Музычна-гумарыстычны гурт “Будзьма” з Чэрвеня ўзяў удзел у фестывалі “Rajok”

Актуальное Культура

“Хадзі раёк у наш дварок”, — менавіта гэты заклік гучаў 14 і 15 верасня з дворыка Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік гурта “Vuraj” Сяржук Доўгушаў і каманда “Tradycyja”, пры падтрымцы Нацыянальнага гістарычнага музея, наладзілі ў гэтыя дні ў Мінску першы фольк-фестываль “Rajok”, на якім усе жадаючыя атрымалі магчымасць пазнаёміцца з яскравымі прыкладамі беларускай фольк-музыкі: ад аўтэнтычных носьбітаў традыцый (полацкі гурт “Варган”, мужчынскі гурт “Рада”, капэла “Колісьнія”, гурт “Гаманіна”), да сучасных этна-выканаўцаў і гуртоў (“Vuraj”, “Relikt” , H.S.P.), а таксама паслухаць мона-спектакль лідара гурта “Троіца” Івана Кірчука.

А яшчэ адметнай падзеяй першага дня фэсту стаў конкурс маладых фальклорных гуртоў. На заклік арганізатараў адгукнуўся і наш музычна -гумарыстычны гурт “Будзьма”. Разам з намі ў конкурсе ўдзельнічалі калектывы і сольныя выканаўцы з Мінска, Маладзечанскага, Столінскага, Дзятлаўскага раёнаў і нават дуэт з расійскага Іркуцка. Усяго было адабрана 10 выканаўцаў традыцыйнай музыкі (песеннай і інструментальнай). Удзельнікі павінны былі прадставіць на суд журы і гледачоў творы ў “жывым” акапэльным гучанні, без сучасных апрацовак, эфектаў “нетрадыцыйных” для беларускай культуры музычных інструментаў. У склад журы ўваходзілі спецыялісты традыцыйнай музыкі: кампазітар, знаўца традыцый Ларыса Сімаковіч, кіраўнік гурта “Калыханка” Ларыса Рыжкова, кіраўнік гурта “Варган” Вольга Емяльянчык і кіраўнік гурта “Vuraj” Сяржук Доўгушаў. Удзельнікі нашага гурта Андрэй Каленік, Міхаіл Шчэрбач, Павел Давыдоўскі і Дзмітрый Касцюкевіч выканалі традыцыйныя беларускія  песні “Дунаю-Дунаю”, “Ой, пяць, братцы, пяць” і “Келіх кола”.

На працягу амаль трох гадзін конкурса са сцэны гучалі веснавыя і жніўныя, бяседныя і вясельныя песні ў выкананні шыкоўных творчых калектываў. Усе ўдзельнікі атрымалі Дыпломы і падарункі ад арганізатараў, у тым ліку CD-кнігу “Бяседныя песні”, прэзентацыя якой адбылася на наступны дзень з сапраўдным застоллем, спевамі і традыцыйнымі стравамі. Наш калектыў таксама адзначылі ў намінацыі “Адметны мужчынскі гурт”.

Мы ўдзячны камандзе “Tradycyja” за запрашэнне і магчымасць паўдзельнічаць у гэтым свяце беларускіх традыцый. Гэта быў цікавы вопыт і сапраўдная асалода.

Аксана КАЛЕНІК. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *