“У Крычаўскае княства”: краязнаўчая вандроўка з Чэрвеньскім клубам “Бонда” (працяг)

Год малой радзімы Культура Общество

(Пачатак 27 і 29 ліпеня). Па дарозе да Чэрыкава ад экскурсавода мы даведаліся, што упершыню мястэчка ўзгадваецца пісьмова ў 1460 годзе.

У пачатку XVII стагоддзя Чэрыкаў атрымаў статус горада, а ўжо ў 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза падараваў гораду Магдэбургскае права і герб.

З сярэдзіны  XVII і да пачатку XVIIІ стагоддзя Чэрыкаў і яго наваколле моцна пацярпелі ад шматлікіх ваенных дзеянняў, якія вяліся на тэрыторыі раёна.

У Чэрыкаве мы ўбачылі прыгожы храм – царкву Ражства Прасвятой Багародзіцы. З’явілася яна ў горадзе адносна нядаўна: у 90-х гадах мінулага стагоддзя. Пад царкву быў выдзелены будынак дарэвалюцыйнай пабудовы. Ён быў узведзены на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў і першапачаткова выкарыстоўваўся як жылы дом. Пасля рэканструкцыі з’явілася званіца і дзве цыбульныя галоўкі.

Мы даведаліся таксама, што ў Чэрыкаве быў яшчэ адзін храм – каталіцкі. Гэта касцёл у Імя Дзевы Марыі. Ён дзейнічаў да сярэдзіны ХХ стагоддзя. У 1950 годзе яго зачынілі. Будынак быў рэканструяваны ў савецкай стылістыцы. Пасля завяршэння работ у ім размясціўся Дом культуры.

Пагуляўшы па гораду, палюбаваўшыся на яго цэнтральную плошчу і вуліцы, наша экскурсія накіравалася далей – у Слаўгарадскі раён.

Па дарозе да райцэнтра – Слаўгарада — са слоў экскурсавода мы даведаліся, што раней горад называўся Прапойск.  Назва пайшла ад слова “пропа” – мясцовыя людзі так называлі пратоку паміж рэкамі Проня і Сож. Гарадок стаяў яраз ля гэтай пратокі, таму і называўся Прапойск. Калі савецкія войскі вызвалілі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, (а была такая традыцыя: вайсковаму злучэнню, якое вызваляла мястэчка, даваць яго назву, напрыклад, Рагачоўская дывізія), то дывізіі, якая вызваліла Прапойск, трэба было прысвойваць адпаведнае імя. Яго палічылі немілагучным і горад у 1945 годзе перайменавалі ў Слаўгарад.

У цэнтры горада мы ўбачылі прыгожую царкву Ражства Прасвятой Багародзіцы, якая была пабудавана ў 1791-93 гадах. Гэта – цэлы ансамбль царквы і званіцы – помнік архітэктуры класіцызму.

Праектаваў храм, яркі прадстаўнік класіцызму, рускі архітэктар Мікалай Львоў – аўтар Неўскай брамы Петрапаўлаўскай крэпасці, паштамта ў Санкт-Пецярбургу, знакамітага Гатчынскага палаца, Барысаглебскага сабора ў Таржку, сядзібных комплексаў у Маскоўскай і Наўгародскай абласцях.

Да 1930 года храм быў галоўным праваслаўным прыходам раёна, пасля быў зачынены і выконваў ролю падсобнага памяшкання прыстані. У гады вайны моцна пацярпеў ад артабстрэлу, быў назіральным пунктам немцаў. У 1987 годзе храм пердадзены праваслаўнай абшчыне, якая дзейнічае і зараз. Будынак уяўляе сабой гісторыка-культурную каштоўнасць і абараняецца дзяржавай.

Далей наш шлях ляжаў на славутую у Беларусі «Голубую криницу».

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара. Працяг будзе.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *