Днём у мінулую нядзелю адбылося ўзгаранне лесу на плошчы 0,3 гектара ў квартале №80 Чэрвеньскага лясніцтва (непадалёк ад Чэрвеня ў накірунку вёскі Зайцы). На працягу паўгадзіны работнікі лясгаса здолелі лакалізаваць пажар, а да 19 гадзін – патушыць.
Як паведаміў “Раённаму весніку” галоўны ляснічы Чэрвеньскага лясгаса Віктар Казакоў, гэта ўжо чацвёртае падобнае здарэнне сёлетняга пажаранебяспечнага сезону. Раней 4,7 гектараў лесу пашкоджана ў Раваніцкім лясніцтве, 0,2 гектара – у Горкаўскім і 0,4 гектара – у Іванаўскім. Ва ўсіх выпадках ўзгаранні ўзніклі з-за неасцярожнага абыходжання з агнём.
Чэрвеньскі лясгас нагадвае правілы пажарнай бяспекі пры наведванні лесу:
- Не кідайце цыгарэты, недакуркі, запалкі, калі не пераканаліся, што яны надзейна патушаныя.
- Не разводзьце вогнішчы на захламленым месцы, сярод густой сухой травы, на сухой падушцы моху – папярэдне ачысціце месца для вогнішча, прыбярыце з яго ўсе раслінныя рэшткі.
- Не разводзьце вялікі агонь сярод блізка размешчаных хмызнякоў, пад кронамі дрэў, у сухім травастоі.
- Пры моцным ветры загарадзіце вогнішча ад яго натуральнымі або штучнымі перашкодамі.
- З асаблівай асцярожнасцю выкарыстоўвайце ў якасці паліва пароды дрэў, якія даюць пры узгаранні шмат іскраў. Змешвайце ў вогнішчы гэтыя пароды дрэў з тымі, што не даюць шмат іскраў.
- Рабіце вогнішча кампактным, на невялікім участку.
- Не пакідайце вогнішча без нагляду.
- Ці не дадавайце ў вогнішча новых доўгіх і тоўстых дроў прыкладна за паўгадзіны да канчатковага сыходу з лесу, каб у ім не заставалася буйных галавешак, якія цяжка тушыць, і якія могуць доўга тлець без праявы вонкавых прыкмет.
- Сыходзячы ад вогнішча, старанна патушыце яго. Калі блізка ёсць крыніца вады – заліце ўсе буйныя галавешкі паасобку, аддзяліўшы іх ад вогнішча і паклаўшы побач з ім. А вогнішча з рэшткамі попелу заліце дадаткова, памешваючы яго пры гэтым палкай, каб яно лепш прамокла вадой. Калі вады недастаткова, закапайце вогнішча зямлёй, паліце зверху вадой, акапайце месца вогнішча канаўкай.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота Віктара КАЗАКОВА