Дню роднай мовы ў Лядзенскай школе прысвяцілі конкурс чытальнікаў і “круглы стол”

Образование Общество

Ідэя адзначыць свята менавіта ў такім фармаце ўзнікла ў дырэктара школы Ірыны Змачынскай.

Гэтая няўрымслівая жанчына, цудоўны педагог, акрамя сваіх непасрэдных службовых абавязкаў з’яўляецца яшчэ і членам Грамадскага кансультатыўнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яна і запрасіла ў Лядзенскую школу гасцей: Алену Анісім, навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыню Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны; Уладзіміра Коласа, першага намесніка старшыні Таварыства беларускай мовы, першага прарэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча і Паўла Церашкевіча, кандыдата гістарычных навук, прарэктара па акадэмічнай рабоце Універсітэта імя Ніла Гілевіча.

У мерапрыемстве таксама бралі ўдзел настаўнікі роднай мовы і літаратуры школ Червеньскага раёна.

Сюрпрызам для гасцей стала тое, што да Дня роднай мовы падрыхтавалі раённы конкурс чытальнікаў, які назвалі “Гучанне слоў жывых”. 16 вучняў школ Чэрвеньскага раёна прымалі ў ім удзел. Гэта Соня Самад, вучаніца 5 класа СШ №1 г.п.Смілавічы,  Анастасія  Альховіч, вучаніца 6 класа СШ №2 г.п.Смілавічы, Ксенія Стужук (6 кл., Хутарская СШ), Надзея Бурая (8 кл., Лядзенская СШ), Марына Шышонак (3 кл., Хутарская СШ), Ягор Няборскі (4 кл., Лядзенская СШ), Вадзім Александровіч (6 кл., Запольская СШ), Дар’я Кішко (11 кл., Раваніцкая СШ), Анастасія Зыль (11 кл., Руднянская СШ), Лізавета Горгун (8 кл., Валявацкая СШ), Вераніка Андросік (11 кл., СШ №4 г.Чэрвеня), Рыта Гамеза (11 кл., СШ №3 г.Чэрвеня), Паліна Соніч (8 кл., Лядзенская СШ), Таццяна Краснагір (11 кл., СШ №2 ім.А.К.Флегантава г.Чэрвеня), Мікіта Багінскі (9 кл., Лядзенская СШ) і Ягор Крук (10 кл., Грабёнская СШ). У выкананні канкурсантаў прагучалі творы беларускіх аўтараў — класікаў і сучасных аўтараў – вершы і проза на тэмы роднай зямлі, матчынай мовы, Вялікай Айчыннай вайны.

Канешне, шаноўных гасцей запрасілі ў журы. У складзе яго былі таксама: намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама Алена Жыгімонт, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Марына Патапенка, загадчык сектара сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Віялета Аўсянікава, Генадзь Рымашэўскі, мясцовы паэт і бард, выпускнік Лядзенскай школы а таксама Ірына Маркушэўская, метадыст сектара фальклора.

Цяжка прыйшлося журы ацэньваць выступленні дзяцей: усе выступілі годна. Але конкурс ёсць конкурс – у ім павінны быць пераможцы. Імі сталі: Паліна Соніч і Дар’я Кішко, ім ад Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама ўручаны Дыпломы пераможцаў, другое месца падзялілі: Соня Самад, Мікіта Багінскі і Вераніка Андросік. На трэцім месцы – Ягор Няборскі, Марына Шышонак і Анастасія Зыль.

Свае вершы прачыталі таксама настаўнік Лядзенскай школы з 45-гадовым стажам работы Георгій Георгіевіч Бабіч і Генадзь Рымашэўскі, які яшчэ на свае словы выканаў песню.

Далей госці і настаўнікі накіраваліся ва ўтульную залу школы, дзе і сапраўды за круглым сталом абмеркавалі шляхі развіцця роднай мовы, кожны меў магчымасць выказаць меркаванні аб сучасным выкладанні роднай мовы ў школах, настаўнікі задавалі пытанні, выказвалі свае прапановы. Цікава было пачуць з вуснаў гсцей, кампетэнтных людзей пра развіццё роднай мовы ў краіне, пра тое, якія намаганнні для гэтага прыкладаюцца.

Яскравым момантам мерапрыемства стала выступленне самадзейнага вакальнага гурта сектара фальклора, у якім, дарэчы, спявала і сама дырэктар школы.

Больш падрабязную інфармацыю вы знойдзеце на старонках аднаго з нумароў газеты “Раённы веснік”.

 Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *