Твае людзі, Чэрвеншчына. Фёдар Шчурок з Чэрвеня адзначае юбілей

Люди и судьбы Общество

1 ліпеня Фёдару Сцяпанавічу Шчурку споўнілася 70, а ў тыя далёкія 50-я гады, калі ён быў маленькім хлапчуком, на пытанне “Калі ты нарадзіўся?” ён заўсёды адказваў: “Як касілі траву”.

Сапраўды, хто ў той час правіў дні нараджэння малым дзецям? І хто дакладна ведаў дзень, калі нарадзіўся? Добра, што хоць ведаў пару – сенакосную. Таму і працаваць хлопец навучыўся з маленства: у вялікай сям’і, дзе было ажно дзесяць дзяцей, усе мелі свае абавязкі. І Фёдар, які быў дзевятым дзіцем, цягнуўся за старэйшымі пяццю братамі і чатырма сёстрамі, у яго нават свая маленькая каса была…

Бацька працаваў лесніком, маці – у калгасе, пазней даглядала дзяцей. Ёй прысвоена званне “Мать-героиня” і ўручаны аднайменны ордэн “Мать-героиня” — залатая зорка. Такой ўзнагароды і звання ўдастойваліся жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі 10 і болей дзяцей. Розніца ва ўзросце паміж Фёдарам і самай старэйшай сястрой была 20 гадоў. Сумуе ён, што засталося іх зараз толькі пяцёра…

Гаспадарка ў бацькоў была вялікая: конь, дзве каровы, пчолы, не лічачы свіней і птушкі. Работы хапала ўсім. Працавалі на зямлі, пасвілі кароў,  хадзілі ў калгас палоць кукурузу, буракі, лён ірваць, снапы дапамагалі вязаць на коннай жняярцы.

У школу пайшоў з васьмі гадоў. Спачатку школа была ў роднай вёсцы Туры Смалявіцкага раёна, а як трэба было Фёдару ісці ў першы клас, яе зачынілі. У суседнюю вёску Шыпяны ў сем гадоў бацькі дзіця не пусцілі, бо быў хлопчык маленькі ростам. Жартавалі, маўляў, згубішся яшчэ дзе ў снезе. Адправілі ў восем гадоў. У пачатковую школу хадзіў спачатку ў Шыпяны за 3 кіламетры, пазней — у Верхменьскую сярэднюю школу амаль за 8 кіламетраў. Усё пешшу – туды і назад. І стомы не адчуваў, нават яшчэ па дарозе дамоў разам са ўсімі дзецьмі ў хакей гуляў, у футбол.

Многія яго аднакласнікі скончылі толькі 8 класаў. Дзесяць скончылі Фёдар і дзве дзяўчыны. Марыў хлопец стаць лётчыкам. Паступаў у лётнае вучылішча. Прайшоў раённую медыцынскую камісію, а абласную з-за праблемы з насавой пазухай – не прайшоў. Здавалася б, — дробязь, але ж у лётчыкі патрэбна было выключнае здароўе. Угаварыў хлопца Смалявіцкі ваенком паступаць у ваенна-медыцынскую акадэмію ў Ленінград. І ён паехаў. Здаў экзамены… Але не прайшоў па конкурсе.

У гэты час старэйшы за Фёдара брат вярнуўся з войска і меў намер давучвацца ў Горкаўскай сельгасакадэміі, з якой яго прызвалі служыць. Бацькам было цяжка вучыць адразу дваіх сыноў, і Фёдар прыняў рашэнне пайсці спачатку ў войска. Служыў у Германіі і ўвесь час яго не пакідала надзея звязаць свой лёс з арміяй. Камандзір узвода, які раней служыў ва Уруччы, убачыўшы здольнасці маладога салдата да тэхнікі, параіў паступаць пасля дэмабілізацыі ў Мінскі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. І калі Фёдар дэмабілізаваўся, а гэта было 23 лістапада 1970 года, яму далі накіраванне ў гэты інстытут на пыдрыхтоўчае аддзяленне інжынернага факультэта. З 1 снежня і прыступіў да вучобы.

Вучоба захапіла. Армія загартавала юнака не толькі фізічна. Ужо падчас вайсковай службы ён зразумеў, што ўмее ладзіць з людзьмі, знайсці да чалавека падыход, згуртаваць калектыў. Там і стаў кандыдатам у Камуністычную партыю. Раз не лёс быў стаць лётчыкам, вырашыў стаць дырэктарам саўгаса. Падабалася сельская гаспадарка. Скончыў інстытут ў 1976 годзе. Прыехаў у Чэрвеньскі раён у калгас “Бальшавік” галоўным інжынерам. У Фёдара быў вольны дыплом: у бацькі былі ўжо праблемы са здароўем і сыну хацелася быць бліжэй да родных. Ён увесь час ірваўся дамоў, дапамагаць бацькам. Аднойчы, яшчэ у інстытуце, яго заахвоцілі пуцёўкай у Чэхаславакію. Адмаўляўся, трэба ж сена касіць. Кіраўніцтва інстытута настаяла: табе такі гонар, усяго 8 чалавек са ўсяго курса выбралі, а ты – сена… Прыйшлося ехаць. 

А на размеркаванні настойліва прапаноўвалі застацца ў інстытуце вызваленым сакратаром камітэта камсамола і паступаць у аспірантуру. Вопыт камсамольскай работы да таго быў вялікі – быў сакратаром камітэта камсамола дывізіёна (яшчэ ў войску) і свайго факультэта. Адкрыты, уважлівы, добразычлівы, з агеньчыкам. Менавіта такога бачылі камсамольскім лідэрам. Адмовіўся. А яшчэ — камісіі спадабаўся дакладны і прыемны голас выпускніка, маўляў, на голас Левітана падобны.  Прадракалі яму і будучае дыктара, нават запрашалі на тэлебачанне. Фёдару і самому спадабалася гэтая каларытная фігура. Ён заўсёды лічыў, што ў чалавека – неабмежаваныя магчымасці, вывучаў спецыяльную літаратуру пра самаўдасканаленне, шмат чытаў пра Левітана, нават мог вельмі добра імітаваць яго. Яшчэ падчас службы ў войску дэманстраваў гэта хлопцам. Тыя вельмі здзіўляліся: калі не бачыць яго – можна і не сумнявацца, што гэта Левітан…

Чэрвень сустрэў маладога спецыяліста гасцінна. Пачаў працаваць галоўным інжынерам у калгасе “Бальшавік”. Старшынёй гаспадаркі быў толькі што прызначаны Міхаіл Пятровіч Хурсевіч замест пайшоўшага на заслужаны адпачынак Сямёна Майсеевіча Стэльмашонка. Але доўга папрацаваць не давялося: не прайшло і года — забралі ў райкам партыі на пасаду інструктара. Амаль праз два гады накіравалі дырэктарам саўгаса “Ніва”.

Прыгадвае Фёдар Сцяпанавіч, што саўгас у той час займаўся вытворчасцю агародніны: памідораў, агуркоў, буракоў, капусты, цыбулі. Тады ішла рэарганізацыя і Міністэрства сельскай гаспадаркі: утварылі Міністэрства плодаагроднінай гаспадаркі, быў створаны малочна-бульбаводчы  трэст “Волма”. Гаспадарка падпарадкоўвалася гэтаму трэсту. Гэты перыяд работы ўзгадвае ветэран працы з цеплынёй:

— Быў вельмі добры заатэхнік у гаспадарцы Мікалай Васільевіч Галкоўскі. І мы падбіралі калектыў. Каб штосьці добрае атрымалася, трэба было стварыць каманду. І мы сабралі такіх людзей. Працаваў крыху больш за 4 гады, шкада, што падвяло здароўе…

Фёдару Сцяпанавічу зноў прапаноўвалі вярнуцца ў райкам, прапанавалі на выбар яшчэ ўпраўленне сельскай гаспадаркі і інспекцыю “Дзяржстраху”. Пайшоў у апошнюю. Яна ў той час займала апошняе месца па паказчыках у Мінскай вобласці. Давялося новаму дырэктару зноў пачынаць работу на новым месцы са стварэння калектыву. І калектыў склаўся. 32 гады прарабіў ён дырэктарам прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па Чэрвеньскаму раёну. Працавалі дружна, зладжана, атмасфера панавала добрая. Заўсёды было ўзаемаразуменне, падтрымка, добразычлівасць. Так працуюць і зараз,  традыцыі калектыву захоўваюцца.  Займалі лідзіруючыя месцы не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы. Прадстаўніцтва неаднаразова было і на Дошцы гонару ў рэспубліцы, і ў вобласці. Засталіся ва ўстанове добрыя спецыялісты. Працуюць яны і цяпер.

Аб добрых выніках работы ўстановы сведчаць шматлікія Ганаровыя граматы розных узроўняў: рэспубліканскія, абласныя і раённыя, якімі ўзнагароджаны Фёдар Сцяпанавіч і яго калектыў: і па лініі асноўнай дзейнасці і ад прафсаюзаў. Фёдар Сцяпанавіч вёў і грамадскую работу: на працягу многіх гадоў узначальваў райкам прафсаюза работнікаў дзяржаўных органаў. Асабістыя яго заслугі не засталіся без увагі: ён мае знак “Выдатнік “Белдзяржстраху” – за дасягненне высокіх вынікаў у працы. Яшчэ ў войску быў узнагароджаны медалём “За воинскую доблесть. В ознаменование 100-летия со дня рождения В.И.Ленина”.

На заслужаны адпачынак пайшоў у 2015 годзе, адпрацаваўшы ўжо на пенсіі яшчэ пяць гадоў.

Кіраўніка, добрасумленнага чалавека, яго добра ведаюць у раёне, таму і прапаноўваюць яшчэ папрацаваць. Працаваў у Чэрвеньскім прафесійным будаўнічым іицэі. Вось і зараз хутка будзе год, як працуе Фёдар Сцяпанавіч ў Чэрвеньскім аўтапарку №20 вядучым інжынерам. Усведамленне сваёй запатрабаванасці, як спецыяліста, надае чалавеку настрою і жадання працаваць, адсюль і самаадчуванне паляпшаецца.

Зараз галоўнае захапленне ў Фёдара Сцяпанавіча – градкі. Па маладосці бывала, на паляванне хадзіў, пасля закінуў гэта. Любіць ён на зямлі папрацаваць, гэта – з дзяцінства. Каб штосьці вырасла, трэба добра завіхацца. Такое меркаванне ў гаспадара. Ён увесь час цікавіцца навінкамі агратэхнікі вырошчвання і агародніны, і садавіны, з поспехам усё гэта прымяняе на сваім участку. Яно і відна. Вялікі агарод, дзе не проста расце шмат рознай агародніны, — кожная расліна адчувае сябе тут утульна і аддзячвае гаспадару буйным ростам і квеценню. Агуркі з адкрытага грунту ўжо не першы дзень на стале. Зрэюць памідоры, дружна цвіце бульба. Радуюць вока ягады агрэсту, парэчак і буякоў, якія зрэюць на сонцы. Ад вялізнай градкі з трускалкамі ажно пах ідзе… Дагледжаныя садовыя дрэвы: грушы, яблыні, слівы, вішні. Ранняя – уся чырвоная ад спеючых пладоў.

Усе гэтыя хатнія клопаты Фёдар Сцяпанавіч дзеліць са сваёй жонкай – Галінай Генадзьеўнай, знаёмства з якой пачалося роўна 45 гадоў таму з таго моманту, як упершыню ўбачыў яе ў парку Чалюскінцаў у Мінску. Заканчаваў тады Фёдар чацвёрты курс інстытута і пасля чарговага экзамену ў летнюю сесію пайшоў з сябрам пагуляць… З таго часу і не расставаліся з Галінай. А яна вучылася ў Мінскім радыётэхнічным тэхнікуме. Вяселле згулялі праз год.

         Дзве дачкі нарадзіліся ў сям’і: старэйшая Наташа пайшла па слядах бацькі — працуе дырэктарам прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па Фрунзенскаму раёну г.Мінска, яны з мужам выхоўваюць сына Мікіту, які сёлета скончыў школу. Малодшая дачка Іна працуе загадчыкам дзіцячага садка ў Цэнтральным раёне Мінска. У яе сям’і двое дзяцей — Маша і Иван.

         Часта збіраюцца ўсе разам у вялікім і ўтульным бацькоўскім доме, дзе ёсць месца кожнаму, дзе чакаюць дзяцей і ўнукаў, дзе пануе згода, цяпло і любоў…

         Віншуем Вас, шаноўны Фёдар Сцяпанавіч з юбілеем! Зычым моцнага здароўя і доўга яшчэ быць у страі.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

P.S. Ад Чэрвеньскага раённага савета ветэранаў яго старшыня Іван Ладуцька павіншаваў Фёдара Сцяпанавіча з юбілейнай датай. Ён пажадаў яму моцнага здароўя, бадзёрасці, аптымізму, сямейнага дабрабыту і ўручыў падарунак.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *