Covid-19: чэрвеньская міліцыя кантралюе выкананне правілаў самаізаляцыі

Актуальное Общество

У Беларусі другі месяц дзейнічае ўведзеная пастановай урада самаізаляцыя грамадзян, у якіх дыягнаставаны каранавірус, і кантактаў 1-га, 2-га ўзроўняў з сімптомамі рэспіраторных захворванняў. Кантроль за яе выкананнем ускладзены на супрацоўніка    ў органаў унутраных спраў.  Як адбываецца гэты працэс на практыцы? Карэспандэнт “Раённага весніка” паўдзельнічаў у адным са штодзённых маніторынгаў выканання правілаў самаізаляцыі, якія ладзяць супрацоўнікі Чэрвеньскага РАУС. 

– Спісы грамадзян, для якіх устанаўліваецца рэжым чатырнаццацідзённай самаізаляцыі, з адрасамі і кантактнымі тэлефонамі мы фарміруем на падставе звестак з санэпідслужбы і цэнтральнай раённай бальніцы, – тлумачыць участковы інспектар міліцыі Віктар Апалчэўскі, з якім мы скіроўваемся ў адну з вёсак раёна. – На кожнага такога чалавека заводзім картку кантроля. Пры першай сустрэчы з ім тлумачым правілы паводзін у самаізаляцыі, вызначаныя Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 красавіка 2020 года №208 “Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства”. У прыватнасці, асобам, у якіх дыягнаставаны каранавірус, цалкам забаронена пакідаць памяшканне, у якім яны жывуць. А тым, хто з’яўляецца кантактам 1-га ўзроўню, дазваляецца наведваць адзін бліжэйшы да месца жыхарства магазіна і адну аптэку, а таксама – выносіць смецце. Пры гэтым абавязкова трэба выкарыстоўваць маску і пальчаткі.
Усіх, хто знаходзіцца на самаізаляцыі, мы кантралюем штодня. Гэта можа быць сувязь па тэлефоне або праз інтэрнэт-месенджэр “Viber”, а таксама – наведванне па месцы жыхарства…
Па прыезду ў вёску спыняемся ля пазначанага ў спісе дома. Віктар Апалчэўскі тэлефануе гаспадыні, якая з’яўляецца кантактам 1-га ўзроўню. Праз хвіліну яна выходзіць з хаты ў двор. Супрацоўнік міліцыі занатоўвае вынік праверкі: парушэнняў не зафіксавана. А я цікаўлюся, як жанчына патрапіла на самаізаляцыю і як адчувае сябе ў незвычайных умовах.
– Адна з маіх калег захварэла на каранавірус, – кажа яна. – І я, адпаведна, стала кантактам першага ўзроўню. Цяпер чакаю выніку тэсту. Спадзяюся, што ён будзе адмоўным. Прынамсі, відавочных сімптомаў хваробы ў мяне няма. Канешне, сітуацыя не дужа прыемная, бо ў мяне – дзеці. Таму і дома нашу маску, карыстаюся асобным посудам. Да самаізаляцыі стаўлюся з разуменнем: трэба берагчы не толькі ўласнае здароўе, але і навакольных…
Па наступнаму адрасу жанчына, кантакт 1-га ўзроўню, якой прадпісаны рэжым самаізаляцыі, як і належыць, знаходзіцца дома. Перамаўляемся з ёй праз плот, трымаючы бяспечную дыстанцыю.
– Ну, у Вас ужо апошнія дні самаізаляцыі, – заўважае Віктар Апалчэўскі.
– На жаль, не, – кажа жанчына. – Толькі што патэлефанавалі з бальніцы: мой тэст на каранавірус – станоўчы. Але стаўлюся да гэтага спакойна, без панікі. Дзякуй Богу, ускладненняў няма. Ды і я сябе нармальна адчуваю. Але трэба быць асцярожным, каб не стварыць праблем для іншых людзей…
І па трэцяму адрасу, у Чэрвені, парушэння рэжыму самаізаляцыі не было выяўлена. Мужчына, які працуе ва ўстанове сацыяльнай сферы, стаў кантактам першага ўзроўню, бо захварэла на каранавірус жонка. Ён распавёў, што адказна паставіўся да праблемы і сышоў у адпачынак за некалькі дзён да таго, як атрымаў афіцыйнае патрабаванне аб самаізаляцыі.
На апошнім, вясковым, пункце маніторынгу пад кантролем міліцыі – вадзіцель-экспедытар.
– Так званыя дальнабойшчыкі не з’яўляюцца хворымі або кантактнымі, – тлумачыць Віктар Апалчэўскі. – Але яны таксама – у спісе асоб, якія падлягаюць чатырнаццаці-
дзённай самаізаляцыі, паколькі выязджаюць за межы ў краіны з неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыяй. Праўда, маюць права перапыніць яе, як толькі з’явіцца неабходнасць зноў выправіцца ў рэйс.
Вадзіцеля-экспедытара заспяваем на прысядзібным участку. Ён знаходзіцца ў межах падворка, таму рэжым самаізаляцыі не парушаны.
– Сам я – мінчанін, а тут у мяне дача, – кажа мужчына. – Паколькі месца самаізаляцыі можна выбіраць, я абраў вёску. Тут нашмат менш рызыкі падхапіць інфекцыю, чым у Мінску. Гэтак жа, як і ў рэйсе. За мяжой – вельмі строгія меры перасцярогі, ды і з машыны мы амаль не выходзім: спім, харчуемся ў кабіне. У вёсцы нядоўга прабуду: напрыканцы тыдня напарнік вернецца з рэйсу, я загружуся і паеду ў Літву, затым – у Германію.
Падсумоўваючы вынікі маніторынгу, Віктар Апалчэўскі заўважыў, што пераважная большасць тых, хто знаходзіцца на самаізаляцыі, прытрымліваецца вызначаных правілаў паводзін. Але ёсць і выключэнні. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты чатыры жыхары раёна. Два з іх на момант праверкі не знаходзіліся па месцы самаізаляцыі, яшчэ два – наведвалі магазіны без масак і пальчатак. Яны пакараныя штрафамі ў памеры 25-30 базавых велічынь. Максімальны ж штраф за парушэнне правілаў самаізаляцыі – 50 базавых велічынь.
Задзейнічаны супрацоўнікі міліцыі і ў кантролі за рухам транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць транзітныя перавозкі праз тэрыторыю нашай краіны.


– Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2020 года  № 171 “Аб мерах па прадухіленню завозу і распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19”, вызначаны пералік рэспубліканскіх аўтадарог, па якіх дазваляецца рухацца транзітным транспартным сродкам, а таксама – пунктаў прыпынку (стаянкі) для адпачынку і харчавання вадзіцеляў, запраўкі аўтамашын, – распавёў старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Чэрвеньскага РАУС Аляксандр Манулік. – Аўтадарога М-4 “Мінск – Магілёў” не ўваходзіць у названы пералік. Адпаведна, транзітным перавозчыкам увогуле нельга па ёй рухацца. У той жа час, па “магілёўцы” могуць вольна ездзіць аўтамашыны, якія ажыццяўляюць двухбаковыя грузавыя перавозкі: напрыклад, з Беларусі ў Расію. Такім чынам, штодзённая задача экіпажаў дарожна-патрульнай службы – правяраць дакументы на груз, у якіх адлюстравана, адкуль і куды едзе той ці іншы вадзіцель-экспедытар. “Ахвочых” парушаць пастанову няшмат, бо штраф – да 50 базавых велічынь. І, усё ж, 11 адміністрацыйных пратаколаў з пачатку яе дзеяння нашы супрацоўнікі склалі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *