У Дзяржынскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў чарговы, пяты па ліку, адкрыты фестываль-конкурс беларускай музыкі «Дзяржынскі куфэрак”. Мерапрыемства па традыцыі ладзіцца ў рамках праекта “Беларуская музычная спадчына — дзецям”.
Выхаванец Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў Дзмітрый Прышывалка сярод выканаўцаў на духавых інструментах стаў лаўрэатам І ступені ў сваёй узроставай групе. Настаўнік юнага музыкі, Іван Фарасцяны, за высокі ўзровень падрыхтоўкі канкурсанта быў адзначаны Граматай фестывалю-конкурсу.
Усе ўдзельнікі выконвалі па два творы беларускіх кампазітараў, адзін з іх абавязкова – аўтарства Аліны Безансон, выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, сябра Беларускага саюза кампазітараў і Беларускага саюза музычных дзеячаў, уладальніка нагруднага знака Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Яе сачыненні часта гучаць на сцэне Белдзяржфілармоніі і на іншых канцэртных пляцоўках краіны і замежжа. На фестывалі-конкурсу “Дзяржынскі куфэрак” яна заняла ганаровае месца старшыні жюры.
Нягледзячы на тое, што выступленне перад аўтарам выклікае асаблівае хваляванне, Дзмітрый Прышывалка на “выдатна” справіўся і з гэтым пачуццём, і з выкананнем на валторне двух твораў Аліны Безансон.
Па інфармацыі Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў