Гэта вам — дзіцячы сад: у Смілавічах з’явіўся Музей… беларускай казкі!

Актуальное Духовность Культура

Педагогам беларускамоўных садкоў бывае складана навучыць сваіх выхаванцаў беларускай мове як роднай. Бо не сакрэт, што для большасці дзяцей першая мова, на якой яны вучацца гаварыць, думаць, мець зносіны з другімі людзьмі — руская. Як мы у смілавіцкім яслях-садку №2 вырашаем гэту праблему? Вясною разам з бацькамі выхаванцаў стварылі адзіны ў раёне міні-музей беларускай казкі.

 

Чаму мы абралі гэты накірунак? Бо паўнацэннае маўленчае развіццё дзіцяці абапіраецца на мастацкае слова: казкі, загадкі, прыказкі, прымаўкі. Да таго ж, наш музей, яе зараз модна, «кантактны»: у іншых музеях кранаць нічога нельга, а ў нашым — трэба!

Можна нават самастойна перастаўляць экспанаты! А, дарэчы, што гэта за экспанаты такія? Ды ўсе іх ведаюць з маленства! Піліпка-сынок, Дзед і Баба, Унук і Унучка, Каза-манюка, Кот-Залаты Лабок, Муха-Пяюха і многія іншыя персанажы беларускіх казак.

У нашым міні-музеі — некалькі раздзелаў. У «Беларускай хаце» — печ, збанкі, люлька, «павук», лапата, кошык з курыцай, персанажы казак (Дзед, Баба, Унук, Унучка). У «Полі» — Каза, масток, вясёлыя гусі, жаронцы, сноп, певень, у «Гульнятэцы» — настольныя гульні па сюжэтах беларускіх казак, у «Чароўным лесе» — чароўнае дрэва, Воўк, Ліса, Мядзведзь, Заяц, Каток-Залаты Лабок.

У«Тэатры казак» выхаванцы самі разыгрываюць казкі і паказваюць характары персанажаў, выкарыстоўваючы конусны тэатр, лялькі Бі-ба-бо, настольны і пальчыкавы тэатры. Ёсць у нашым міні-музее экспазіцыя «Казачныя аблокі». Тут экспанаты падвешаныя да столі, яны дапамагаюць абмяркоуваць персанажаў, адгадваць загадкі па казках.

У звычайным музеі дзіця толькі пасіўны назіральнік, а тут — сааўтар, творца экспазіцыі. Прычым, разам з бацькамі. У нашым міні-музеі выхавацелі праводзяць  азнаямленчыя, развіваючыя і выхаваўчыя мерапрыемствы: гутаркі, абыгрыванне пацешак, казак, баяк, песенек. У гасцях у беларускай казкі дзеці ахвотна ўключаюцца ў дыялог, вывучаюць экспанаты, разгадваюць загадкі ў гульнявой і займальнай форме.

На пачатку лета мы вырашылі з тэмай нашага незвычайнага музея ўдзельнічаць у абласным фестывалі-конкурсе “Мір дзяцінства”. Зараз з гордасцю дзелімся прыемнай навіной: наш міні-музей беларускай казкі адзначаны дыпломам трэцяй ступені!

Гэты праект — яшчэ адна добрая магчымасць далучаць дзяцей да багацця беларускай мовы, развіваць творчыя здольнасці і фантазію, зацікауліваць беларускім фальклорам, выхоўваць лепшыя чалавечыя пачуцці: патрыятызм, дабрыню, спагадлівасць, гасціннасць і сумленнасць.

 

Алеся ЯРАШЭНКА, загадчык Смілавіцкага дзіцячага садка №2 .

Фота Наталлі КАРАЛЬКЕВіЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *