста, Жыватворнага Крыжа Гасподня і святых братоў мучанікаў Макавеяў.

Ёсць цэнтр экалогіі, які кантралюе якасць вады, асабліва ў дні, калі на крыніцы збіраецца шмат паломнікаў, іншы раз бывае і больш за 20 тысяч чалавек у дзень.

Крыніца ўяўляе сабой невялікае возера з сіняй вадой, якая ніколі не замярзае. Тэмпература яе ў любую пару года складае 5˚С. Пад возерам на глыбіні 2,5 метра ёсць кратэр, з якога бюць падземныя воды. Прыблізная глыбіня шахты – каля 300 метраў. Кожную секунду адтуль на паверхню вырываецца 60 літраў вады.

Вада ў крыніцы прыгодная для піцця і моцна мінералізаваная, таму аказвае на арганізм чалавека лячэбнае ўздзеянне. Лічыцца, што калі перайсці возера тры разы, ніякая хвароба не прычэпіцца. Гаючыя ўласцівасці вады і прывабліваюць паломнікаў. Людзі лічаць, што вада і жаданні выконвае.

Тэрыторыя, дзе знаходзіцца крыніца, была забруджана падчас аварыі на  Чарнобыльскай АЭС. У крыніцы яна чыстая. Аб гэтым сведчаць навуковыя даследаванні.

Людзі прыязджаюць на крыніцу сем’ямі, з дзецьмі, дарэчы, і малых акунаюць у ваду, а большыя, нават, плаваюць у ёй. Вада, канешне, халодная, і не кожнаму ўпершыню хапае смеласці і здароўя перайсці тройчы возера. Многія робяць гэта не адразу. Затое, калі выходзіш з вады, па нагах разліваецца прыемнае цяпло…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара. Заканчэнне будзе.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *