Медсястра аперацыйная Чэрвеньскай бальніцы Галіна Тарасік: «У нашай працы дробязяў няма»

Общество

 Яе стаж работы ў медыцыне адлічвае 51-ы год. Прафесія медыцынскай сястры адна з тых, якая патрабуе не толькі граматнасці і адказнасці, але і пачуцця спагады і міласэрнасці. Менавіта такімі рысамі валодае Галіна Аляксандраўна Тарасік – аперацыйная медыцынская сястра хірургічнага аддзялення.

Самі медсёстры гавораць: хто працаваў у хірургіі, той спасціг усе  складанасці прафесіі. Прафесійны вопыт такой медсястры ацэньваеццца на вагу золата, асабліва калі ўлічыць, што ля аперацыйнага стала разам з хірургамі Галіна Аляксандраўна правяла 45 гадоў. Яна ў поўным аб’ёме валодае ведамі і практычнымі навыкамі медперсанала  хірургічнага аддзялення і заўсёды з вялікай павагай адносіцца да справы, якую выбрала.

А шлях да яе быў вялікім і няпростым. Пасля заканчэння восьмага класа Чэрвеньскай СШ№2 Галіна паступіла ў медыцынскае вучылішча, якое адчынілася на базе трэцяй чэрвеньскай школы ў 1964 годзе. У Чэрвені завяршалася будаўніцтва новай бальніцы і неабходны былі кадры сярэдняга звяна. На той час галоўны ўрач бальніцы Уладзімір Аляксандравіч Гурыновіч спачатку накіраваў яе папрацаваць у Руднянскую ўчастковую бальніцу патранажнай медсястрой. Яна абслугоўвала немаўлят на даму, рабіла ім прышчэпкі, лячыла.  

Неўзабаве яе пераводзяць у хірургічнае аддзяленне палатнай медсястрой, а потым накіроўваюць на курсы аперацыйных сясцёр.

— Першы час было вельмі цяжка, — узгадвае Галіна Аляксандраўна. – Але ў мяне былі добрыя настаўнікі: старшая сястра аддзялення Тамара Салаўянчык, палатная і аперацыйная сястра Аляксандра Парфіяновіч, сёстры Зінаіда Іваненка, Вікторыя Шынкарэнка, перавязачная медсястра Валянціна Іванова, якія многаму нас, маладых, навучылі. Працавалі ў аддзяленні кваліфікаваныя хірургі: Аркадзь Прыдыбайла, Дзмітрый Хадасевіч, Георгій Бароўскі, Мікалай Мышкавец. Многаму вучылася ў цяперашняга загадчыка хірургічнага аддзялення  Аляксандра Доўгача.

Я ўдзячная сваім калегам. Мы ўсе — адна брыгада, адна каманда — хірург, анестэзіёлаг, санітарка, медсястра. Ад цёплага стаўлення адзін да аднаго і да пацыента залежыць вынік нашай працы. Вось прывозяць у аперацыйную пацыента, праводзім аперацыю, а праз тыдзень ён сам ідзе дадому, і ўсё ў яго добра. І гэта шчасце. Наша шчасце.

У чым цяжкасці прафесіі, пытаецеся? Хіба бываюць прафесіі без цяжкасцяў?! Вядома, гэта вялікая эмацыянальная нагрузка. Аперацыйная сястра ўсю аперацыю павінна быць сабранаяй, уважлівай, сачыць за інструментам, выкарыстаннем сурвэтак і ходам аперацыі, без слоў разумець хірурга. Да таго ж, цяжка стаяць на адным месцы, у нашай аперацыйнай хірургічныя ўмяшанні працягваюцца, бывае, да 5 гадзін! Акрамя гэтага, мы яшчэ і псіхолагі, павінны ўмець падтрымаць пацыента, наладзіць яго на поспех у аперацыі.

Вядома, не адразу гэта прыйшло. Каб стаць аперацыйнай сястрой, трэба некалькі гадоў папрацаваць менавіта ў аперацыйнай, каб ведаць і ход аперацыі, і магчымыя адхіленні, і якія інструменты могуць спатрэбіцца. Гэта па тэлевізары паказваюць, як хірург камандуе — «скальпель, заціск…» А на самой справе, ідэальная аперацыя праходзіць у поўным маўчанні. Аперацыйная сястра павінна ведаць і прадбачыць, які інструмент ўкласці ў руку хірургу.

Па маладасці цяжка было Галіне: чацвёра малых дзяцей, а на работу, іншы раз, і ноччу выклікалі, і ў выхадныя. Але ў Галіны быў надзейны тыл: муж, Віктар Іванавіч, заўсёды прыходзіў на дапамогу, падтрымліваў яе. Ён збіраў дзяцей у садок і ў школу, гатаваў ім ежу, апранаў, дочкам нават косы заплятаў.

А Галіна Аляксандраўна тым часам назапашвала вопыт. Займалася самаадукацыяй, кожныя пяць гадоў вучылася на курсах павышэння кваліфікацыі. Цяпер яна мае першую кваліфікацыйную катэгорыю.

— Не ўсім дадзена стаць сапраўднай медсястрой. У душы павінна быць патрэба — дапамагаць людзям, абкружаць іх увагай і клопатам, быць неабыякавай да чужога болю, спагадлівай. У нашай прафесіі вельмі важна хаваць эмоцыі і дакладна выконваць сваю работу: бо поспех выздараўлення пацыента не павінен залежаць ад нашага настрою. Як кажуць медсёстры: «Наша праца складаецца з дробязяў, але дробязяў у ёй няма»…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *