Аляксандр Турчын віншуе жыхароў Міншчыны 75-й гадавінай Вялікай Перамогі

80 лет Великой Победе

Фота mpravda.by

Ад усёй душы віншую вас з 75-й гадавінай Вялікай Перамогі! У гісторыі нашага народа 9 мая 1945 года стала самай светлай і незабыўнай датай, сапраўды Святам са слязамі на вачах.
Перамога над самым крывавым агрэсарам усіх часоў была здабытая ахвярным гераізмам нашых байцоў у агні бітваў, непасільнай працай у тыле, дзе кавалася ўсё неабходнае для фронту.

Самыя цяжкія выпрабаванні абрушыліся на зямлю Беларусі, чые гарады і вёскі былі ператвораныя ў руіны і попел.

Зверствы акупантаў не зламілі дух народа. На свяшчэнную барацьбу падняліся і стары, і малы. Беларускія патрыёты змагаліся на ўсіх франтах, у партызанскіх атрадах, падполлі.

Вялікі ўклад у разгром ворага ўнесла і наша родная Міншчына. За доблесць і мужнасць, праяўленыя ў бітвах Вялікай Айчыннай, больш за 80 яе ўраджэнцаў і жыхароў удастоіліся звання Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.
На жаль, час не шкадуе нікога. Сёння ўсё менш і менш з намі жывых сведак і аўтараў Вялікага Подзвігу савецкага народа. Нізкі паклон вам, дарагія ветэраны!

Назаўсёды ў нашай памяці засталіся тыя, хто змог прайсці праз ваеннае ліхалецце, перад кім мы ў неаплатным даўгу. Вечная слава ўсім, хто аддаў жыццё за нашу свабоду, за шчасце будучых пакаленняў!

Наш абавязак – быць вартымі сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Няхай іх подзвіг заўсёды будзе для нас крыніцай гонару і натхняе на яркія здзяйсненні.
Са светлым святам вас, дарагія землякі!

З Днём Перамогі!

А. Г.Турчын,
старшыня Мінскага
абласнога выканаўчага камітэта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *