Леанід Іванавіч Лойка з Чэрвеня больш за 40 гадоў адпрацаваў у аўтамабільнай галіне

Люди и судьбы Общество

Сёння калектыў філіяла “Аўтамабільны парк №20” ААТ “Мінскаблаўтратранс” г.Чэрвеня сабраўся ў актавай зале, каб праводзіць на заслужаны адпачынак начальніка аўтарамонтнай майстэрні. У атамабільную галіну Леанід Лойка прыйшоў пасля службы ў войску і пачаў працаваць вядзіцелем пятага аўтобуснага парка г.Мінска. А з верасня 1980 года бярэ пачатак яго паслужны спісак у аўтапарку №20 г.Чэрвеня.

Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Мальчык распавёў аб вялікім працоўным шляху Леаніда Іванавіча ў аўтапарку, адзначыў яго адказнае стаўленне да работы, якую б пасаду ён ні займаў. Верай і праўдай служыў сваёй справе. Ён павіншаваў ветэрана працы з гэтай урачыстай падзеяй, дадаўшы, што такія мерапрыемствы пакідаюць у душы і часцінку смутку: шкада развітвацца з добрым спецыялістам і чалавекам. Аляксандр Уладзіміравіч уручыў ветэрану працы Ганаровую грамату за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і ўдзел у грамадскім жыцці калектыву, а таксама засведчыў, што Леанід Іванавіч заўсёды будзе жаданым госцем у калектыве.

На выбар прафесіі, хутчэй за ўсё, як гаволрыць сам Леанід Іванавіч, паўплывала тое, што пасля школы пайшоў працаваць слесарам ў мастэрні саўгаса Грабянецкі”. Удзельнічаць у рамонце тэхнікі было цікава: штосьці заменіш, штосьці падправіш, глядзіш – і пайшлі той трактар ці машына. Ды і бацька працаваў у саўгасе трактарыстам і вадзіцелем.

Спачатку быў вадзіцелем. У 1982 годзе ў Чэрвеньскі аўтапарк прыйшоў новы дырэктар Аляксандр Лукашоў. Менавіта ён, добры кіраўнік і інжынер, інтуітыўна адчуў, што Леаніду трэба вучыцца далей, з яго можа выйсці добры спецыяліст…

У 1984 годзе Леанід Іванавіч скончыў Мар’інагорскі ордэна “Знак Почёта” саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці “механік”.

Галоўны ўрок, які вынес Леанід Іванавіч ад свайго начальніка, стала разуменне таго, што сваю работу неабходна выконваць якасна, без скідкі на цяжкасці, якія заўсёды знойдуцца. Тэхнічна ён быў ужо граматным, але вопыту, арганізатарскіх здольнасцей яшчэ не хапала.

Паступова прыйшлі і тое, і другое. Пачаў працаваць кантралёрам тэхнічнага стану рухомага саставу грузавога транспарту Чэрвеньскай аўтабазы №20. Леанід, як губка ўпітваў тыя цэнныя крупінкі вопыту, якія бычыў у тых, з кім разам працаваў. З часам назапасіў навыкі работы з людзьмі, развіў арганізатарскія і гаспадарчыя здольнасці. Усё гэта адыграла ролю пры назначэнні яго спачатку начальнікам аўтакалоны №1 аўтапарка №20, праз год – начальнікам аддзела эксплуатацыі і яшчэ праз год – намеснікам дырэктара – галоўным інжынерам аўтапарка №20 г.Чэрвеня, а ў 1994 годзе – дырэктарам гэтай установы.

Час ішоў, на пасаду дырэктара быў прызначаны кіраўнік з вышэйшай адукацыяй, але вопыт работы і веды Леаніда Іванавіча заўсёды былі запатрабаваны: яго прызначаюць спачатку на пасаду намесніка дырэктара па перавозках, потым – вядучага інжынера вытворча-тэхнічнага аддзела, ячшэ пазней – на пасаду механіка-кантрольна прапускнога пункта. Апошняя яго пасада – начальнік аўтарамонтнай майстэрні.

Сёння шмат добрых слоў у адрас ветэрана прагучала ад работнікаў аўтапарка. Ад калектыву яму падаравалі веласіпед, каб ён мог хутчэй дабрацца да прадпрыемства, якое стала для яго сапраўды родным. Пашпарт на падарунак уручыў галоўны інжынер прадпрыемства Ігар Барысаў.

Прафсаюзны лідэр аўтапарка Алена Ганчарык, якая плячо ў плячо дваццаць пяць гадоў адпрацавала з Леанідам Іванавічам, уручыла кветкі і грашовую прэмію ад прафкама аўтапарка і ад прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Мінскаблаўтатранс”. Яна адзначыла такія рысы яго характару, як дабрыню і справядлдівасць, прынцыповасць і патрабавальнасць, дасканалае веданне ўсіх вытворчых і тэхналагічных працэсаў прадпрыемства.

— А яшчэ – ён добры настаўнік, памочнік і сябар, — засведчыла Алена Фёдараўна. — Заўсёды падтрымліваў кожнага ў калектыве, хто меў у гэтым патрэбу: і ў горы, і ў радасці быў разам з людзьмі. Спяшаўся першым павіншаваць работнікаў з днём нараджэння. І ў грамадскім жыцці калектыву прымаў самы актыўны ўдзел. Арганізоўваліся  экскурсійныя паездкі сваім калектывам і разам з калектывам “Мінскаблаўтатранса”, адным з самых актыўных завадатараў якіх быў Леанід Іванавіч.

Ён любіць прымаць гасцей у сваім доме, які збудаваў сам.  У яго ёсць добрыя сад і агарод, дзе ён з ахвотай працуе і атрымлівае добры ўраджай. Умее Леанід Іванавіч смачна заквасіць капусту, яблыкі і грыбы, прыгатаваць квас і з задавальненнем частуе гэтымі прысмакамі сваіх сяброў. Ён усё жыццё аддаў служэнню развіцця аўтамабільнай справы. Дасканала ведае ўсю тэхніку, якая ёсць у аўтапарку. Шкада, што выходзіць на заслужаны адпачынак…

Будзе чым займацца яму ў вольны час: у Леаніда Іванавіча ёсць дзве ўнучкі – Валерыя і Вікторыя, якіх падаравала ім з жонкай Тамарай Мікалаеўнай дачка Ала. У роднай вёсцы Скрабінка жыве мама…

(віншуе Мечыслаў Радзевіч)

Не кожны ўмее павіншаваць з трыбуны – перашкаджае хваляванне. Затое, калі выходзіла з урачыстасці, пачула ў адрас Леаніда Іванавіча ад работнікаў такія словы: “Цудоўны мужык…”

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *