На роднай мове: у вёсцы Грабёнка наладзілі свята беларускай народнай гульні, загадкі і казкі

Актуальное Культура

Невычэрпная скарбонка творчасці нашых продкаў адкрылася ў адзін з ліпеньскіх дзён для юных жыхароў і гасцей вёскі Грабёнка. Бібліятэкар сельскай бібліятэкі Святлана Панцялеева пры тэхнічнай падтрымцы загадчыка мясцовага Дома культуры Анатоля Кеды зладзіла для іх свята беларускай народнай гульні, загадкі і казкі «Чароўная стужка».

Адкрыў яго танец з вышыванымі ручнікамі ў выкананні мясцовых дзяўчат-школьніц. Ксенія Юшчанка, Дар’я Шыфрына, Вікторыя Еўсюковіч, Наталля Бусянкова, Дыяна Васільева і надалей аздаблялі свята харэаграфічнымі нумарамі, а таксама дапамагалі Святлане Панцялеевай ладзіць конкурсныя забавы.

На змену танцу прыйшлі беларускія песні: усіх зачаравалі чыстыя галасы Ганны Пракапенкі, Лізаветы Камінскай і Таццяны Зыль.

А потым на першую пляцоўку свята “Забаўкі каля лаўкі” завіталі Васілёк і Васілінка (Мікіта Бешхадэм і Дыяна Васільева) – вандроўнікі, якія ходзяць па свету, збіраючы ў чароўную скарбонку народныя гульні, казкі, прыказкі, песні, загадкі. Ім вельмі пашчасціла, бо менавіта тут разгарнуліся спаборніцтвы для самых кемлівых і спрытных. У гульні “Каго няма” аднаму з удзельнікаў трэба было запомніць хто дзе стаіць, адвярнуцца, а потым паказаць, хто перайшоў са свайго месца на іншае. Наступныя гульні былі яшчэ цікавейшымі: дзеці ўцякалі ад Бабы Ягі, Ваўка, набівалі мяч, пералічваючы імёны, назвы гарадоў, рэк, колераў, цягнулі “рэдзьку”.

Удзельнікі свята адгадвалі загадкі, працягвалі пачатак беларускіх прыказак і прымавак, спаборнічалі ў конкурсе, хто хутчэй ачысціць бульбу ад лушпіння. Потым гаспадыня гасцінна запрасіла ўсіх на другую пляцоўку “Беларуская карчма” – паласавацца блінцамі з мёдам і іншымі пачастункамі.

А наперадзе дзяцей яшчэ чакала сустрэча з казкай. Дасціпна паказалі Гусака, Індыка і Курачку ў пастаноўцы “Пшанічны каласок” Аляксей Бешхадэм, Мікіта Зыль і Таццяна Зыль. Вясёлай атрымалася замалёўка паводле неўміручай байкі Кандрата Крапівы “Дзед і Баба” ў выкананні Аляксея Бешхадэма і Анастасіі Еўсюковай.

Адметна, што з задавальненнем удзельнічалі ў свяце не толькі вясковыя дзеці і падлеткі, але і тыя, што прыехалі сюды на лета з горада. Напрыклад, Анастасія Жданок і Ганна Машко выканалі танец, а зусім яшчэ маленькая Маша Машко прачытала верш пра Беларусь.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *