Валерый Захараў выкладае родную мову ў Хутарскай сярэдняй школе. Ён рамантык у душы. Піша кранальныя вершы аб радзіме, бацькаўшчыне, земляках.
У кроплю росную ўвойдзе сонца,
Кране бусліны клёкат цішыню –
Не сквапны я, ды ўсё ж да донца
Вазьму з сабой, калі сыду:
Матулін позірк, шчыры ды адкрыты,
І бацькі слова, строгае-загад,
І двор ля хаты, свежы, як памыты,
Дзе месца ўзяў зрадзелы сад.
Узяць яшчэ сцяжынку мушу –
Што неўпрыкмет сышла ў бальшак,
Як колам, абагнуўшы дзічку-грушу,
Пладоў якой – забыты смак.
Я не пакіну лес яшчэ таксама:
Мне ён суцішыць болю дні –
З маліннікам, што каля дуба прама,
Дзе ягады, бы ў жмені вугалі.
Рачулку грэх пакінуць свету,
У зеляніне берагоў – яшчэ здаля –
Мая блакітная далёкая планета,
Што за гадзіну ходу ад сяла.
Бы мех, вазьму за спіну ў дарогу
Абразы, гора… Колькі лёс сабраў!
Шкада, бяздумна, можа, і падоўгу
Падчас і дзецям крыўду раздаваў…
Сыду аднойчы… Знаю, не бясконца
Мой лёс ўкладзены ў час жыцця –
Не сквапны я… Пакіну ўсё да донца:
Хай не збяднее для дзяцей Зямля!
Травень, 2020