Ветэран педагагічнай працы Раіса Аркадзьеўна Красоўская з Чэрвеня сёння адзначае юбілей

Общество

Ёй споўнілася 70 гадоў. Педагагічны стаж ветэрана налічвае 52 гады. Гэта, калі ўлічыць гады вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І.Леніна на геаграфічным факультэце. Працоўную педагагічную дзейнасць пачала старшай піянерважатай ў Смілавічскай школе-інтэрнаце зусім юнай дзяўчынай —  пасля заканчэння сярэдняй школы №3 г.Чэрвеня.

Работа захапіла, таму і прыйшло рашэнне звязаць свой лёс з педагогікай. Вельмі падабалася геаграфія. А яшчэ вабілі вандроўкі па краіне, у той час вялікім Савецкім Саюзе, якія штогод падчас летніх канікулаў ладзіў геаграфічны факультэт для сваіх студэнтаў.

У 1973 годзе пасля заканчэння вучобы ва ўніверсітэце Раіса Аркадзьеўна была накіравана на работу ў родны Чэрвеньскі раён у Грабянецкую сярэднюю школу настаўніцай геаграфіі. Год адпрацавала там, потым выкладала беларускую мову і літаратуру і была выхавальнікам групы падоўжанага дня ў Грабёнскай сярэдняй школе. Неўзабаве перайшла працаваць выхавальнікам у дзіцячы садок №4 г.Чэрвеня.

У той час загадчыкам раённага аддзела адукацыі быў Мікалай Фёдаравіч Козыраў. Ён і запрасіў Раісу Аркадзьеўну працаваць у аддзел адукацыі метадыстам раённага метадычнага кабінета. Работа была творчай. Гэта было якраз тое, што і патрэбна было маладой актыўнай жанчыне, якая ўвесь час сама набывала веды і шчыра дзялілася імі з калегамі. Аб сабе яна  расказвае сціпла, затое прыгадвае сваіх калег, з якімі працавала разам шмат гадоў. Цікава і плённа працаваў раённы аддзел адукацыі ў час, калі яго загадчыкам быў прызначаны Міхаіл Іванавіч Давыдзеня.

— Гэта былі самыя творчыя гады маёй работы, — сказала Раіса Арпкадзьеўна. —  Міхаіл Іванавіч даваў нам магчымасць працаваць самастойна, тварыць, укараняць якіясьці новыя ідэі. Ён паказаў нам усе тонкасці педагагічнай работы. Быў дэмакратычным і адначасова прынцыповым і патрабавальным. Сам працаваў з “агенчыкам” і запальваў сваёй энергіяй усіх нас. А працавалі разам са мной Ганна Аркадзьеўна Дуброўская, Алег Казіміравіч Батура, Валянцін Пятровіч Суша, Пётр Іванавіч Бабіч. Гэта былі прафесіяналы. Шкада, яны пайшлі з жыцця… Пётр Іванавіч быў надта творчым чалавекам.  Я курыравала ў раёне выкладанне гісторыі і геаграфіі, ён распрацоўваў такія цікавыя праграмы выкладання свайго прадмета, практычныя работы, якія ўкараняліся ў работу іншых настаўнікаў. Усё гэта прыносіла плён у педагагічнай рабоце. Мы распрацавалі брашуру “Чэрвеньскі раён. Спараваздачна-інфармацыйны матэрыял”. Усе школы збіралі дакументы. Іван Сцяпанавіч Шамрыла, у той час дырэктар Руднянскай сярэдняй школы, апрацаваў ўсе сабраныя звесткі.

Такі быў касцяк цудоўных настаўнікаў, завучаў, дырэктараў, якія працавалі не адно дзесяцігоддзе: Іван Уладзіміравіч Зінкевіч, Марыя Іванаўна Шукела, Ганна Іванаўна Вішнеўская, Ганна Казіміраўна Корсак. Мы жылі адной сям’ёй. Нас аб’ядноўвала не толькі работа, сумесная творчая дзейнасць – мы сябравалі сем’ямі. Арганізоўвалі святы, незабыўныя былі гады.

Раіса Аркадзьеўна скончыла яшчэ Мінскі інстытут марксізма-ленінізма, атрымала спецыяльнасць гісторыка. Працавала яна таксама і намеснікам загадчыка аддзела адукацыі, і інспектарам, потым – вядучым спецыялістам.

Менавіта Міхаіл Іванавіч Давыдзеня заўважыў арганізатарскія і педагагічныя здольнасці Раісы Аркадзьеўны – па яго хадайніцтву яна была ўдастоена ў 1987 годзе звання “Выдатнік асветы” з уручэннем адпаведнага нагруднага знака. Мае яна і дзве Ганаровыя граматы Міністэрства асветы Рэспублікі Беларусь.

Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, няўрымслівы педагог вярнулася ў Грабёнскую школу. Праз некаторы час дырэктар Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Эла Барысава запрасіла Раісу Аркадзьеўну на работу. Сёмы год яна займаецца выхаваннем хлопцаў ў старшай групе. Спачатку было сумненне, ці справіцца? Жыццёвы вопыт, педагаічныя навыкі, дабрыня, спагада і пачуццё гумару зрабілі сваю справу – педагог хутка наладзіла з выхаванцамі добрыя адносіны.

Раіса Аркадзьеўна ўдзячна лёсу за тое, што мае магчымасць працаваць, дапамагае сястры даглядаць унукаў. Не страціла звычкі чытаць, асабліва падабаецца ёй гістарычная літаратура, цікавіцца творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў. Ёсць і захапленні. Гэта кветкі, агарод і сад. Родныя ўшчуваюць, маўляў, хопіць ужо, больш адпачывай. Але для Раісы Аркадзьеўны гэта даўно стала звычкай. Яшчэ і курэй трымае. Есць і сабака – верны сябра.

Захоўваюцца ў Раісы Аркадзьеўны і такія цікавыя дакументы: пасведчанні медыцынскай сястры грамадзянскай абароны, краўца індывідуальнага пашыву, пасведчанне аб заканчэнні Чэрвеньскай музычнай школы па класу баяна. А яшчэ – камсамольскі білет, як напамін аб дзейнай і насычанай маладосці, камсамольскім задоры, які і зараз жыве ў душы гэтай цікавай жанчыны…

Віншуем Вас, шаноўная Раіса Аркадзьеўна з юбілеем, зычым Вам моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

Чэрвеньскі раённы савет ветэранаў далучаецца да віншаванняў і жадае здароўя, поспехаў у працы і творчагга натхнення.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *