Ірына Астапенка і Ала Красоўская, урачы Чэрвеньскай бальніцы: «Служэнне людзям – галоўнае крэда сям’і»

Общество

Расповед атрымаецца няпоўным, калі расказваць пра Ірыну Аркадзьеўну Астапенка асобна ад яе сястры-блізнеца Алы Аркадзьеўны Красоўскай.

                                                                                                                (Ірына Аркадзьеўна)

Сёстры – мясцовыя. Нарадзіліся ў Чэрвеньскім раёне ў вёсцы Новая Ачыжа. Скончылі школу з залатымі медалямі. У блізнят асобая сувязь: ім заўсёды хочацца быць разам.

(Ала Аркадзьеўна)

Абедзьве вырашылі паступаць у медыцынскі інстытут. На выбар прафесіі паўплывала работа бацькі – Аркадзя Герасімавіча Красоўскага, які працаваў ветурачом у саўгасе “Грабянецкі”. Ён абслугоўваў не толькі саўгасных жывёл, выязджаў і на вызавы вяскоўцаў. Сёстры часта прасіліся паехаць з бацькам і той згаджаўся. Асабліва падабалася ім дапамагаць яму ў ветэрынарнай аптецы, дзе бацька дазваляў дочкам расфасоўваць парашкі, разліваць па бутэлечках лякарствы. Адсюль і з’явілася жаданне стаць медыкамі. Ды і бацькава сястра працавала медыцынскай сястрой.

Ала вырашыла паступаць на фармацэўтычны факультэт, а Ірына – на лячэбны. Паступілі ў Віцебскі дзяржаўны ордэна “Дружбы народов” медыцынскі інстытут. Тут упершыню давялося рызысціся. Затое ў інтэрнаце жылі разам.

Разлучыцца ўсё ж давялося: Ала вучылася пяць гадоў. Па размеркаванню ў 1990 годзе прыехала ў Чэрвень у гарадскую аптэку №20 на пасаду намесніка загадчыка. Але аказалася, што пасада занятая, пачала працаваць правізарам-тэхнолагам. У 1998 годзе галоўны ўрач раённай бальніцы Уладзімір Адамавіч Кулагін прапанаваў узначаліць клінічную лабараторыю. Трэба было вучыцца зноў. Скончыла клінічную ардынатуру па лабараторнай дыягностыцы па вочна-завочнай форме навучання. Здала экзамен на вышэйшую катэгорыю. Мае кваліфікацыю ўрача лабараторнай дыягностыкі.

Ірына Аркадзьеўна вучылася ў медінстытуце шэсць гадоў. Скончыла яго ў 1991 годзе. Потым была інтэрнатура ў Мінскай абласной бальніцы ў тэрапеўтычным аддзяленні. У жніўні 1992 года прыехала ў Чэрвень.

Зараз Ірына Аркадзьеўна гаворыць, што ўвесь час цягнула іх ў родныя мясціны, да бацькоў, хацелася часцей мець з імі стасункі. А ячшэ, лічыць яна, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Гэта ж народная мудрасць. І ты людзей ведаеш, і людзі цябе. Але гэта і адказнасць. Кожны чакае ад цябе дапамогі і верыць, што яна абавязкова будзе. І хочацца рабіць усё магчымае, каб дапамагчы…

На станаўленне Ірыны Аркадзьеўны як доктара паўплывала тое, што побач былі такія вопытныя і мудрыя ўрачы як Яфрэм Сямёнавіч Елін, многаму навучыў ён маладога ўрача, якая адразу працавала ўчастковым урачом-тэрапеўтам, Ігар Мікалаевіч Хаймінаў, Людміла Мікалаеўна Шыкеля, Ірына Андрэеўна Вядзёрка. Прыйшоў першы вопыт, хутка стала выконваць абавязкі загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення.

Атрымала Ірына Аркадзьеўна яшчэ адзін дыплом – у 1997 годзе скончыла вочна-завочныя курсы перападрыхтоўкі па спецыяльнасці “Арганізацыя аховы здароўя”. Мае першую кваліфікацыйную катэгорыю ўрача-тэрапеўта і першую кваліфікацыйную катэгорыю арганізатара аховы здароўя. З’яўляецца настаўнікам для маладых спецыялістаў. Зараз яна – намеснік галоўнага ўрача бальніцы.

Ала Аркадзьеўна дваццаць першы год узначальвае клінічную лабараторыю бальніцы. За гэты час лабараторыя папаўнялася сучасным абсталяваннем, укараняліся новыя метады даследаванняў, пашырылася іх разнастайнасць. Сёння лабараторыя мае магчымасць праводзіць такія аналізы, якія не праводзяцца ў паліклініках іншых раённых бальніц.

Ала Аркадзьеўна з павагай гаворыць пра кожнага спецыяліста ў сваім калектыве, якія вызначаюцца  высокай кваліфікацыяй,  і працуюць адной зладжанай камандай, і аб сваіх настаўніках — Людміле Мікалаеўне Сычовай і Людміле Вацлаваўне Барысавай.

Прыгадвае Ірына Аркадзьеўна Астапенка, што здараюцца іншы раз у жыцці сясцёр і кур’ёзныя моманты. Для чужых людзей, хто мала іх ведае, сёстры – вельмі падобныя, іх проста не адрозніваюць. Аднойчы адзін з пацыентаў, маўляў, прабачце за нясціплае пытанне, спытаў у Ірыны Аркадзьеўны: “Вам што, мала плацяць? Чаму вы ячшэ ўвечары падрабляеце ў аптэцы?” Стала смешна: у той час Ала Аркадзьеўна працавала ў аптэцы…

У Чэрвені Ірына Аркадзьеўна пазнаёмілася з будучым мужам. Андрэй Валерьевіч скончыў Тамбоўскае вышэйшае авіацыйнае вучылішча. Два гады служыў на Дальнім Усходзе. Пасля развала Саюза ў 1993 годзе вярнуўся дамоў, у Чэрвень. Працаваў у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. У сям’і – два сыны.

Служэнне людзям – галоўнае крэда сям’і Красоўскіх-Астапенка. Бацька быў вялікім аўтарытэтам для сясцёр. Яго няма ў жывых ужо сем гадоў. Напэўна, такія рысы характару, як прынцыповасць, патрабавальнасць і строгасць, лічаць сёстры, перадаліся ад яго. Шкадуе Ірына Аркадзьеўна, што не можа бацька парадавацца за ўнука Ягора…

Жыве ў Кемерава старэйшы брат Ірыны і Алы — Ігар, афіцэр расійскай арміі, а ў Грабянцы — мама, Адэлаіда Іосіфаўна. Дочкі часта прыязджаюць да яе. Радуецца яна поспехам сваіх дзяцей і ўнука. І марыць, што будзе ў сям’і і дынастыя ўрачоў…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *