З Дошкі гонару Чэрвеншчыны: фельчар Марына Касцевіч

Здоровье

Фельчар на вёсцы – чалавек аўтарытэтны і абавязаны разбірацца ва ўсім. Якая б праблема са здароўем ні здарылася, перш за ўсё ідуць вяскоўцы ў фельчарскі пункт. Прафесія гэтая патрабуе цярпення і ўраўнаважанасці, здольнасці хутка прымаць нестандартныя рашэнні. Наша сустрэча з фельчарам Марынай Аляксандраўнай Касцевіч адбылася ў Любішынскім фельчарска-акушэрскім пункце.   

Маладым спецыялістам пасля заканчэння Слуцкага медыцынскага каледжа прыехала яна ў родны горад. І хаця нарадзілася дзяўчына ў Мінску, але дзяцінства, школьныя гады і юнацтва прайшло на Чэрвеньшчыне. Таму і лічыць яго родным. Тут  яна закончыла школу і марыла стаць лагапедам. Але пры паступленні высветлілася, што не хапае балаў. Каб не марнаваць дарэмна час, вырашыла пайсці ў медыцыну. І ніводнага разу не пашкадавала аб абранай прафесіі. Спачатку працавала некаторы час у Вайнілаўскім ФАПе, а з  2013 года — у Любішынскім. У зоне яе абслугоўвання вёскі Любішына, Мядзведня, Новы Дубок, Шалашы і Фёдараўск, у якіх пражывае 567 чалавек

Марына Аляксандраўна паказвае свае «уладанні». У пакоях чыста і ўтульна, у кабінеце вядзецца прыём пацыентаў, ёсць асобны працэдурны пакой, санвузел. Тут жа размешчаны аптэчны пункт, дзе акуратна на паліцах раскладзены абязбольваючыя, сардэчныя прэпараты, для лячэння страўнікава-кішачнага тракту – усё самае неабходнае ў экстраных выпадках.

— Мець сваю аптэку ў весцы вельмі зручна, – адзначае загадчыца, — запасы медыкаментаў пастаянна папаўняю, прывожу з раённай аптэкі. Часта выконваю спецыяльныя заказы на медыцынскія  прэпараты. У мае абавязкі ўваходзіць вядзенне амбулаторнага прыёму, абслугоўванне выклікаў, па ўстаноўленым графіку разам з участковым тэрапеўтам райбальніцы наведваем сталых людзей на даму. Сем’і сацыяльнай рызыкі — няпросты накірунак. Мы іх назіраем. Кожны месяц падаем дадзеныя нарколагу. Канешне, калі мэтанакіравана ў гэтым накірунку працаваць, хаця б адзін выпівоха ды задумаецца. І гэта ўжо эфект. Таму праводжу сярод насельніцтва розныя тлумачальныя, прафілактычныя гутаркі.

Калі казаць пра захворванні, то цяпер сярод сельскага насельніцтва пераважае гіпертанія, чаго раней не заўважалася, на першае месца выходзяць сардэчна-сасудзістыя захворванні, прычым нават у маладых… 

Кожнае захворванне яшчэ залежыць і ад перыяду часу. Летам вяскоўцы часцей звяртаюцца са скаргамі на павышаны ціск, бываюць выпадкі харчовых атручванняў, рознага роду траўмы. У восеньскі і зімовы перыяды часта здараюцца вірусныя інфекцыі. Калі людзям атрымліваецца дапамагчы, а потым яны сустракаюць мяне і дзякуюць — гэта самая вялікая радасць для фельчара. Таму мы павінны быць універсаламі ў сваёй справе і мудрымі суразмоўцамі, — працягвае гутарку загадчыца. – бывае, пакуль праводзіш агляд, многія мае пацыенты — асабліва сталага ўзросту — дзеляцца сваімі жыццёвымі перажываннямі, іншы раз звяртаюцца за парадай. Тады міжволі ўжываешся ў ролю псіхолага, аказваеш маральную падтрымку людзям.

За час сваёй работы на Любішынскім ФАПе ў Марыны Аляксандраўны пакуль цяжкіх экстраных выпадкаў не было. Ды і калі ўзнікаюць складанасці іншы раз, на дапамогу прыходзяць спецыялісты раённай бальніцы. Балазе, Любішына блізка знаходзіцца да райцэнтра, ды і транспарт асабісты ёсць у многіх вяскоўцаў.

Калі заканчваецца рабочы дзень,  малады фельчар спяшаецца за рулем сваей машыны дамоў у Чэрвень, дзе яе чакае сям’я, маленькі сын, якім яна прысвячае ўвесь вольны час.

За добрыя паказчыкі ў рабоце Марына Аляксандраўна Касцевіч рашэннем Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта прызнана лепшай па прафесіі. Яе фотаздымак змешчаны на раённай Дошцы гонару.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *