Краязнаўчыя вандроўкі з чэрвеньскім аматарскім клубам “Бонда”: у Далгінава, Камена і Альковічы

Год малой радзімы Культура Общество

(Заканчэнне. Пачатак у публікацыях за 18, 23, 24 сакавіка) Па дарозе да Далгінава са слоў экскурсавода, мы даведаліся, што ў гэтым мястэчцы арганізоўваліся вялікія кірмашы. Ад Мінска да Далгінава пралягаў вялікі шлях.

Мы пад’ехалі да касцёла Святога Станіслава. Гэты храм быў пабудаваны ў 1853 годзе на месцы старога храма (пабудаваны ў 1553 годзе) ў стылі позняга класіцызму і з’яўляецца помнікам архітэктуры і культурнай каштоўнасцю Беларусі.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны храм наведвала больш за 7 тысяч прыхаджан. Настаяцель яго Казімір Дарашкевіч дапамагаў яўрэям хавацца ад фашыстаў. У 1965 годы яго забілі бандыты. Касцёл застаўся без святара, але прыхаджане адстаялі храм ад закрыцця. Людзі збіраліся на малітву без святара. Толькі ў 90-я гады мінулага стагоддзя нармальнае функцыяніраванне храма было адноўлена.

У храме – пяць алтароў, галоўны выкананы ў стылі класіцызму. Справа ад храма знаходзіцца драўляная званіца.

Кіраўнік “Бонды” Станіслава Баркоўская зноў падрыхтавала нам сюрпрыз: аказваецца, яе зусім маленькую хрысцілі ў касцёле Святога Станіслава. Можна толькі ўявіць, што яна адчувала ў той час, калі зноў увайшла ў храм! З моманту хрышчэння яна ніколі ў ім не была…

Тут, у Далгінава, спрадвеку жылі побач людзі розных нацыянальнасцей. І жылі дружна. Аб гэтым сведчыць тое, што ў мястэчку былі і касцёл, і царква, і сінагога.

Троіцкая праваслаўная царква пабудавана ў 1870 годзе з белай цэглы. Велічная і прыгожая, яна бачна здалёк. Царква з’яўляецца аб’ектам турыстычных вандровак.

Паблізу ад царквы захаваўся будынак сінагогі. Толькі зараз ён знаходзіцца ў дрэнным стане. Мясцовыя жыхары ператварылі сінагогу ў сарай. У 1942 годзе падчас вайны ўсё яўрэйскае насельніцтва мястэчка было знішчана. Выратаваў 278 чалавек партызан Мікалай Кісялёў, ён здолеў вывесці іх за лінію фронта. Пасля вайны адважны партызан быў прызнаны Ізраілем праведнікам народаў свету.

Недалёка ад закінутай сінагогі ёсць і яўрэскія могілкі. У гонар загінуўшых падчас вайны яўрэяў тут устаноўлены манумент, на якім надпіс: “Мы не забудем никогда”. Аднак, могілкі закінутыя і параслі травой… 

З Далгінава мы накіраваліся ў вёску Камена. Мястэчка адметнае тым, што з яго пачалася краязнаўчая экспедыцыя графа Тышкевіча. У гонар яе тут на вялікім валуне ў 2007 годзе ўсталяваны памятны знак. Валуны ўвогуле – неад’емная частка беларускага краявіду. Яны сапраўдныя маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Некаторыя з іх невыпадкова называюцца гаворачымі. Гэта тыя, на якіх захаваліся даўно выбітыя надпісы. Найбольш вядомым культавым каменем з’яўляецца на Вілейшчыне Варацішын крыж.

Ён – своеасаблівы сімвал вёскі Камена. Менавіта яму яна абавязана сваёй назвай. Прынесены ён сюды ледавіком прыкладна 220-150 тысяч гадоў таму ў часы Дняпроўскага зледзянення. На ўсходняй бакавой паверхні каменя захаваўся шэраг старажытных знакаў. Гэта сведчыць аб тым, што камень быў язычніцкай святыняй. Адкрыў камень і ўпершыню замаляваў яго Канстанцін Тышкевіч у час навуковай экспедыцыі па рацэ Вілія.

Некаторыя даследчыкі адносяць камень да вядомых Барысавых камянёў, надпісы і крыжы на якіх выбіты па загаду полацкага князя Барыса Усяслававіча 1-й трэці XII стагоддзя ў час далёкага і цяжкага паходу, надпіс змяшчае ў сабе малітву аб дапамозе, звернутую да Бога.

Падзівіўшыся на вялізныя камяні, мы накіраваліся ў Альковічы. У гэтым мястэчцы  нас чакала цудоўнае відовішча – касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён збудаваны ў 1897 – 1902 годзе, асвечаны ў 1905-м у неагатычным стылі. Гэты храм нагадаў нам храм у Гервятах, які пабудаваны ў гэтым жа стылі, толькі буйнейшы. Вельмі прыгожае збудаванне, яно ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як помнік архітэктуры неаготыкі.

Храм, як і іншыя храмы, мае няпростую гісторыю: у 1950 годзе быў зачынены, у 1969-м – гарэў дах. У 1989 годзе храм вярнулі каталіцкім вернікам, адрэстаўрыравалі і зараз ён працуе. Сюды збіраюцца прыхаджане не толькі Альковічаў, але і суседніх вёсак.  У Альковічах і завяршылася наша цікавае падарожжа…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *