На Чэрвеньшчыне набірае моц касавіца. Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу ўчарашняга дня, травы першага ўкосу скошаны ў гаспадарках на 3000 гектарах, што складае 21 працэнт ад неабходнага. З іх нарыхтавана 9197 тон сенажу (7 працэнтаў ад плана).
Па аб’ёмах корманарыхтоўкі наперадзе – эксперыментальная база “Натальеўск”, дзе ўжо назапасілі больш за 3,5 тысячы тон сенажу. Пры даволі высокіх тэмпах работ тут вялікую ўвагу надаюць якасці закладкі кармоў.

– На касьбе траў задзейнічаем дзве дзевяцімятровыя касілкі, якія працуюць у дзве змены, з пяці гадзін раніцы да дзесяці вечара, – распавядае аграном па кормавытворчасці гаспадаркі Марына Кудланс. – За светлавы дзень яны накошваюць па 90-100 гектараў. Скошаныя травы правяльваюцца прыкладна двое сутак да аптымальнай для закладкі сенажу вільготнасці – 55-60 працэнтаў. Падбор зялёнай масы з абавязковым дабаўленнем у яе кансерванту забяспечваюць тры кормаўборачныя камбайны. Гэта дае магчымасць штодня нарыхтоўваць 600-700 тон сенажу і, такім чынам, “закрываць” траншэю ў вызначаныя тэхналогіяй тэрміны – 3-4 дні. Трамбоўку масы вядзём кругласутачна: два трактары працуюць днём, адзін – ноччу…

Зараз у “Натальеўску” ўбіраюць люцэрну. Гэтая багатая на пратэін культура займае амаль сорак працэнтаў кармавых палеткаў гаспадаркі. Шчодра падкормленая калійнымі і азотнымі ўгнаеннямі, яна сёлета радуе добрым ураджаем.
– Каб атрымаць высакаякасны сянаж, люцэрну пры закладцы ў траншэю змешваем са злакавымі травамі, – кажа Марына Кудланс. – Гэтым самым мы павялічваем у зялёнай масе долю цукру, які неабходны для ферментацыі бактэрый…

Пры нарыхтоўцы кармоў у гаспадарцы клапоцяцца і пра эканомію матэрыяльных рэсурсаў. У прыватнасці, на адвозцы зялёнай масы тут задзейнічаюць два новыя шматфункцыянальныя паўпрычэпы “ПМФ-18”. За адзін рэйс такая тэхніка дастаўляе ў траншэю ў сярэднім 15 тон травы – амаль у два з паловай разы больш, чым “МАЗ”.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара