Твой гонар, Чэрвеншчына: двойчы ардэнаносец Мікалай Пятровіч Холад

Люди и судьбы

 У працоўнай кніжцы ветэрана працы з вёскі Дыя Мікалая Пятровіча Холада ўсяго два запісы аб прыёме на работу: “Чэрвеньскае аддзяленне “Белсельгастэхнікі”, шафёр»  і “калгас імя Свярдлова, прыняты ў члены калгаса і на работу шафёрам”. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Мікалай Пятровіч працягваў працаваць. Апошнюю Ганаровую грамату ад гаспадаркі атрымаў у 2008 годзе.

42 гады адшчыраваў на адным месцы. Прычым, увесь час быў у перадавіках. Неаднаразова выходзіў ударнікам пяцігодкі, пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, аб гэтым ёсць пасведчанні. Мае нагрудны знак “Лепшы механізатар”, узнагароджваўся Ганаровымі граматамі райкама партыі і райвыканкама, райкама камсамола за высокія паказчыкі ў рабоце. Амаль штогод выходзіў пераможцам на ўборцы ўраджаю, мае шматлікія Дыпломы і Удзячныя лісты ад кіраўніцтва раёна і гаспадаркі. Двойчы быў удастоен высокіх дзяржаўных узнагарод  — ордэнаў Працоўнай Славы ІІІ  і ІІ ступеняў.  Ёсць у яго медалі “За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В.И.Ленина” і  “20 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1954 г.г.”

Шафёрскую прафесію набыў Мікалай Пятровіч у войску – служыў за мяжой, у Германіі. Атрымаў званне старшага сержанта, быў камандзірам аўтамабільнага аддзялення. Да службы скончыў сем класаў, а потым —  завочна сярэднюю школу.

Адказанага і дысцыплінаванага чалавека выбіралі дэпутатам Чэрвеньскага раённага і Вайнілаўскага сальскага Саветаў дэпутатаў. У 1996 годзе Мікалай Пятровіч быў удзельнікам першага Усебеларускага народнага сходу.

Жыццё з маленства не песціла Мікалая Пятровіча – нарадзіўся, яшчэ ў акупацыі. Бацьку свайго амаль не памятае. Той загінуў пры вызваленні Польшчы. Там і пахаваны. Як рэліквію захоўваюць у сям’і пахавальную: амаль стлелы лісток тонкай пажаўцелай паперы…

Маці спрабавала ў пяцідзесятыя гады стварыць сямью зноў, яшчэ раз выйшла замуж. Але адносіны не склаліся, затое ў Мікалая Пятровіча ёсць сястра.

Сваё адзінае каханне – жонку Валянціну Антонаўну сустрэў у Вайнілава. Пасля заканчэння Навапольскага тэхнікума яна прыехала сюды па размеркаванню працаваць бухгалтарам. Заляцаўся сціпла, прыгожа. Ну як было адмовіць такому хлопцу – прыгожаму, статнаму, ды яшчэ – добраму працаўніку? 52 гады яны разам.  Нарадзілася ў сям’і трое дзяцей: сын і дзве дачкі. Толькі вось жыццё не бывае ўвесь час шчаслівым. Рана пайшоў з жыцця іх першанец Сяргей, у 39 гадоў хвароба забрала маладога хлопца. Засталіся нявестка і двое ўнукаў – хлопчык і дзяўчынка. А ўсяго ў Холадаў унукаў – шасцёра, есць і маленькая праўнучка. Дзве дачкі і ўнукі – часта наведваюць бацькоў, дапамагаюць па гаспадарцы.

А бацькі працягваюць яе трымаць. І хаця апошнімі на вёсцы адмовіліся ад каровы, а бывала – трымалі і па дзве, усё роўна набылі парася, ёсць куры, кот і сабака.

Прыгожы добраўпарадкаваны падворак таксама патрабуе ўвагі. Шматлікія кветкі, пладовыя дрэвы, усё патанае ў зеляніне. Нават ёсць у дбайнага гаспадара фантанчык, ля якога сядзіць сімпатычная жабка. Шашлык можна сасмажыць у мангале, стылізаваным пад “рускую печ”.  Пад яблыняй – стол, дзе з задавальненнем на свежым паветры сям’я п’е чай…

— Зараз які ў нас занятак? – гаворыць Валянціна Антонаўна, — ціск памераць, лекі прыняць, “Раённы веснік” прачытаць… Дарэчы, маці прыахвоціла гаспадара чытаць раённую газету яшчэ ў дзяцінстве, калі яна называлася “Калектывіст”.

Днямі Мікалай Пятровіч адзначыў 75-годдзе з дня нараджэння. Канешне, на юбілей Мікалая Пятровіча сабраліся родныя. Былі і віншаванні, і словы ўдзячнасці добраму бацьку за выхаванне, увагу і клопат…

Калектыў рэдакцыі таксама віншуе Вас, шаноўны Мікалай Пятровіч, з асабістым святам і зычыць моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту на доўгія гады.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 

 

 



1 комментарий по теме “Твой гонар, Чэрвеншчына: двойчы ардэнаносец Мікалай Пятровіч Холад

  1. Очень гордимся любимым дедушкой! Самый лучший!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *