Новазелянкоўская школа адзначыла стогадовы юбілей

Образование Общество

100 гадоў –  гэта многа ці мала? Для чалавека – гэта дастаткова шмат, а вось для школы – гэта сталы ўзрост. У верасні 2019 года нашай школе споўнілася 100 гадоў. Адсвяткаваць юбілей было вырашана разам з выпускнікамі розных гадоў на традыцыйным вечары сустрэчы ў першую суботу лютага.

Наша школа прайшла вялікі і слаўны шлях ад пачатковай да сямігодкі, затым да сярэдняй, а зараз  яна – вучэбна-педагагічнага комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа.

На вечар сустрэчы з’ехаліся выпускнікі розных гадоў. З дапамогай відэапрэзентацый мы змаглі здзейсніць віртуальнае падарожжа ў мінулае. З хваляваннем прысутныя ўглядаліся ў твары былых аднакласнікаў, з якімі пражылі цудоўныя 10 гадоў школьнага жыцця, настаўнікаў, якія аддавалі вучням часцінку сваёй душы і сэрца, каб яны  выраслі сапраўднымі людзьмі. У многіх на вачах з’явіліся слёзы, калі на экране яны ўбачылі сваіх аднакласнікаў і настаўнікаў, якія ўжо пайшлі з жыцця.

Гэта быў вечар успамінаў. Шмат цёплых слоў удзячнасці было адрасавана школе, настаўнікам,  ветэранам педагагічнай працы і асабліва былому дырэктару Філіпкову Яўгену Якаўлевічу, які аддаў школе без малога 30 гадоў. Цяперашні дырэктар Салаеў К.С. уручыў Філіпкову Я.Я. Ліст падзякі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі за  шматгадовую добрасумленную працу на ніве адукацыі і выхавання.

Успаміны, віншаванні, шчырыя словы ўдзячнасці перамяжаліся з песнямі, танцамі, якія былі падрыхтаваны цяперашнімі вучнямі і выхаванцамі нашай школы. Вечар прайшоў у шчырай сямейнай атмасферы.

Мянялася школа, змянялася назва, змяніўся нават будынак, але нязменнымі застаюцца дзіцячыя ўсмешкі, дапытлівыя погляды вучняў, якія працягваюць пісаць гісторыю школы ў новым стагоддзі.

Г.Зыль, настаўнік англійскай мовы Новазелянкоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *