Кацярына Іванаўна Качан (Ладуцька), жыхарка г.Чэрвеня: “Мой брат загінуў пасля Перамогі…”

80 лет со дня освобождения Беларуси Общество

З пачаткам вайны мой брат Іван Іванавіч Ладуцька разам з бацькам пайшоў у партызанскі атрад, каб змагацца з ворагам. А пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай арміі і накіраваны на фронт. Дамоў сталі прыходзіць лісты ад Вані. Мама іх захавала.

“Знаходзімся ў прыфрантавой паласе. Да фронта каля 50 кіламетраў. Бацька, скажы маме: “Хай не плача, хай зразумее, я не адзін, такіх тысячы. Ваш Ваня”.

“…Дарагая мамачка, апісвайце ўсё падрабязна, асабліва пра сваё, браціка і сястрычкі здароўе. Жыву добра і весела. Знаходзімся непадалёк ад горада Любліна ў Польшчы. Хачу сфатаграфавацца. Вельмі задаволены, што ў вас ёсць карова і што змалацілі ўраджай. Значыць дома парадак”. Ні воднага слова пра баі, небяспеку, смерць, якая пагражала яму штодня. Думаю, Іван разумеў, што мама не паверыць, нібы на вайне ўсё “добра” і “весела”, але спадзяваўся: маці прачытае і на душы ў яе стане лягчэй…

Брат быў механікам – вадзіцелем танка. Ён быў паранены, знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі, потым вярнуўся на фронт і з баямі дайшоў да Берліна. У апошнім лісце ён пісаў: “Мама, лістоў больш не пішыце – мы ўжо збіраемся ўязджаць з Берліна. Будзем ехаць праз Маскву. Нас узнагародзілі і мяне ў тым ліку, узнагароды будуць уручаць у Маскве”.

А потым… Потым маме прыйшла пахавальная об тым, што Іван “…загінуў на баявым пасту 3 чэрвеня 1945 года. Пахаванне з вайсковымі ўшанаваннямі прайшло ў Берліне, раён паўднёва-заходні, брацкія могілкі”.

Што было ў нас пасля атрымання пахавальнай, якія слёзы, цяжка перадаць! Загінуць амаль праз месяц пасля Перамогі, як крыўдна! Безумоўна, Ванька пра штосьці марыў, будаваў планы, захоўваў першае каханне ў сваім сэрцы. Ён марыў вярнуцца дамоў з перамогай, але назаўсёды застаўся ляжаць ў нямецкай зямлі. Яму было 19 гадоў…

Праз Чырвоны Крыж мы адшукалі дакладнае месца пахавання брата – савецкія ваенныя могілкі ў гарадскім раёне Берліна – Панкове.

Зараз я вельмі шкадую, што ў свой час мы не наведалі яго пахаванне, не схілілі галовы над яго прахам… А мама не верыла, што Івана няма – думала, што пахвавальная магла прыйсці і памылкова (Перамога ж прыйшла!), і ўсё чакала сына з вайны…

У 1985 годзе нашу 86-гадовую маму знайшла ўзнагарода Вані. Афіцэр райваенкамата ўручыў маці салдата пасведчанне да медаля “За адвагу”, якім Іван Іванавіч Ладуцька быў узнагароджаны яшчэ ў красавіку 1945 года.

Некаторыя з лістоў і пасведчанне я падаравала Чэрвеньскаму раённаму краязнаўчаму музею. Няхай маладое пакаленне вучыцца любові да Радзімы і бацькоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *