Маленькі батанічны сад нагадвае падворак Алены Юльянаўны Туміловіч з Чэрвеня

Благоустройство

Ураджэнка вёскі Скрабінка Чэрвеньскага раёна, яна разам з мужам вярнулася ў родныя мясціны: душа імкнулася на малую радзіму. Набылі дом у Чэрвені і за дзесяць гадоў падворак, на якім амаль нічога не было, гаспадары ператварылі ў сапраўдны батанічны сад.

Складваецца ўражанне, што тут працаваў спецыяліст. Я не памылілася: Алена Юльянаўна паведаміла, што размеркаваць пасадкі раслін дапамагала дачка, а яна дыпламаваны фларыст. (Зараз яна займаецца іншай справай).

На падворку добра адчуваюць сябе расліны як з паўночных, так і з паўднёвых шырот: японская вербачка – хакіра нішакі, разнастайныя віды спірэй, пузыраплоднікаў, біручына, рабіннік, юка, купена, прутковае проса, клемацісы, самшыт. Шмат хвойных: коніка, разнастайныя туі, елка круглая, елка канадская і кветкавых раслін: півоні, ружы, лілеі, цюльпаны і іншыя. Прычым, кветкі радуюць гаспадыню ўвесь вегетацыйны сезон: зацвітаюць, змяняючы адна адну.

Ёсць і агарод. Роўнымі радочкамі растуць памідоры і бульба, якая ўжо цвіце.

Алена Юльянаўна, скончыўшы Мінскі педагагічны інстытут, паехала працаваць на Палессе. У Пінску выкладала гісторыю ў школе, працавала намеснікам дырэктара ў тэхнікуме.  Была на савецкай і партыйнай рабоце.

Малая радзіма ўвесь час была ў думках жанчыны: хацела вярнуцца на Чэрвеньшчыну. Тут пахаваны тата, сястра і мама, Ганна Іванаўна Храмава, якая сорак гадоў адпрацавала ў Грабянецкай школе. Мара спраўдзілася. Зараз ў Алены Юльянаўны і яе мужа Альберта Людвігавіча (ён будаўнік, працаваў у меліярацыі) дыхтоўны дом, які дапамглі выбраць у Чэрвені сваякі.

У Пінску таксама было добрае жыллё і падворак, вось і тут стварылі прыгажосць, сярод якой прыемна жыць і сустракаць сяброў і сваякоў…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара  

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *