Здарылася гэта ўчора напрыканцы рабочага дня. Сава сядзела ў калідоры будынка на лесвічнай пляцоўцы.
Супрацоўнік музея Ірына Вабішчэвіч патэлефанавала ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яе начальнік Валянцін Пузанкоў звазіў птушку да спецыялістаў ветслужбы.
– Выявілася, што гэта малое савянё, якое, верагодна, вывалілася з гнязда. Птушка абсалютна здаровая, проста яшчэ не ўмее лётаць, – распавёў ён. – У грамадскім аб’яднанні “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, куды я звярнуўся па кансультацыю, параілі па вечарах прывозіць савянё на месца, дзе яго бачылі раней – у сквер на плошчы Свабоды. Магчыма, такім чынам яго знойдуць дарослыя совы. А калі не, то давядзецца чакаць, пакуль птушка сама стане на крыло… Зараз яна знаходзіцца пад маёй апекай.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота з акаўнта Ірыны Вабішчэвіч “УКантакце”