Краязнаўчыя вандроўкі з чэрвеньскім аматарскім клубам “Бонда”: у Касцяневічы, Крывічы і Будслаў

Год малой радзімы Духовность Общество

(Працяг. Пачатак у публікацыях за 18 и 23 сакавіка)  Далей шлях нашай краязнаўчай вадроўкі пралягаў праз вёску Касцяневічы. Вёска адметная тым, што ў ёй знаходзіцца велічны храм – касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Пабудаваны ён у 1763 годзе. Вялікая агароджа вакол храма ўзведзена пазней: сто гадоў таму.

Побач з касцёлам знаходзіцца плебанія (парафіяльная адміністрацыя і дом святара), якія былі пабудаваны ў пачатку 20-га стагоддзя. Касцёл у выдатным стане. Гэты храм наведваюць турысты і вандроўнікі па Беларусі. Ён вылучаецца прыгажосцю і закончанасцю ўсяго архітэктурнага ансамбля – касцёл, званіца, брама, агароджа, плебанія і цудоўна ўпісаны ў мясцовасць. Касцёл з’яўляецца важным архітэктурным помнікам, культурна-гістарычнай каштоўнасцю і славутасцю Беларусмі. Прыгажосцю адрозніваеца і ўнутранае ўбранства храма.

Наступным прыпынкам была вёска Крывічы. У ёй аб’ектам нашай увагі стаў касцёл Святога Андрэя Апостала. Па словах экскурсавода, спачатку тут быў заснаваны манастыр трынітарыяў, манахаў-католікаў ордэна Святой Троіцы.  Гэтая арганізацыя з’явілася ў Еўропе яшчэ ў 12 стагоддзі і ў яе была задача: выкупаць няшчасных хрысціян, якія трапілі ў палон да мусульман. Іх выкупалі і вярталі на радзіму, асабліва падчас крыжовых паходаў. У Крывічы трынітарыяў запрасіў у 18 стагоддзі мясцовы шляхціч Андрэй Укольскі. Пры манастыры быў пабудаваны драўляны храм, а ў 1796 годзе ў стылі барока – каменны.

Прыгожае ўнутранае ўбранства касцёла. Алтар упрыгожаны пазалочанай лепкай і статуямі святых. У цэнтральнай нішы знаходзіцца статуя Хрыста з Назарэта, якая была прывезена з Антокля, прадмесця Вільні і якая ўшаноўваецца як цудатворная. У адным стылі з алтаром выкананы амвон, які ўпрыгожаны пазалочанай драўлянай разьбой.

З Крывічаў наша экскурсія накіравалася ў Мядзельскі раён у мястэчка Будслаў. Тут знаходзіцца касцёл Маці Божай Будслаўскай. Храм знакаміты тым, што ў ім захоўваецца цудатворны абраз маці Божай Будслаўскай. Пра тое, якія цуды ўтвараюцца абразам, была напісана цэлая кніга ажно ў 1650 годзе. Абраз маці Божай Будслаўскай быў падараваны віленскаму ваяводзе Яну Пацу ў 1598 годзе Папам Рымскім Кліментам VIII. Абраз Ян Пац аддаў манахам-бернардзінцам, якія аселі ў Будславе. Выкананы ён у стылі позняга рэнесанса алейнымі фарбамі на палатне, памерам 72 х 65 см і замацаваны на раме. 

Манахі-бернардзінцы спачатку пабудавалі ў 1591 годзе маленькі драўляны храм, а пазней – мураваны – прыгожы касцёл па праекце нямецкага архітэктара з Полацка Андрэаса Кромера ў 1643 годзе.

Калі праз 140 гадоў і гэты храм стаў малым для вялікай колькасці прыхаджан, вырашылі пабудаваць новы, прычым стары храм поўнасцю не зруйнавалі і алтарная частка былога храма захавалася. Яна стала ўнутранай капліцай новага гіганцкага сабора, будаўніцтва якога завяршылася ў 1783 годзе. Касцёл быў асвечаны ў гонар Небаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі епіскапам Францішкам Алаізам Гзоўскім.

Да абраза Маці Божай Будслаўскай прыязджаюць людзі рознага веравызнання. Лічыцца, што гэта не мае ніякага значэння: таму, хто шчыра верыць у цудадзейгасць абраза, ён дапамагае.

Мы мелі магчымасць падысці да абраза і прайсці за алтар, дзе знаходзіцца частка старога касцёла. Тут мы ўбачылі найпрыгажэйшы алтар, ён быў выраблены ў 1643 годзе майстрам па разьбе Пятром Грамелем, алтар мае два ярусы з дваццаццю пазалочанымі скульптурамі святых Старога Запавета.

Канешне з цягам часу ён састарэў і патрабуе рэстаўрацыі, якую мяркуецца выканаць у бліжэйшы час. Мы даведаліся, што касцёл – адзін з трох храмаў на Беларусі, які мае ганаровы тытул малой базілікі. Гэта ганаровае званне прысвойваецца Папам Рымскім выбітнай гістарычнай каштоўнасці, якая з’яўляецца месцам літургічнага і пастырскага паломніцтва, а таксама месцам з’ездаў каталіцкіх святароў.

Развітаўшыся з Будславам, мы зноў накіраваліся ў Вілейскі раён…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *