Сёння на Чэрвеньшчыне праводзіцца адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Сеў у машыну – прышпілі рэмень!”

Актуальное

Яго мэты – прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў, недапушчэнне фактаў парушэння правілаў перавозкі пасажыраў, у тым ліку – непаўналетніх, а таксама прапаганда выкарыстання рамянёў бяспекі і прылад для ўтрымання дзяцей.

 

Паводле даследаванняў, для людзей, выкінутых з аўтамабіля, верагоднасць загінуць у дзясяткі разоў большая, чым у тых, хто застаўся ў машыне. Статыстыка дарожна-транспартных здарэнняў сведчыць, што 80 працэнтаў вадзіцеляў і пасажыраў, якія карысталіся рамянём бяспекі, патрапіўшы ў здарэнне, не атрымалі ніякіх раненняў. А фірмы-вытворцы аўтамабіляў, абсталяваных падушкамі бяспекі, сцвярджаюць, што названыя прылады эфектыўныя толькі пры выкарыстанні вадзіцелямі і пасажырамі рамянёў бяспекі.

Многія вадзіцелі аўтатранспарту скардзяцца на тое, што прышпіленыя яны адчуваюць сябе за рулём некамфортна, і гэта замінае ім кіраваць аўтамабілем. Але ёсць і тыя, хто, наадварот, адчуваюць дыскамфорт і неабароненасць, калі непрышпіленыя. Людзі, якія задумваюцца аб сваёй бяспецы, пачынаюць няўхільна выконваць патрабаванні Правілаў дарожнага руху. І калі гэта ўваходзіць у норму, іх дзеянні даходзяць да аўтаматызму. Часам непрышпілены вадзіцель, патрапіўшы нават у нязначнае здарэнне, дзе ў аўтамабіля няма сур’ёзных пашкоджанняў, атрымлівае траўмы, несумяшчальныя з жыццём, ці застаецца інвалідам.

У вёсцы Міхейкі Слуцкага раёна 1 чэрвеня прыблізна ў 13гадзін 50 хвілін 34-гадовы жыхар Ашмянскага раёна, кіруючы Lexus GS300, на закругленні дарогі ўлева няправільна выбраў хуткасць руху. Вадзіцель не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у правы па ходзе руху кювет і правым бокам здзейсніў сутыкненне з прыдарожным дрэвам.

31-гадовая жыхарка Навагрудка, якая знаходзілася на пярэднім пасажырскім сядзенні, не была прышпіленая рамянём бяспекі. І ў момант здарэння яна ўдарылася галавой аб дрэва праз адчыненае акно машыны. З адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай у коме цяжкай ступені жанчыну даставілі ў рэанімацыйнай аддзяленне бальніцы, дзе 2 чэрвеня яна памерла.

З пачатку года на тэрыторыі вобласці адбылося 10 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей-пасажыраў, у якіх 15 дзяцей атрымалі траўмы. У 8 здарэннях пацярпелыя дзеці не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, а малалетнія пасажыры знаходзіліся ў салоне аўтамабіля без спецыяльных аўтакрэслаў. У астатніх жа здарэннях малалетнія пасажыры знаходзіліся ў аўтакрэслах, а старэйшыя – былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, дзякуючы чаму ўдалося пазбегнуць сур’ёзных наступстваў. На тэрыторыі Чэрвеньскага раёна за названы перыяд дарожна-транспартных здарэнняў з дзецьмі не адбылося.

У Салігорскім раёне 12 чэрвеня ў 15 гадзін 55 хвілін на 122 кіламетры дарогі Р-55 Бабруйск — Глуск — Любань каля вёскі Пагост Салігорскага раёна случчанка на Renault Megane, рухаючыся з боку Слуцку ў напрамку Любані, здзейсніла дарожна-транспартнае здарэнне. Вадзіцель пры выездзе з другараднай дарогі, выконваючы манеўр левага павароту, не саступіла дарогу і здзейсніла лабавое сутыкненне з аўтамашынай МАЗ-650.118, якая рухалася па галоўнай дарозе

У выніку здарэння траўмы атрымалі 38-гадовы вадзіцель, 39-гадовая пасажырка, якая сядзела справа ад кіроўцы, а таксама чацвёра дзяцей. Усе яны шпіталізаваны ў Салігорскую бальніцу.

Нагадаю, што, згодна з пунктам 178 Правілаў дарожнага руху, перавозка дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем:

прылад для ўтрымання дзяцей, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, — ва ўзросце да пяці гадоў;

прылад для ўтрымання дзяцей, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, іншых сродкаў (бустэраў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку, — ва ўзросце ад пяці да дванаццаці гадоў.

Дапускаецца перавозіць дзяцей ва ўзросце да дванаццаці гадоў без выкарыстання названых у частцы першай гэтага пункта прылад у выпадку, калі рост дзіцяці перавышае 150 сантыметраў, а таксама ў аўтамабілі-таксі.

Забараняецца перавозка дзяцей на пярэднім сядзенні легкавога аўтамабіля з выкарыстаннем прылад для ўтрымання, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, спінка якіх павернута да лабавога шкла транспартнага сродку, калі пярэдняе сядзенне мае падушку бяспекі, за выключэннем выпадку, калі механізм франтальнай падушкі бяспекі адключаны.

Дапускаецца выкарыстанне не толькі так званых “дзіцячых крэслаў”, але і іншых прылад, якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай штатных рамянёў бяспекі.

У рамках Дня бяспекі дарожнага руху супрацоўнікі ДАІ, у першую чаргу, звяртаюць увагу на парушэнні Правілаў вадзіцелямі і пасажырамі ў частцы прымянення рамянёў бяспекі.

Нагадаю, што за гэтае парушэнне, згодна з часткай 4 артыкула 18.12 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь, у дачыненні да вадзіцеля можа быць накладзены штраф у памеры да 1 базавай велічыні або папярэджанне.

За парушэнне правілаў перавозкі дзяцей, у адпаведнасці з часткай 5 артыкула 18.14 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь, у дачыненні да вадзіцеля накладаецца адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь.

Паважаныя вадзіцелі! Паклапаціцеся загадзя аб сваіх пасажырах. Перавозіце дзяцей толькі ў спецыяльных прыладах для ўтрымання, прасачыце за тым, каб усе пасажыры былі прышпіленыя рамянямі бяспекі. Не забывайцеся самі прышпільвацца. Памятаеце, гэта дапаможа захаваць сабе і іншым жыццё і здароўе!

Аляксандр МАНУЛІК, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Чэрвеньскага РАУС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *