Краязнаўчыя вандроўкі з “Бондай”: пілігрымка ад Вілейкі да Будслава

Год малой радзімы Культура Общество

Гэта была неверагодна цікавая экскурсія па маляўнічым месцам Вілейшчыны з наведваннем святога мястэчка Будслаў. Наш шлях на Вілейку пралягаў праз Смалявічы і Лагойск.

З вакна камфартабельнага экскурсійнага аўтобуса мы палюбаваліся прыгожым Вілейскім водасховішчам і даведаліся пра тое, што яно самае вялікае штучнае возера на Беларусі. Яго плошча складае 64,6 кв. км. А яшчэ са слоў нашага экскурсавода мы даведаліся шмат цікавага пра гісторыю Вілейкі, якая мела першапачатковую назву Стары Куранец. Упершыню мястэчка ўзгадваецца ў 1460 годзе. З 1599 года – як мястэчка Вялейка. Раку мясцовыя жыхары называлі Вялля (Вілейка называлі палякі і назва ўкаранілася, адсюль і рака – Вілія). З 1795 года (ужо ў складзе Расійскай імперыі) Вілейка становіцца павятовым горадам, надаецца гораду герб: на чырвоным полі – рака з залатым коласам.

8 лістапада 1917 года ў Вілейцы была ўстаноўлена савецкая ўлада, якая пратрымалася да снежня 1918-га: горад быў акупіраваны германскімі войскамі. У 1919 – польскімі, а ў 1921-м годзе Вілейка адышла ў склад Польшчы і заставалася яе правінцыяй да 1939 года. Пасля ўваходу ў склад СССР Заходняй Беларусі Вілейка атрымала статус цэнтра Вілейскай вобласці, у якім і знаходзілася  амаль да канца другой сустветнай вайны.

Ад часоў, калі Вілейка была ў складзе Польшчы, у горадзе засталося шмат збудаванняў: бальніца, школа, гімназія, суд, будынак для пажарнай каманды і іншыя.

У Вілейцы жыў Максім Танк і працаваў ў мясцовай газеце.

Урэшце мы ў Вілейцы. Агляд горада пачалі з былой галоўнай плошчы – Свята-Гергіеўскай у 17-19 стагоддзях. Тут раней стаяла драўляная ўніяцкая царква, якая не захавалася. На яе месцы стаіць каплічка. Побач — помнік усім, хто змагаўся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны. У былым будынку пажарнай частцы размешчаны краязнаўчы музей.

Мы падышлі да будынка былой гімназіі, у якой у 1923 годзе выкладаў Уладзіслаў Страмінскі, мастак з сусветным імем. Цікава пра яго жыццё нам распавёў экскурсавод.

Далей мы накіраваліся на цэнтральную плошчу Вілейкі. Тут знаходзяцца велічныя і прыгожыя храмы: праваслаўны — Святой Марыі Егіпецкай і каталіцкі – касцёл Узвіжання Святога Крыжа.

Чаму менавіта ў гонар егіпецкай святой была названа праваслаўная царква – дакладна невядома, затое вядома, хто ахвяраваў на яе будаўніцтва грошы. Гэта камер-юнкер Апалон Рэдкіна. І узведзена яна была ў гонар рускіх воінаў, загінуўшых падчас паўстання Каліноўскага. Цікава, што на царкве ёсць гадзіннік. А яшчэ гэтая царква ніколі не зачынялася, нават у перыяд нямецкай акупацыі.

Касцёл Узвіжання Святога Крыжа, пабудаваны ў 1913 годзе ў неагатычным стылі. Ён узведзены з жоўтай цэглы. Складваеца ўражанне, што знаходзішся дзесьці ў Заходняй Еўропе, таму што (па словах экскурсавода) такая забудова – вялікая рэдкасць для Беларусі. Храм моцна пацярпеў падчас артабстрэлу падчас Першай сусветнай вайны, быў адрэстаўраваны. Пасля Вялікай айчыннай вайны яго зачынілі і ператварылі ў склад. Пазней храму быў нададзены статус помніка архітэктуры, пасля тут размяшчалася выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча.

Вернікі атрымалі храм толькі ў 1990 годзе. Храм наведвае вялікая колькасць вернікаў. А ўсяго у Вілейцы пражывае 27 тысяч насельнікаў.

З Вілейкі мы накіраваліся ў вёску Касцяневічы…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара (працяг будзе)

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *