Брыльянтавае вяселле Навакоўскіх з вёскі Ляды: іх каханне пачалося яшчэ ў 8 класе

Люди и судьбы Общество

У тыя далёкія 50-я гады людзі саромеліся выстаўляць свае пачуцці напаказ. Так і юныя Вольга і Баляслаў маглі толькі  сэрцам адчуць, што падабаюцца адзін аднаму…

Вольга Рыгораўна — лядзенская, а Баляслаў Анатольевіч родам з суседняй вёскі Старыя Дарогі. Вучыліся ў адным класе, хаця Баляслаў старэйшы за Вольгу на два гады: яна з   1939 года, а ён – з 1937-га. Сталі сустракацца толькі пасля выпускнога вечара, калі Баляслаў правёў любімую дзяўчыну дадому…

У школе абодва вучыліся добра: Баляслаў быў вельмі здольны да матэматыкі, Вольга была адной з лепшых вучаніц. Марылі аб тым, як далей будаваць сваё жыццё: Баляслаў хацеў адразу адслужыць у войску, а Вольга думала стаць настаўніцай. Лёс унёс свае карэктывы ў іхнія планы і надзеі. Баляслаў раптоўна захварэў на рэўматызм, а Вольга, здаўшы экзамены ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, не прайшла па конкурсу. Яе класны кіраўнік параіла дзяўчыне пайсці ў бібліятэчны тэхнікум. Яна так і зрабіла. Паступіла туды завочна і пачала працаваць у школьнай бібліятэцы ў роднай Лядзенскай школе.

Баляслава ў войска не ўзялі, не прайшоў камісію. Не здзейснілася мара паслужыць у дэсантных войсках: давялося доўга лячыцца. А тут неўзабаве бацькаў сваяк з Мінска прыехаў. Даведаўшыся аб праблемах пляменніка, дапамог уладкавацца на вучобу ў Мінск: у Доме афіцэраў у той час працавалі курсы вадзіцеляў. Пасля іх заканчэння вярнуўся дадому, яго ўзялі на работу ў Лядзенскую МТС.

Праз тры гады пасля заканчэння школы маладыя ўзялі шлюб. Было гэта ў 1960 годзе. Вольга да даго часу скончыла ўжо тэхнікум і ёй прапанавалі выкладаць у пачатковых класах замест настаўніцы, што пайшла ў дэкрэт.

Дом будавалі самі, вырашылі, што трэба сяліцца побач з мамай Вольгі – будзе дапамога, калі з’явяцца дзеці. Першанец не заставіў доўга чакаць: праз пэўны тэрмін тут жа з’явіўся на свет. Раней не сядзелі па тры гады ў адпачынку па догляду за дзіцем. Вось і спатрэбілася ўжо бабульчына дапамога. Праз тры гады нарадзіўся і другі сынок, а Вольга паступіла ў БДУ імя У.І.Леніна на філалагічны факультэт па спецыяльнасці руская мова і літаратура завочна. Цяжка было: работа, сям’я, двое дзяцей, адно з якіх – немаўля… Зараз жанчына прыгадвае, што толькі маладосць, спрытнасць, жаданне вучыцца далі сілы на ўсё і, канешне, — матчына дапамога і падтрымка мужа.

Усё жыццё Вольгі Рыгораўны было звязана з Лядзенскай школай. І пасля таго, як выйшла на заслужаны адпачынак, яшчэ 8 гадоў працавала ў школе. Выкладала не толькі рускую мову, але і родную мову і літаратуру. Яе вучні былі пастаяннымі ўдзельнікамі алімпіяд, нават рэспубліканскага ўзроўню. Канешне за такі працяглы час работы назапасіўся вялікі вопыт. За добрасумленную працу мае настаўніца шмат узнагарод. Гэта Граматы – абласныя і раённыя ад кіраўніцтва раёна і аддзела адукацыі, ад абласнога ўпраўлення адукацыі.

Пра настаўніцу з удзячнасцю ўспамінаюць вучні. І зараз яны тэлефануюць, калі бываюць у роднай вёсцы, наведваюць Вольгу Рыгораўну. Некаторыя былыя вучні пайшлі па яе слядах – сталі філолагамі.

Баляслаў Анатольевіч таксама не хацеў адстаць ад жонкі: у  1972 годзе скончыў Бабруйскі  аўтатрактарны тэхнікум. У саўгасе “Ляды” яго паставілі механікам у майстэрню – забяспечваў работу ўсіх механізатараў і вадзіцеляў. Быў сакратаром цэхавай партыйнай арганізацыі.

Праз некаторы час дырэктар школы запрасіў працаваць да сябе, выкладаць падмет “аўтасправа”. Гэтая работа захапіла, выкладаў трактар, камбайны, іншую сельскагаспадарчую тэхніку. Разам з Вольгай Рыгораўнай дома абмяркоўвалі агульныя школьныя праблемы, пытанні. Працаваць было цікава. Вучні тады ў выпускном класе здавалі экзамены і атрымлівалі пасведчанні трактарыстаў. А неаторыя і па сённяшні дзень працуюць у сельскай гаспадарцы раёна. На пасадзе выкладчыка працаваў Баляслаў Анатольевіч да таго моманту, пакуль не арганізавалі работу раённага вучэбна-вытворчанга камбіната… А тут неўзабаве захварэў, увогуле давялося работу пакінуць…

А жыццё працягваецца. Якія б цяжкасці ні сустракаліся на шляху гэтай дружнай сямейнай пары, яны заўсёды разам: у горы і ў радасці, у хваробе і ў здароўі, як у той клятве, якую далі адзін аднаму 60 гадоў таму.

Два іх сыны Анатоль і Алег вучыліся добра. Меньшы Алег атрымаў залаты медаль, скончыў радыётэхнічны інстыттут. Працуе ў Мінску ў Белтэлекаме. Анатоль  скончыў інстытут механізацыі. У яго дзве дачкі. Старэйшая скончыла школу з сярэбраным медалём а потым – два інстытуты: культуры і народнагаспадарчы. Малодшая дачка — педуніверсітэт імя М.Танка.

У малодшага сына — адзін сын Іван. Пайшоў па слядах бацькі і вучыцца ў радыётэхнічным універсітэце. Ёсць у дзядулі з бабуляй і праўнук, якога падарыла старэйшая ўнучка.

Яны і зараз з пяшчотай пазіраюць адзін на аднаго. Вольга Рыгораўна – з гарэзлівай усмешкай, а Баляслаў Анатольевіч – з замілаваннем. Па ўсім відаць, што тон жыццю задае жонка – энергічная і рухавая, яна з цікавасцю ставіцца да ўсяго, што адбываецца ў свеце, на вёсцы, у раёне. Яны з радасцю сустракаюць дзяцей і ўнукаў, па меры магчымасці працуюць на сваім прысядзібным участку. А раней трымалі і скаціну. З усім спраўляліся, таму што заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго, усю работу дзялілі пароўну…

Вольга Рыгораўна і Баляслаў Анатольевіч адзначылі брыльянтавае вяселле. Жадаем вам, шаноўныя, і надалей ячшэ доўгія гады крочыць разам па жыцці, мець добрае здароўе і добры настрой.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *